Гродзенец Юрый Лакціёнаў у сакавіку мінулага году трапіў у аварыю і атрымаў штраф, а яшчэ яго пазбавілі права кіраваць аўто на тры месяцы. Ён лічыць, што, пазбаўляючы правоў, суд не ўлічыў яго інваліднасць. Юрый хоча аднавіць справядлівасць і стварыць прэцэдэнт на будучыню.
Суд не ўлічыў абставіны?
У сакавіку 2017 года Юрыя прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за стварэнне аварыйнай сітуацыі. Юрый лічыць, што суд не ўлічыў змякчальныя абставіны: ужо 20 гадоў ён мае трэцюю групу інваліднасці па цукровым дыябеце.
Дыябет пацягнуў за сабой розныя ўскладненні, у тым ліку астэаартроз. З-за гэтага пры працяглай хадзе і знаходжанні ў становішчы стоячы ў Юрыя ўзнікаюць болі. Яго захворванні пацвярджаюцца медыцынскай даведкай і пасведчаннем аб інваліднасці. Але суд не ўлічыў іх пры разглядзе справы.Пазбаўляць правоў кіроўцы асобаў, якія карыстаюцца аўтамабілем у сувязі з інваліднасцю, кодэкс забараняе. Выключэнне — выпадкі кіравання аўтамабілем у стане алкагольнага ці псіхатропнага ап’янення. Таксама пазбавіць спецыяльнага права могуць за грубае парушэнне парадку карыстання гэтым правам. Аднак Юрый цалкам кампенсаваў шкоду пацярпелым і яны не маюць да яго прэтэнзій.
Суды: рашэнне законнае
Юрый просіць адмяніць пастанову суда Кастрычніцкага раёна ад 15 мая 2017 у частцы пазбаўлення права кіраваць аўто і спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Ён спрабаваў абскардзіць рашэнне ў Абласным і Вярхоўным судах, але яны пакінулі рашэнне без змен. Суды ў адказах сцвярджаюць, што адсутнасць правоў не пазбаўляе Юрыя магчымасці перамяшчацца. Юрый жа лічыць, што немедыкі не маюць права вырашаць, наколькі зручна яму перасоўвацца без аўто, а спецыяльнай камісіі для яго справы не стваралі.
У студзені Юрый падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру. Там пакінулі яе без разгляду, бо выйшаў тэрмін даўніны справы — шэсць месяцаў. Зараз Юрый збіраецца падаваць скаргу ў Канстытуцыйны суд і наддзяржаўныя органы.
Аўтамабіль дазваляе весці актыўны лад жыцця
— Да 2007 года аўтамабілі з ручным кіраваннем праходзілі ў законе як тэхнічны сродак рэабілітацыі, — расказвае Сяргей Драздоўскі, кіраўнік Офіса пра правах людзей з інваліднасцю, які дапамагае Юрыю са справай. — Аўтамабілямі «Тыўрыя» і «Ака» з частковай аплатай забяспечваліся на пэўных умовах тыя, каму гэта патрэбна. У 2007 годзе быў першы рашучы перагляд і скарачэнне льготаў. Тады з закону выдалілі норму аб абавязковым забяспячэнні аўтамабілямі з ручным кіраваннем. Яна ж была выдалена з пастановы Саўміна, які нарміруе пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, якія выдаюцца бясплатна ці на льготных умовах, і з іншых нарматыўных дакументаў. А ў працэсуальным кодэксе гэта засталося.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю падтрымлівае пазіцыю Юрыя Лакціёнава, бо звычайна пры калізіі права яго павінны трактаваць на карысць чалавека. Інваліднасць Лакціёнава дазваляе яму кіраваць звычайным аўтамабілем. У гэтай сітауцыі яму даводзіцца даказваць, што для яго аўтамабіль літаральна не раскоша, а сродак перамяшчэння. Што аўтамабіль дазваляе яму хадзіць на працу і весці сацыяльна актыўны лад жыцця: хадзіць у краму, тэатры, кіно.
Стварыць прэцэнт для тых, каму гэта неабходна
У планах Драздоўскага звярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Гэты орган разглядае, наколькі заканадаўчыя акты адпавядаюць Канстытуцыі. Справа можа мець поспех, таму што пытанне не палітызавана, а пазітыўнае рашэнне будзе лагічным на хвалі ратыфікацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў у Беларусі. Калі Канстытуцыйны суд пакіне рашэнне без змен, Офіс звернецца ў наддзяржаўныя органы. Напрыклад, Камітэт па правах чалавека ААН. Праўда, эфектыўнасць звароту хутчэй дэкларатыўная, таму што нашыя суды рэдка звяртаюць увагу на рэкамендацыі камітэту.
На прыкладзе Юрыя Офіс хоча стварыць прэцэдэнт, на якім пакажа, што ў нашай правапрымяняльнай практыцы слаба прапісана роль аўтамабіля як тэхнічнага сродка рэабілітацыі для катэгорыі людзей, якім гэта неабходна.