Удзельнікі арганізаванай групы інсцэнавалі аварыі з дарагімі машынамі, каб пасля зарабіць на страхавых кампаніях. Суд над 24 фігурантамі пачнецца ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 11 снежня.

Следчыя высветлілі, што гродзенец цягам 2015−2016 гадоў кіраваў арганізаванай злачыннай групай. У яе ўваходзілі 24 асобы з Гродзенскай вобласці. Яны інсцэнавалі аварыі на дарозе з загадзя падрыхтаванымі машынамі.

Удзельнікі групы падбіралі дарагія машыны прадстаўнічага класа, на якія былі заключаныя дамовы комплекснага ўнутранага страхавання. Падбухторвалі кіроўцаў іншых аўтамабіляў пасля ДТЗ прызнаць, што яны вінаватыя ў аварыі.

Агульная сума шкоды — болей за 158 тысяч рублёў, паведамляе інфармацыйная служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Удзельнікаў групы абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры. Суд разгледзіць справу ў адкрытым рэжыме, інфармуе прэс-сакратар Гродзенскага абласнога суда Павал Варэйка.