«За такія дакументы людзей вывозілі як ворагаў народа». Незвычайная знаходка гродзенца ў старым доме

Гродзенец Сяргей Копылаў падчас рамонту свайго дома ў раёне вуліцы Камунальнай знайшоў у столі схаваныя дакументы, якія належалі сям'і польскага афіцэра. Калі і чаму гродзенцы вымушаныя былі іх схаваць?

Сям’я Сяргея жыве ў доме на Камунальнай з канца 1940-х гадоў. Сур’ёзны рамонт яны запланавалі яшчэ у 2018 годзе і зараз Сяргей да яго паступова прыступае.

«Я ведаў, што дом стары, заўсёды хацелася яго вывучыць, знайсці што-небудзь цікавае, — распавядае Сяргей. — Яшчэ ў дзяцінстве мне распавядалі, што ў нашым доме да вайны жыла сям’я польскага афіцэра. Але як яго звалі і што з ім стала, я не ведаў. І вось, калі рамантаваў дах, нечакана знайшоў дакументы міжваеннага перыяду на мужчыну і жанчыну па прозвішчы Глэмбоцкія».

Сяргей паказвае месца, дзе выявіў дакументы
Знаходкамі аказалася пасведчанне аб заканчэнні падафіцэрскай школы ў Гродне на імя Зянона Глэмбоцкага (1899 года нараджэння). Ён скончыў яе ў 1927 годзе. І дакумент Марыі Глэмбоцкай аб заканчэнні курсаў жонак афіцэраў за 1938 год.

«Мне здаецца, гэтыя дакументы маглі быць схаваныя ўладальнікамі ў 1939 годзе, калі ў Гродна ўвайшла савецкая ўлада. Ці ўжо пасля вызвалення ў 1944 годзе. Хавалі яны іх па зразумелых прычынах», — дадаў Сяргей.

Знойдзеныя дакументы

Падобныя дакументы гродзенцы неслі ў консульства, каб атрымаць Карту паляка

З прыходам у Гродна савецкай улады ў 1939 годзе ў горадзе пачаліся масавыя арышты прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, афіцэраў і іх сем’яў. Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут адзначае, што менавіта таму многія гродзенцы вымушаныя былі хаваць свае дакументы.

«У перыяд 1939−41 і пасля 1944 года такія дакументы былі падставай для рэпрэсій, — распавядае Пачобут. — Калі іх знаходзілі, то яны паказвалі на прыналежнасць або роднасныя сувязі з афіцэрамі войска польскага. Гэта былі дыскрэдытуючыя для савецкай улады фактары. Сам факт прыналежнасці да сям'і афіцэра прыцягваў увагу НКВД і ў большасці выпадкаў людзей проста вывозілі, як ворагаў ці як членаў сям'і ворагаў савецкага народа.

Менавіта таму людзі вымушаныя былі хаваць такія паперы. Падобныя дакументы гродзенцы сталі паказваць і прыносіць у польскае консульства, калі хацелі атрымаць Карту паляка. Адзін час у консульстве нават працавала выстава з польскімі дакументамі з архіваў гродзенцаў".

Дакументы знойдзеныя на вуліцы Камунальнай

Рамонт дома працягнецца

У будучыні Сяргей плануе захаваць дакументы і паспрабаваць адшукаць сваякоў сям'і Глэмбоцкіх, а таксама даведацца пра лёс уладальнікаў дакументаў.

«Паспрабуем знайсці сваякоў. Не выключана, што яшчэ якія-небудзь знаходкі будуць падчас рамонту дома. Дарэчы, нядаўна былі знойдзеныя яшчэ і пячаткі польскага часу», — сказаў Сяргей.

Што яшчэ знаходзяць у дамах у гродзенцаў?

Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч адзначае, што падобныя дакументы ў Гродне знаходзяць не часта, але ўсё-ткі знаходзяць. І часам нясуць у музей.

«Апроч дакументаў, знаходзяць і розныя рэчы. Часцей за ўсё хавалі тыя дакументы або рэчы, якія маглі скампрамітаваць уласнікаў перад новай уладай. Ці людзі выязджалі ў нейкіх трагічных абставінах і не ведалі, ці вернуцца наогул. Як прыклад — архіў Ісаака Капіцы з вуліцы Вялікая Траецкая, які загінуў у Аўшвіцы (знаходкі цяпер захоўваюцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі). Таксама магу ўспомніць знаходкі розных старых дакументаў і прадметаў на вуліцах Дзяржынскага і Парахавой», — распавёў Вашкевіч.

Варта ўзгадаць і пра «залатыя знаходкі» на тэрыторыі гродзенскіх гета, а таксама аб картах Лапіных.




Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025