Навіна пра петыцыю, што прапануе дэмантаваць помнік Леніну на аднайменнай плошчы ў Гродне, выклікаў моцны рэзананс сярод чытачоў Hrodna.life. Мы пабачылі самыя супрацьлеглыя меркаванні і прапановы: ад «пераплавіць у аленя святога Губерта» да «захаваць як сведчанне гісторыі». Гродзенцы не першыя, хто сутыкаецца з такім пытаннем. У постсавецкі час яго вырашалі для сябе цэлыя краіны. Hrodna.life зрабіў падборку самых крэатыўных варыянтаў вырашэння праблемы.
1. Украіна, Адэса: стаў Дарт Вэйдарам і раздае Wi-Fi
Замест таго, каб выкінуць Леніна на сметнік, адэсіты вырашылі надаць яму новы сэнс і новыя функцыі. У кастрычніку 2015 года пасля доўгай і працяглай рэканструкцыі Ленін ператварыўся ў героя «Зорных войнаў» Дарт Вэйдара.
Выконваў рэканструкцыю мастак Аляксандр Мілаў па просьбе жыхароў Адэсы і ў сувязі з законам аб дэкамунізацыі. Цікава, што зараз помнік выконвае не толькі эстэтычную функцыю, але і практычную. У шлем галактычнага злыдня ўмантаваны перадатчык, што раздае Wi-Fi наведвальнікам былога Ільіча.
2. Сіэтл, ЗША: зараз арт-аб'ект і калядная ялінка
Пяціметровы помнік Леніну з’явіўся ў амерыканскім Сіэтле дзякуючы аднаму з мясцовых жыхароў, Льюісу Карпентэру. Першапачаткова манумент быў зроблены для чэхаславацкага горада Папрада скульптарам Эмілем Венкавым. Пасля падзення камуністычнага рэжыму помнік дэмантавалі і адправілі на металалом. Льюіс у той час працаваў у Папрадзе выкладчыкам англійскай мовы і выпадкова ўбачыў скульптуру сярод другаснага металу. Ён выкупіў Леніна ў чэхаславацкіх уладаў па кошце металалома. Сем тон бронзы абышліся яму ў 13 тысяч долараў. Яшчэ 42 тысячы каштавала яго транспарціроўка да Амерыкі. Да 1994 года скульптура стаяла на прыватным падворку Карпентэра. Пасля яго смерці ў 1994 годзе нашчадкі пракансультаваліся з гарадскім саветам і вырашылі ўсталяваць Ільіча на муніцыпальнай тэрыторыі. Зараз Ленін размяшчаецца у раёне Фрэмонт, які лічыцца традыцыйным месцам пражывання творчай інтэлігенцыі. Праз тое статуя правадыра тут разглядаецца не столькі як класічны помнік, колькі як арт-аб'ект. Ад пачатку 2000-х мясцовы Лені працуе каляднай елкай. «Грымавалі» Ільіча і пад Джона Ленана, а падчас акцый ЛГБТ-супольнасці яго апраналі ў жаночую вопратку.
Пры гэтым не варта казаць пра нейкі здзек: пасля кожнай акцыі статую мылі і прыводзілі ў парадак, так што Уладзімір Ільіч і сёння ў добрай форме.
3. Кракаў, Польшча: пісаючы хлопчык пасталеў
Скульптура «Фантан будучыні» ў кракаўскім парку Лазьня-Нова па кампазіцыі нагадвае сусветна вядомага «пісаючага хлопчыка» з Бруселя. Незвычайны фантан-помнік выклікаў масу эмоцый як у жыхароў горада, так і ў шматлікіх турыстаў. Хтосьці ўспрыняў кампазіцыю з гумарам, іншыя расцанілі гэта як здзек з лідара Кастрычніцкай рэвалюцыі.
4. Літва, Груто парк: каб помнілі аб савецкім прыгнёце
Сабраць усе савецкія помнікі разам у агульную экспазіцыю вырашылі ў Літве і стварылі ўнікальны музей пад адкрытым небам. У двухкіламетровай экспазіцыі парку Груто разам са скульптурамі экспануюцца вартавыя вежкі і фрагменты лагераў, што нагадваюць пра Сібір. Парк займае плошчу 20 гектараў і ўтрымліввае 86 скульптурных работ 46-і аўтараў.
Меркаваннем стваральнікаў, збор савецкіх помнікаў «раскрывае негатыўны змест савецкай ідэалогіі, яе ўздзеянне на сістэму каштоўнасцяў». Эскспазіцыя дае магчымасць паказаць насельніцтву краіны, турыстам і будучым пакаленням «аголеную савецкую ідэалогію, што напрацягу многіх дзесяцігоддзoяў прыціскала і раніла дух нашага народа».
5. Украіна, Харкаў: Леніна зменіць анёл
Самага вялікага Леніна ва Украіне знёс з п’едэстала і разцягнуў па кавалках натоўп харкаўчан 28 верасня 2014 года. «Гремят молотками, камнями, ломами. Лица уже нет. Пальцев на руках — тоже. Ухо пообещали отправить в зону АТО, одному из батальонов», — пісаў на сваёй старонцы ў Facebook журналіст Слава Маўрычаў.
Летась гарадскія ўлады вызначыліся, што правадыра пралетарыята на плошчы Свабоды заменіць 86-метровая калона з анёлам на вяршыне. П’едэстал будуць упрыгожваць чатыры значныя для мясцовай гісторыі фігуры: мысляр Анахарсіс, князь Ігар, паэт і філосаф Сямён Клімоўскі і аўтар песні «Дивлюсь я на небо та й думку гадаю» Міхаіл Пятрэнка. Праўда, і да гэтай ідэі жыхары горада ставяцца неадназначна.
Агулам ад пачатку дэкамунізацыі ва Украіне дэмантавалі больш за паўтары тысячы помнікаў Леніну.
6. Індыя, Белоніі, штат Трыпура: до основанья, а затем…
Натоўп мітынгоўцаў з дапамогай бульдозера зрынуў статую Леніна, што была ўсталявана на цэнтральнай плошчы горада. Гэта адбылося 5 сакавіка 2018 года, пасля таго, як камуністычная партыя прайграла на мясцовых выбарах.
«Ленін — гэта іншаземец і ў нейкім сэнсе тэрарыст», — казаў на мітынгу прадстаўнік апазіцыйнай камуністам Народнай партыі Субраманіан Свамі. Ён прапанваў, каб камуністы забралі скінутую скульптуру сабе і пакланяліся ёй ва ўласнай штаб-кватэры.
7. Латвія, Ліепае: тры сотні званочкаў і Плошча Ружаў
У Ліепаі Леніна вырашылі пусціць на перапрацоўку. Бронзавы манумент адвезлі ў нямецкі Дармштадт і пераплавілі на пяцьсот сувенірных званочкаў. Іх прадавалі ў Германіі і Латвіі па 300 еўра за асобнік. Атрыманыя сродкі былі скіраваны на дапамогу дзецям-сіротам. Дапамагла рэалізаваць гэту ідэю баранэса фон Тызенгаўзэ. Таксама яна купіла і падаравала некалькі «ленінскіх» званочкаў у падарунак для Ліепайскай думы і музея.
У нашы дні плошчу, дзе некалі стаяў Ільіч, называюць Плошчаю Ружаў. У яе цэнтры месціцца сквер з гэтымі шляхетнымі кветкамі.