У многіх гродзенскіх сем’ях захаваліся ўспаміны пра сваякоў, якія сто і болей гадоў таму з’ехалі ў Амерыку. Часцей за ўсё тое былі маладзейшыя браты і сёстры нашых прабабуляў і прадзядуляў, якім у перанаселенай беларускай вёсцы ў спадчыну зусім не засталося зямлі і трэба было шукаць нейкі іншы шлях, чым лёс земляроба.
Большасць ехала за акіян каб назбіраць грошай і вярнуца. І многія сапраўды вярталіся. Шчымлівую гісторыю расказваў пра свайго дзеда беларускі паэт Леанід Пранчак. Той назбіраў грошай у Амерыцы і выслаў іх, каб яго нарачоная, што жыла ў Беларусі, купіла сабе білет і ехала да будучага мужа ў штаты. Але бацькі паставілі ўмову — дзяўчыну адпусцім у Амерыку толькі з мужам. Хлопец прыехаў, справілі вяселле, а праз некалькі дзён пачалася Першая сусветная вайна… Войны і рэвалюцыі ўжо не далі ніякай магчымасці паехаць з Беларусі, а ў памяць пра дзеда Леанід Пранчак напісаў добра вядомую песню.
www.youtube.com/watch?v=NCM8V0sd3Rk
Такіх гісторый можна расказаць сотні. Напрыклад на сайце https://familysearch.org/search/record/results?count=75&query=+residence_place%3Agrodno па пашуковаму запыту GRODNO выдаюцца запісы пра 12 тысяч чалавек, якія прыехалі ў ЗША паміж 1892 і 1924 гадамі. І гэта толькі з аднаго горада і толькі ў адну краіну!
Калі гаварыць пра славянскіх мігрантаў, то можаце пашукаць сваіх сваякоў на гэтым сайце, створаным амерыканскімі мармонамі. Гэта будзе няпроста, паколькі запыт на звычайнае беларускае прозвішча накшталт Міцкевіч выдае тысячы імёнаў. Гэта зразумела, паколькі толькі праз маленькі Эліс Айлэнд каля Манхэтэна прайшло за 50 першых гадоў ХХ стагоддзя каля 12 мільёнаў чалавек. Колькі з іх паходзіла з Гродзеншчыны — ніхто не ведае, але лік ідзе на многія дзясяткі тысяч людзей.
Каб выехаць, патрэбны быў дазвол
На выезд рашаліся не самыя бедныя, а тыя, хто меў пару соцен рублёў на набыццё білетаў і элементарную арганізацыю выезда. Білеты прадаваліся спецыяльнымі агенцтвамі і агентамі, якія прадстаўлялі фірмы з офісамі ў Гамбургу, Брэмене, Ротэрдаме і Амстэрдаме. У Гродне было некалькі такіх офісаў на сучасных вуліцах Савецкай і Паўлоўскага.
Не толькі Штаты
Бывалі дні, калі ў Гамбург прыбывалі па 700 чалавек, якія рыхтаваліся адплыць у Амерыку. Дзясяткі параходаў везлі тысячы людзей за акіян у няпэўную будучыню, але падарожжа ў смуродзе, без добрай вады і харчавання падавалася людзям апошняй пакутай. Так сапраўды было, толькі з тымі, хто сабраўся не ў ЗША, а ў Бразілію. І сёння ў джунглях гэтай далёкай краіны захавалася некалькі населеных пунктаў, дзе жывуць выхадцы «з Польшчы». Адна з іх носіць назву Ягода ў гонар дачкі Пілсудскага.
Менавіта з Аргенціны досыць шматлікія беларусы вярталіся ўжо ў БССР у другой палове 1950-х гг. Напрыклад, паселеным у Гродне «аргенцінцам» давалі кватэры ў новабудах па вуліцы Дарвіна, праўда, усе яны праз пару гадоў ізноў вярнуліся ў Аргенціну.
Пачаткі нацыянальнага руху
Гродзенцы далі пачатак беларускаму нацынальнаму руху ў ЗША. Адным з першых свядомых беларусаў Амерыкі быў Сцяпан Бубешка з мястэчка Лунна, які рэгулярна выпісваў «Нашу Ніву» і прапагандаваў беларушчыну пачынаючы яшчэ з 1910-х гг. Памёр ён у 1928 г. маючы 54 гады і пахаваны ў горадзе Флашынг.
Гродна пераехаў у Філадэльфію
Аднак большасць эмігрантаў не звязвала сябе з нейкай нацыальнасцю. Пісаліся або рускімі (бо з расійскай імперыі) або палякамі (бо католікі). Перапісваліся са сваімі сваякамі, пакуль жылі іх браты і сёстры, спачатку ў Польшчы, а пасля ў Савецкай Беларусі. Пасля смерці тых, хто яшчэ бачыў і чуў адзін аднаго, дваюрадныя ўжо браты і сёстры абмяняліся яшчэ некалькімі лістамі і перапіска перарывалася.