Кампазітар-эксперыментатар, баяніст Ягор Забелаў упершыню за 15 гадоў музычнай кар’еры выступіў у Гродне. Канцэрт праходзіў 11 верасня ў дворыку на Кірава, 3.
Для Hrodna.life музыка распавёў, як навіны пераходзяць у музыку і чаму чатыром баяністам сям'і Забелавых лепш не выступаць разам.
«Як ён грае! Мурашкі па скуры…»
Гледачы канцэрту ў паўзах паміж кампазіцыямі дзяліліся адзін з адным: «Здаецца, не баян, а нешта такое паветранае»; «Як ён грае! Мурашкі па скуры…».
Ягор падчас ігры выглядаў так, быццам ад эмоцый у яго зараз разарвецца сэрца. Калі ён кажа пра баян, пальцы пачынаю рухацца па грудзях і неўсвядомлена націскаюць акорды. Быццам баян — гэта штосьці ўнутры.
Пасля канцэрту спецыяліст-тэхнік падышоў да Ягора і сказаў з палаючымі вачыма: «Я выкруціў гук крыху вышэй сёння. Хай пасвістывала на верхніх нотах, затое як энергія ішла! Я вырашыў, гэта важней».
Ягор Забелаў — музыка, кампазітар. Грае на баяне з 7 гадоў, піша музыку з 20. Спачатку яго і двух братоў вучыў іграць на баяне бацька. Затым Ягор скончыў музычную школу, вучылішча імя Рымскага-Корсакава ў Магілёве і Беларускую Дзяржаўную Акадэмію музыкі.
У 2002 Забелаў стаў лаўрэатам міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча.
Калі я на сцэне — гэта маё месца
«Для мяне важны момант выступу — пагружэнне ў сам гук, яго камфортнасць для мяне. Часам бывае, нейкая дробязь не ў парадку, яна як камар над вухам гудзе, і ты ўвесь час рыпаешся. Вось сёння, напрыклад, было шыкоўна. Не было ніякіх нават дробных дэталяў, якія б адцягвалі. Таму граць было вельмі камфортна.
Я вельмі люблю сцэну. Я магу цяпер выглядаць трошкі хлопчыкам такім збянтэжаным, але калі я на сцэне — гэта маё месца, мая гара. Я адчуваю сябе добра. Я адчуваю сябе вельмі ўпэўнена на сцэне".
«У сям'і былі трохі ў шоку»
Пісаць музыку Ягор пачаў у студэнцтве. Да гэтага здавалася, што «кампазітар — гэта ўнікальны чалавек, геній, народжаны выключна для стварэння сімфоній», — успамінае Ягор.
У сваю першую санату ён уключыў некалькі цытат з песень групы Prodigy. Твор атрымаў галоўную прэмію на конкурсе ў вучылішчы. Так з’явіўся кампазітар Ягор Забелаў, які стварае «музыку эмоцый».
Ягор Забелаў граў у складзе груп Gurzuf, «Серебряная свадьба» і «Ягор Забелаў Трыа». Гастраляваў у Украіне, Польшчы, Расіі, Францыі, Партугаліі, Германіі, Славеніі. Ствараў музыку для спектакляў беларускага рэжысёра Аляксея Леляўскага. У агучцы Забелава выйшла фестывальная версія нямога фільма «Голем: як ён прыйшоў у свет» (1920).
«У сям'і былі трохі ў шоку спачатку. Таму што я першы пачаў спрабаваць нешта сваё пісаць. Потым малодшы брат стаў складаць музыку. Бацька складаў - для аркестра, для дзяцей у музычнай школе. Але ўсё неяк з мяне пачалося».
У Забелавых баяністы бацька і тры сыны. «Мне часта кажуць: „О, так у вас можа быць трыа, ці нават квартэт сямейны!“, — распавядае Ягор і дадае: — Мне здаецца, гэтага не будзе. Гэта занадта індывідуальны свет. У музычным плане мы даволі далёкія адзін ад аднаго. У нас розныя густы. Розныя бачанні выканання на баяне».
«Я не магу даць гэтую [сваю] музыку граць камусьці іншаму. Яна адбываецца на іншым, больш глыбокім узроўні. Часам важныя не самі ноты».
