Гродзенскі танцор Яўген Якуш вярнуўся дадому пасля чатырох месяцаў гастроляў у Сінгапуры. За гэты час яму і яго камандзе давялося выступаць на круізных лайнерах, а таксама быць часткай калектыву вядомай кубінскай танцоркі Edglis.

«Мне ўпершыню ўдалося адправіцца на гастролі ў Сінгапур. Паехаў разам са сваёй камандай яшчэ ў пачатку лета, а ў сярэдзіне восені толькі вярнуліся. Выступалі на вялікіх круізных лайнерах. Таксама за час тура атрымалася пабываць у Інданезіі і Малайзіі. Вельмі ўразілі мяне гэтыя месцы сваёй прыгажосцю, ды і надвор’е ўвесь час было добрае. Менавіта за гэта я люблю сваю прафесію: яна дазваляе свет паглядзець і сябе паказаць».

"Выціснулі цалкам, але гэта таго варта". Яўген Якуш вярнуўся ў Гродна пасля гастроляў у Сінгапуры

За час гастроляў камандзе Яўгена Якуша даводзілася выступаць з кубінскай салісткай тэатра «Тропiкана» Edglis, якая яшчэ нядаўна працавала са спеваком Энрыке Іглесіясам.

«У нас было Мадэрн Кабарэ шоў новага пакалення. Для мяне гэта быў вялікі вопыт: пастаянныя трэніроўкі, давалі па два канцэрты ў дзень. Гэта рабіла нас мацнейшымі, мы працавалі з найдасведчанейшымі танцорамі. Калі працуеш з такімі людзьмі, хочацца быць з імі на адным узроўні, хочацца максімум з іх узяць. Узровень Edglis вельмі высокі. Сумленна скажу, я ніколі не танцаваў з такімі артыстамі - асабіста мяне яна „выціснула“ цалкам, але гэта таго варта».

Пасля чатырох месяцаў гастроляў каманда Яўгена вярнулася ў Беларусь: танцораў чакалі ў Гродне сем'і.

«Мы спадабаліся ўсім і з намі хацелі далей гастраляваць, але трэба было вяртацца дадому. У маіх дзяўчат ёсць сем'і, якія і так іх доўга не бачылі. Мой склад вельмі мне адданы, у мяне ніколі не ўзнікае з імі складанасцяў і гэта вельмі добра. Магчыма, ужо ў пачатку новага года, мы адправімся на чарговыя гастролі».

Якуш

Але пакуль Яўген у Беларусі, ён рыхтуе сур’ёзнае шоу ў сталіцы, а ў родным Гродне набірае групу для трэніровак, а таксама дапамагае маме.

«Мы нядаўна прыехалі, але ўжо выступілі ў драмтэатры і атрымалі прыемныя водгукі ад кіраўнікоў культуры. Таксама я буду выкладаць урокі танцаў у Гродне і, вядома, ужо дапамагаю маме з яе дзіцячымі ансамблямі. Уласна там я і пачынаў сваю кар’еру танцора.

Наш горад вельмі творчы, тут шмат таленавітых танцораў і яркіх асоб. Я шмат дзе быў і бачу, што наша гарадская культура цяпер развіваецца ў правільным кірунку. Можа, недзе фінансаў не хапае, але гэта ўсё прыходзіць і ўсяму свой час. Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым і рэкламаваць сябе. Без гэтага артысту не выйсці на сур’ёзны ўзровень".