У гродзенскіх Пышках 20 чэрвеня ўспыхнуў узброены канфлікт паміж Паўночным і Паўднёвым Аталкордам. Аўтаматныя чэргі ірвалі лясную цішу. Санітары бінтавалі параненых. Бежанцы прарываліся праз зону баявых дзеянняў. Ваенізаванай лазертаг-гульнёй Чырвоны Крыж адзначыў Міжнародны дзень бежанца. Вайскоўцамі, валанцёрамі і ўцекачамі на некалькі гадзін сталі жыхары горада.
«Вакол - баявыя дзеянні. Ваюе падзеленая краіна — Паўночны і Паўднёвы Аталкорд. Трымайце пашпарты. Вам трэба дабрацца да бяспечнага месца, дзе вас прымуць. Калі не прымаюць — бяжыце далей», — такія інструкцыі даў уцекачам рэгіянальны каардынатар з Чырвонага Крыжа Валер Краеўскі.
Пытанняў у бежанцаў застаецца шмат. Адказы на іх, як і логіку канфлікту, шукаць няма часу. Не можаш біць — бяжы. На вайне, як на вайне — іншага не дадзена. Адзіная гульнявая палёгка — няма «забітых». Усіх пацярпелых абавязкова ўратуюць.
«Лёха, я паранены, трымайся сам!»
«Яны бягуць, але іх нельга пускаць на нашу тэрыторыю. Тут лінія фронту, гэта мяжа» — тлумачыць адзін з салдатаў Паўночнага Аталкорду сваё разуменне задачы. І кінуўшы беглы позірк у мой бок дадае: «Прыкрыйся, насупраць вораг. На 11 гадзін — снайпер».
Што салдат не памыляўся, робіцца ясна праз пару хвілін. Пасля чарговай спробы выглянуць з-за вугла абруч на яго галаве успыхвае чырвоным святлом. «Паразіт», — цэдзіць скрозь зубы вайсковец. «Лёха, я паранены! Трымайся сам» і сыходзіць услед за санітарам.
Хвіліну цішы ловяць бежанцы. Двое дзяўчат перабягаюць паляну і паспяваюць схавацца за драўлянай сцяной сховішча.
— Рэгістратар № 3. У нас бежанцы. Дзве сястры. Ёсць параненыя, - трашчыць рацыя
— Прымайце!
Дзяўчаты сядзяць, прытуліўшыся спінамі да дошак.
— Чаму вы адны?
— Бацькоў згубілі. У нас там вайна, бяжым у Паўднёвы.
— А бацькі жывыя?
Бежанкі пераглядаюцца паміж сабой, паціскаюць плячыма. Пра блізкіх яны нічога не ведаюць, ды і пытацца няма ў каго.
«Ваюем за Радзіму!»
З другога боку лініі фронта сітуацыя не менш напружаная.
— Як справы, камандзір?
— Выдатна. Адбіваем атаку.
— За што ваюеце?
— За Радзіму, канечне. Паўднёўцы — захопнікі, кроў гарачая. Не сядзіцца на сваёй тэрыторыі
— А як сёння з бежанцамі?
— Эх, дарма яны сюды сунуцца. Лезуць пад кулі. Параненых шмат. Стараемся не падстраліць уцекачоў, але ўсяго не адсочыш. Тут усё хутка — хто бяжыць з іншага боку — той вораг. Спачатку страляеш, потым думаеш. Гэта рэфлекс. Інакш праціўнік стрэліць першым. А бежанцы, яны ж маскіравацца не ўмеюць. Па глупству падстаўляюцца. Хто выбег, той кулю і злавіў.
На пункце ў рэгістрацыі № 1 ізноў ажывае рацыя: «У нас паранены!». Побач хлопец у чырвонай цішотцы трымаецца рукой за галаву. Вібруюць чырвоныя лямпачкі.
— Страшна было. Шмат прышлося пабегаць. З супрацьлеглага боку стартавалі, а прынялі толькі тут. Вакол страляюць, не ведаеш, адкуль куля прыляціць.
— Навошта беглі?
— Дома вайна.
— Тут думаеце лепш будзе?
— Хто ведае…
Параненага забірае санітар. Яго ўжо чакаюць валанцёры з насілкамі, каб данесці да пункта першай дапамогі.
Белы бінт, Чырвоны Крыж
— Тут рана сцягна. Куды яго?
— Наташа, пальчаткі! Хутка!
— Як вас завуць, скажыце прозвішча?
— У нас паранены! Жывот. Сюды тэрмінова! Пакінь пакуль таго, што з рукой.
У шпітальным шатры кіпіць праца.
— Дзяўчаты, шмат людзей сёння?
— Шмат. Не ведаеш, за што ўхапіцца. Салдаты, бежанцы — бывала, трох адначасова прыносілі. Але сёння нам добра — па гульні мы дакладна ведаем, што можам уратаваць усіх.
— Вітанкі! Нарэшце і цябе паранілі! — сустракаюца ў шатры Чырвонага Крыжа байцы варожых армій, а насамрэч сябры-валанцёры з гродзенскага атрада Чырвонага Крыжа. Аднаму тым часам бінтуюць нагу, другому — плячо.
З пункта першай дапамогі ўдзельнікі зноў выпраўляюцца ў зону баявых дзеянняў. Салдаты — ваяваць, бежанцы — шукаць бяспечнага прыстанішча.
Людзі шукаюць прытулку
Пункты прыёму бежанцаў месцяцца паміж ваюючымі бакамі, пад кулямі з абодвух накірункаў.
— Людзі бягуць, шукаюць прытулку. Прымаем, каго можам. Астатніх выпраўляем назад. Відаць, што ў пэўны момант уцекачамі пачынае кіраваць пачуццё страху.
— А самім не страшна? Вы ж таксама пад кулямі.
— Хтосьці павінен ім дапамагаць, — паціскае плячыма Валянціна Гардзіеўская.
Па жыцці жанчына — фінансіст. А ў гульні разам са студэнткай музычнага каледжа Янай Якутай яны — рэгістратары і прымаюць бежанцаў.
На іх пасту ўжо чакае адпраўкі ў мірную зону сям’я Курыдзэ. Насамрэч — гэта Павел і Марына Поўныя. У Марыны — павязка на галаве. Абодва шырока ўсміхаюцца.
«Па гульні мы бежанцы, і вось нарэшце дабеглі. А па жыцці таксама сям’я. Тут мы вырашылі экстрымальна правесці адзін з дзён адпачынку. Было крута! Але калі паранілі, то ўспомніла, што дома чакаюць двое дзяцей. Не дай бог такога насамрэч», — расказвае Марына.
— Павел, а як жонку паранілі?
— Ды я не ведаю. Яна адбілася недзе, не мог яе знайсці. Шукаў па лесе, па кустах хаваўся. Каб адзін, даўно б перабег. Але ж не кінеш. Ды і па гульні Чырвоны Крыж толькі сем'і прымаў.
Не жаночае аблічча вайны
Жанчынам на вайне цяжэй, згаджаюцца і салдаты. «Я ўжо нават падказваць дзяўчатам пачаў, — прызнаецца адзін з вайскоўцаў. — Бяжыце, кажу, налева, каб сонца заставалася ўвесь час за спіной. А яны — ці то не зразумелі, ці то — не паверылі. Кінуліся ў супрацьлеглы бок, наўпрост пад абстрэл».
— Як думаеш, магла б рэальна адбыцца такая сітуацыя?
-Хто ж ведае? Я ў зоне баявых дзеянняў не бываў.
«Ідзём на базу»
Гучыць фінальны сігнал. Гульня іs over. Зразумела, што нічога не зразумела ў той прыдуманай вайне. «Гэта не важна для нас. Сэнс — паказаць, што на полі бою ніхто не можа быць у бяспецы. Бяззбройныя людзі таксама патрапляюць пад кулі, хаця страляць па іх забяронена гуманітарным праваму. Мы хацелі даць гродзенцам магчымасць адчуць на сабе як гэта — быць уцекачом. Мяркуем, гульня павысіць іх лаяльнасць да людзей, што шукаюць прытулку,» — кажа Краеўскі.
Кіраўнік клуба «Лазерфорс» Павал Раманчук глядзеў на гульню з боку вачыма спрактыкаванага лазер-вайскоўца і прызнаецца — нязвыклае атрымалася відовішча. «Грамадзянскія зусім не разумелі, што яны проста правакуюць сваімі паводзінамі на стрэлы. Але ж не бывае спецыяльна падрыхтаваных бежанцаў, адкуль ім ведаць, як паводзіць сябе на вайне? Шкада было іх. І прэсу шкада. А найбольш цікава было назіраць за палявым шпіталем. Во там была сапраўдная дзвіжуха».
«Мы не высвятляем, хто вінаваты ў канфлікце, а хто мае рацыю, — тлумачыць сітуацыю Валер Краеўскі. — Чырвоны Крыж -арганізацыя нейтральная. Мы проста дапамагаем ратаваць людзям жыцці».
Зараз у Беларусі знаходзіцца 320 бежанцаў. Летась за атрыманнем прытулку звярталіся 748 замежнікаў. Афіцыйны статус бежанцаў атрымалі 5 асобаў. Часцей за астатніх звярталіся ўкраінцы, расейцы, сірыйцы і пакістанцы. Апроч асобаў з афіцыйным статусам бежанца на пачатак 2018 года зарэгістравана больш за 6000 людзей без грамадзянства. Атрымаць статус бежанца могуць тыя, хто па розных прычынах церпіць ганенні на сваёй радзіме.