«Запісаў і перакрочыў»
У лютым 2020 Ягор Забелаў выпусціў першы сольны альбом. Музыку запісалі за тры дні, у адной з студый Парыжа. Зводзілі гук — 3 месяцы. Прадзюсарам і гукарэжысёрам стаў украінскі музыкант, заснавальнік гуртоў «Океан Ельзи» і Esthetic Education, Юрый Хустачка.
Альбом назвалі «Niti». Па словах Забелава, гэтая музыка разлічана не толькі не рускамоўную аўдыторыю. Таму «лацінка» ў назве «Niti» будзе ўспрымацца «, хутчэй, як імя, чым як слова з уласным значэннем».
«Быццам бы толькі нядаўна выйшаў новы альбом. Матэрыял яшчэ даволі свежы, але неяк я ўжо перайшоў яго. Хацелася зрабіць штосьці новае. Па максімуме ляпіў з таго, што атрымлівалася ў апошні час. Са старога матэрыялу браў толькі тое, што добра клалася ў кантэксце новага», — кажа Ягор пра канцэрт у Гродне.
«Niti» гістарычных падзей: «Немагчыма не рэагаваць»
Музыка для альбома «Niti», па словах Ягора Забелава, перапрацоўвалася і рыхтавалася да запісу пад уражаннем ад кніг афганскага пісьменніка Халеда Хасейні. Асноўная тэма яго гісторый і музыкі альбома — перажыванне і трагедыя асобнага чалавека, непрыкметныя на фоне гістарычных падзей.
«Я не ведаю, каго гэта натхняе. Мяне тое, што адбываецца цяпер, не натхняе, яно мяне прыгнятае. У маім сольным альбоме шмат сур’ёзнай драмы, вельмі блізкай мне. І пасля яго напісання, пасля рэлізу, я якраз хацеў сысці ад усёй гэтай драмы, ад відавочнай эмацыйнасці. Хацеў сысці крыху «у палі, у лясы», мяне ў мінімал пацягнула, пачаў цікавіцца электроннай музыкай. І я ішоў у гэтым напрамку, імкнуўся, але — немагчыма прайсці міма ўсяго, што адбываецца.
Я тут, маё цела рэагуе на гэта ўсё. Немагчыма не рэагаваць. Тое, што адбываецца вакол, уплывае на мяне, і яно ёсць унутры таго, што я раблю. Няма нейкіх прамых адсылак, але, мне здаецца, мая музыка ўсё роўна ў нейкай меры з’яўляецца адлюстраваннем таго, што адбываецца"
Той, хто гатовы слухаць
На канцэрце ў Гродне былі розныя гледачы — і сем'і з дзецьмі і кампаніі маладых людзей, і людзі старэйшага ўзросту. Ягор кажа, што ён дзеліцца з гледачом энергіяй, якой яму самому занадта шмат.
«Я хацеў бы, каб маю музыку слухалі. Гэта адзін з момантаў, чаму менавіта гэтае месца было абрана. Нам здавалася, што сюды прыйдуць менавіта тыя людзі, якія будуць уважліва слухаць гэтую музыку. Я не люблю граць у месцах, дзе хтосьці паралельна піва п’е. Мабыць, маё ідэальнае месца — канцэртная зала. І людзі, якія могуць прыйсці ў канцэртную залу. Вось гэта мой глядач, я думаю. Што тычыцца ўзросту, розныя людзі прыходзяць. Сёння была добрая зала»
Што далей? Не хачу казаць. Хачу проста ўсіх абняць
«Мне не падабаецца тое, што цяпер адбываецца вакол, і я спадзяюся, што мы зможам гэта перамагчы. Яшчэ і пандэмія мяне моцна закранае, як і любога музыканта. Лакальная сцэна ў нас не вельмі развіта. Я бачу як, напрыклад, у Германіі, у той жа Эстоніі - жыццё працягваецца, музыкі граюць опэн-эйры. У нас такога пакуль няма. Таму мне цяпер даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя варыянты заробку. Гэта значыць, сітуацыя зараз даволі складаная. Спадзяюся, разруліцца. Што яшчэ хачу сказаць? Не хачу казаць. Хачу проста ўсіх абняць».