Аляксандр Журо: Займаюся дудой, каб “цаглінка”, што выпала з гісторыі, была запоўненая

Дудар Аляксандр Журо

Гарадзенец Аляксандр Журо мае вышэйшую архітэктарскую адукацыю, але жыццё прысвяціў музыцы. Яго пасіяй стаў архаічны інструмент – дуда. Граннем на ёй музыка пацешыў аматараў аўтэнтычнага гучання, сабраных 15 кастрычніка ў краме “Лёля”. Hrodna.life паразмаўляў з Аляксандрам пра дуду і дударства ў Беларусі.

Многія асацыююць Беларусь і музыку хутчэй праз цымбалы ці скрыпку. Калі кажуць аб гэтым інструменце, я ўяўляю больш Шатландыю ці балканскія краіны. Як так сталася, што дуду ў Беларусі забылі?

На тэрыторыі Беларусі ўжыванне дуды зафіксавана на поўначы – пераважна на Віцебшчыне. Гродзеншчына ў ХІХ ст. была намнога больш мадэрнізаваная, і такія архаізмы, якім лічылася і дуда для нашага рэгіёна, этнографы ўжо не зафіксавалі.

Наогул мяжа XIX-XX ст. зрабіла рэвалюцыю ва ўсіх праявах традыцыйнай культуры: старажытныя ўбранні саступалі больш папулярнай і “багатай” вопратцы, якую прадстаўляла прамысловасць, адыходзілі нейкія прылады працы.

Тое ж здарылася і з музычнымі інструментамі – жалейка і дуда саступілі месца скрыпкам і гармоніцы. Прагрэс не стаяў у музыцы – майстэрства і ў народзе станавілася больш складаным, шырокім у дыяпазонах. Дуда не магла задавольваць узрастаючыя меламанскія патрэбы.

Дудар Аляксандр Журо

Этнографы сто гадоў таму назіралі заняпад дударста – інструмент меў выключна абрадавыя функцыі. А ў сярэдзіне ХХ ст. адыйшлі апошнія аўтэнтычныя дудары ў Беларусі, ды і гралі яны толькі ў сваёй маладосці – фактычна, дуду перасталі ўжываць недзе перад апошняй вайной. Зараз рэканструктары аднаўляюць гучанне аўтэнтычнай літоўска-беларускай дуды.

Дзе навучыцца гранню на дудзе?

Ніякая музычная навучальная ўстанова ў Гродне не дае такой адукацыі. Толькі ва ўласна музыкаў, якія самыя практыкуюць дуду.

[irp posts=”396" name=”Практычнасць і эстэтычнасць. У Гродне адкрылася новая этнакрама "Лёля””]

Як і дзе прыдбаць дуду ў Беларусі?

Арганізаванай вытворчасці гэтага інструмента ў Беларусі няма, але можна замовіць у адмысловых майстроў – у Мінску пераважна. Сам люблю больш граць на дудзе, але пры патрэбе і я магу змайстраваць. Вось інструмент, на якім сёння граў – зрабіў уласнымі рукамі.

Дудар Аляксандр Журо

Колькі будзе каштаваць інструмент?

Думаю, каля 500 долараў. Дарэчы, многія ўдасканальваюць рознымі прыбабахамі – разьбой, бронзавымі ўпрыгожаннямі і г.д. Я ж раблю стаўку на давядзенне будучага інструмента да максімальна лепшага гучання, больш прыдатнага функыянальнага карыстання.

Дудар Аляксандр Журо

Ці можна зарабіць на такой традыцыйнай і архаічнай музыцы з дудой?

Хутчэй, у вялікіх гарадах: Мінску, Маскве, Піцеры – там, дзе больш цаніцеляў аўтэнтычнай дуды. І тое, гэта часцей у пары з іншым дударом – музыка атрымліваецца больш багатай у гучанні і разнастайнай.

Больш-менш нармальна атрымліваецца падзарабіць на вяселлях. Але часцей хоць нейкія грошы можна падзбіраць граючы на фестывалях ды проста як вулічны музыка.

Дудар Аляксандр Журо

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: