Андрусь Андрушкевіч вучыцца ў Варшаве на лагіста. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі ён зараз навучаецца дыстанцыйна, таму вярнуўся ў родны Гродна. Паралельна з вучобай ён працуе над праектам «woodenberg» — малюе і расказвае пра архітэктуру Заходняй Беларусі. Пра ідэю праекта хлопец распавёў журналісту Hrodna.life.
Праект пачаўся ў канцы вясны. Цяпер хлопец намагаецца на кожных выхадных прагуляцца па малавядомых вулачках старога Гродна або выехаць у навакольныя вёскі: Путрышкі, Чашчаўляны, Ялоўшчыну, Русоту і там маляваць. Больш за ўсё Андрусю падабаецца традыцыйная драўляная забудова, якая знікае з кожным годам.
«Я нарадзіўся ў горадзе і з дзяцінства жыў на Дзевятоцы, бачыў старыя сялянскія дамы. Мне гэта вельмі падабалася, але на працягу 18 гадоў не мог зразумець, у якім кантэксце. Апошнім летам я шмат ездзіў і бачыў, размаўляў з людзьмі на Гродзеншчыне, Наваградчыне і бачыў гэтыя дамкі, якія так запалі ў душу. Яны ўсе падобныя і розныя адначасова. Шмат якія былі закінуты. Мне давялося пабачыць разбор адной такой пабудовы».
Андрусь лічыць, што гэтыя дамы павінны быць цікавосткай Беларусі, таму ён і пачаў іх маляваць.
Калі Андрусь набярэ больш матэр’ялу, ён пачне складаць уласны зборнік. Пакуль у яго 71 малюнак ці, як ён кажа, паштовак з Гародні, якія ў будучыні можна будзе набываць.
«На жаль, сёння сітуацыя не найлепшая з такімі будынкамі. Шмат ужо знесена, яшчэ палова ў спісах на знішчэнне. Такое становішча мяне вельмі клапоціць. Гродзеншчына з’яўляецца рэгіёнам са шматвекавымі традыцыямі будавання драўляных дамоў. У нас яны на кожным кроку. Яны не горшыя за мураваныя. Але сто адсоткаў, што прыгажэйшыя».
У гэтых будынках можна спакойна адчыняць кавярні, крамы, рэстараны, кажа Андрусь. Лічыць, што нельга зносіць, а пасля будаваць макеты з пенаблокаў з пенапластавай ляпнінай і бляхай на даху.
«Я асабіста ў горадзе не бачыў ніводнага нармальна адрэстаўраванага драўлянага дома, акрамя лямуса на тэрыторыі Брыгіцкага клаштара. Хочацца захаваць дух Гародні, які псуюць усё больш і больш».
Дом на вуліцы Падольнай, 74. «Цудоўна захаваны гарадскі жылы дом на вуліцы Падольнай, каля ракі Нёман. Яшчэ гадоў 5 таму ён увогуле амаль не вылучаўся ў наваколлі. Але з кожным годам усё больш дамкоў аббіваюць сайдынгам або ўвогуле зносяць.
Гэты дом мае характэрныя дэкаратыўныя рысы з дрэва часоў Расійскай Імперыі. Традыцыйныя тры вокны, дарэчы, са стаўнямі. Нават можна пабачыць аўтэнтычны колер».Дом у мікрараёне Грандзічы. «Гэта вёска знаходзілася на паўночна-заходнім ускрайку горада, што па дарозе да мяжы з Літвой.
Дамкі такога тыпу можна пабачыць збольшага толькі на ўсходняй частцы Беларусі. Тры вокны зроблены не проста так. Гэты дом быў пабудаваны людзьмі, якія верылі ў трыадзінства бога.
У размове з мясцовымі даведаўся, што дом пабудаваны ў канцы ХІХ ст. ў часы Расійскай Імперыі».Дом пераездзе каля в. Путрышкі. «Шчыра кажучы, такіх дамоў на Гарадзеншчыне шмат, але гэты мяне прывабіў сваёй некранутасцю. Ён знаходзіцца ў вельмі добрым стане, таму што там да гэтага часу жывуць людзі. Пакуль я выбіраў адпаведны ракурс, з дома выйшла жанчына гадоў 70 і пачала распытваць: чаго „здымаеш? што тут робіш?“
Дзякуй богу, да таго часу ўжо паспеў усё зняць. Большасць вясковых людзей не разумее, што іхнія дамы ўжо частка гісторыі».Дом на вуліцы Валковіча, 7. «Вельмі тыповая пабудова для Заходняй Беларусі, але нешта ёсць у гэтай даваеннай забудове. Нейкі клімат старога горада. Кожны з такіх дамкоў мае сваю гісторыю. Напрыклад, гэты быў пабудаваны „за польскім часам“, як кажуць мясцовыя. Каля ўвахода можна пабачыць навес з надпісам: 1934 rok. Вельмі ўражвае прадуманасць яго канструкцыі. Глядзіце, яго ўжо пару год не фарбуюць, а выглядае як новы. Дарэчы, дом складзены з бярвенняў (першы паверх), а другі - каркасны. А звонку абкладзены дошачкамі, што дапамагае захоўваць канструкцыю ад кепскіх умоў. Кажуць, што дом у спісе тых, якія збіраюцца зносіць. Раю пабываць на гэтай вуліцы і адчуць атмасферу старой Гародні, пакуль самаабвешчаная ўлада не знесла нашу гісторыю».
«Нават у блізкіх да нашай мяжы Друскеніках (Літва) ёсць некалькі драўляных дамоў ХІХ ст, якія зараз можна прыводзіць як прыклад для рэканструкцыі».
Чытайце таксама:
- Выхадныя ў Друскеніках. Дзе (і чаму) варта правесці бліжэйшы ад Гродна замежны ўікэнд
- Друскенікі: як выглядае драўляная архітэктура за 40 кіламетраў ад Гродна
У Гродне можа з’явіцца свой прыклад добрай рэстаўрацыі?
Праз некалькі гадоў у Гродне можа з’явіцца добры прыклад, як трэба аднаўляць драўляныя пабудовы. Дом па вул. Міцкевіча, 9 у жніўні на аўкцыёне набыла гродзенская кампанія «Формула воды». Будынак яны набылі за 116 тысяч рублёў.
Кампанія хоча аднавіць дом так, як ён выглядаў на момант пабудовы ў пачатку XX стагоддзя. У планах на першым паверсе зрабіць рэстаран і невялікі музей, дзе раскажуць гісторыю сям'і Кур’яновіч і іншых жыхароў раёна Новы свет. На другім паверсе плануецца апарт-гатэль.

Хто яшчэ маляваў драўляны Гродна?
У 2014 годзе ў абарону раёна Новы свет у Гродне, дзе пераважае драўляная архітэктура, выступілі гісторыкі і краязнаўцы. Мастачка Наталля Клімовіч выпусціла серыю паштовак. У 2000 годзе ў гэтым жа раёне драўляныя дамы вырашыла намаляваць для ўласнага праекта мастачка Улада Шамава.
Чытай таксама:
- Рэквіем па «Гарачым Хлебе». Як 10 гадоў таму ў Гродне знеслі сапраўдны помнік
- Дзесяць страчаных аб’ектаў, якія маглі б стаць «фішкай» турыстычнага Гродна
- «Спыніце знішчэнне Гародні». Пакуль вы спалі, на Валковіча пачалі зносіць старадаўні дом
- Шляхам драўлянага Гродна: канструктывізм, мадэрн і проста атмасферныя хаткі, якія ты мусіш пабачыць