Гродзенец Сяргей Копылаў падчас рамонту свайго дома ў раёне вуліцы Камунальнай знайшоў у столі схаваныя дакументы, якія належалі сям'і польскага афіцэра. Калі і чаму гродзенцы вымушаныя былі іх схаваць?
Сям’я Сяргея жыве ў доме на Камунальнай з канца 1940-х гадоў. Сур’ёзны рамонт яны запланавалі яшчэ у 2018 годзе і зараз Сяргей да яго паступова прыступае.
«Я ведаў, што дом стары, заўсёды хацелася яго вывучыць, знайсці што-небудзь цікавае, — распавядае Сяргей. — Яшчэ ў дзяцінстве мне распавядалі, што ў нашым доме да вайны жыла сям’я польскага афіцэра. Але як яго звалі і што з ім стала, я не ведаў. І вось, калі рамантаваў дах, нечакана знайшоў дакументы міжваеннага перыяду на мужчыну і жанчыну па прозвішчы Глэмбоцкія».Знаходкамі аказалася пасведчанне аб заканчэнні падафіцэрскай школы ў Гродне на імя Зянона Глэмбоцкага (1899 года нараджэння). Ён скончыў яе ў 1927 годзе. І дакумент Марыі Глэмбоцкай аб заканчэнні курсаў жонак афіцэраў за 1938 год.
«Мне здаецца, гэтыя дакументы маглі быць схаваныя ўладальнікамі ў 1939 годзе, калі ў Гродна ўвайшла савецкая ўлада. Ці ўжо пасля вызвалення ў 1944 годзе. Хавалі яны іх па зразумелых прычынах», — дадаў Сяргей.
Падобныя дакументы гродзенцы неслі ў консульства, каб атрымаць Карту паляка
З прыходам у Гродна савецкай улады ў 1939 годзе ў горадзе пачаліся масавыя арышты прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, афіцэраў і іх сем’яў. Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут адзначае, што менавіта таму многія гродзенцы вымушаныя былі хаваць свае дакументы.
«У перыяд 1939−41 і пасля 1944 года такія дакументы былі падставай для рэпрэсій, — распавядае Пачобут. — Калі іх знаходзілі, то яны паказвалі на прыналежнасць або роднасныя сувязі з афіцэрамі войска польскага. Гэта былі дыскрэдытуючыя для савецкай улады фактары. Сам факт прыналежнасці да сям'і афіцэра прыцягваў увагу НКВД і ў большасці выпадкаў людзей проста вывозілі, як ворагаў ці як членаў сям'і ворагаў савецкага народа.
Менавіта таму людзі вымушаныя былі хаваць такія паперы. Падобныя дакументы гродзенцы сталі паказваць і прыносіць у польскае консульства, калі хацелі атрымаць Карту паляка. Адзін час у консульстве нават працавала выстава з польскімі дакументамі з архіваў гродзенцаў".
Рамонт дома працягнецца
У будучыні Сяргей плануе захаваць дакументы і паспрабаваць адшукаць сваякоў сям'і Глэмбоцкіх, а таксама даведацца пра лёс уладальнікаў дакументаў.
«Паспрабуем знайсці сваякоў. Не выключана, што яшчэ якія-небудзь знаходкі будуць падчас рамонту дома. Дарэчы, нядаўна былі знойдзеныя яшчэ і пячаткі польскага часу», — сказаў Сяргей.
Што яшчэ знаходзяць у дамах у гродзенцаў?
Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч адзначае, што падобныя дакументы ў Гродне знаходзяць не часта, але ўсё-ткі знаходзяць. І часам нясуць у музей.
«Апроч дакументаў, знаходзяць і розныя рэчы. Часцей за ўсё хавалі тыя дакументы або рэчы, якія маглі скампрамітаваць уласнікаў перад новай уладай. Ці людзі выязджалі ў нейкіх трагічных абставінах і не ведалі, ці вернуцца наогул. Як прыклад — архіў Ісаака Капіцы з вуліцы Вялікая Траецкая, які загінуў у Аўшвіцы (знаходкі цяпер захоўваюцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі). Таксама магу ўспомніць знаходкі розных старых дакументаў і прадметаў на вуліцах Дзяржынскага і Парахавой», — распавёў Вашкевіч.
Варта ўзгадаць і пра «залатыя знаходкі» на тэрыторыі гродзенскіх гета, а таксама аб картах Лапіных.