Дадаць навіну
Чацвер, 15 лістапада 2018, 19:32

У Гродне прапануюць дэмантаваць помнік Леніну

Петыцыя, што тычыцца гарадской прасторы Гродна, з’явілася на партале “Удобный город. Petitions.by”  30 красавіка. Гэтым разам нераўнадушныя грамадзяне прапануюць дэмантаваць помнік Леніну з аднайменнай гарадской плошчы. Пасля збору подпісаў петыцыю збіраюцца накіраваць у Гродзенскі гарвыканкам. 

“У сучаснай Беларусі на галоўных плошчах гарадоў не павінна быць месца помнікам В.І. Леніну”, – мяркуюць аўтары петыцыі. – Яго асоба для Беларусі цалкам і для горада ў прыватнасці не мае ніякай гістарычнай і культурнай каштоўнасці”.

Як адзначаюць аўтары петыцыі, ва ўсіх суседніх краінах, апроч Расіі, ужо прайшла дэкамунізацыя гарадской прасторы і помнікі Леніну былі дэмантаваны.

“Горад Гродна з’яўляецца бязвізавым горадам для наведвання замежнымі грамадзянамі, то многім турыстам таксама не зразумела, у чым сэнс дадзенага помніка, што знаходзіцца ў цэнтры горада і ніяк не звязаны з яго гісторыяй”.

Тым больш, што ў горадзе дастаткова мясцовых герояў і вядомых людзей, а таксама гістарычных тапонімаў.

Чытайце яшчэ:  Таямнічае жыццё Леніна ў Гродне

Дэмантаж помніка Леніну, такім чынам, будзе спрыяць пазітыўнаму іміджу горада і прыдасць гарадской прасторы больш арганічны выгляд, лічаць аўтары.

Лёс тэрыторыі плошчы і таксама пытанні яе перайменавання трэба вырашаць праз абмеркаванне з жыхарамі горада, лічаць аўтары петыцыі.

Азнаёміцца з тэкстам петыцыі можна тут.


“Удобный город”- гэта некамерцыйная вэб-платформа, дзе грамадзяне ствараюць звароты  ў дзяржаўныя органы і арганізацыі і збіраюць подпісы пад імі. Галоўныя мэты праекта – заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэнні мясцовых праблем, павысіць падсправаздачнасць мясцовых органаў улады і спрыяць развіццю адкрытага дыялогу паміж грамадзянамі і прадстаўнікамі ўлады на мясцовым узроўні.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары