Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены. Аня заканчвае педагагічны ўніверсітэт у Беларусі, Карына — прыватную ВНУ ў Вроцлаве, а Кацярына — дзяржаўны ўніверсітэт у Варшаве. Мы задалі тром выпускніцам аднолькавыя пытанні: пра вучобу, планы на жыццё і пра тое, як змянілася іх жыццё за гады ва ўніверсітэце.
Рэдакцыі MOST і Hrodna.life працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
«Выбрала Уроцлаў, таму што не хацела жыць з бацькамі»
— Як вы выбіралі, дзе і на каго вучыцца?
Карына: Спачатку я ўвогуле не збіралася вучыцца ў Польшчы. Я хацела паступаць у Беларусі на перакладчыка, таму што мне заўсёды здавалася: калі добра ведаць англійскую, можна ўладкавацца на нармальную працу. Але ў нас у сям'і ўсё рэзка змянілася, давялося тэрмінова з’язджаць у Польшчу. І часу доўга выбіраць у мяне ўжо не было.
Пасля я марыла аб графічным дызайне. Але для паступлення было патрэбна партфоліа, а ў мяне яго тады не было. І мы з бацькамі вырашылі: маркетынг — гэта таксама нешта крэатыўнае, плюс больш стабільная прафесія.
Паступленне было простым. Патрэбна было падаць заяўку на сайце ўніверсітэта і прайсці кароткае сумоўе на польскай. А польскую я тады вучыла ўсяго два месяцы, у мяне быў узровень А1.
На сумоўі пыталіся базавыя рэчы: расказаць пра сябе, расказаць пра надвор’е. Але для мяне гэта ўсё роўна быў велізарны стрэс — я баялася, што правалю. Перад самай сустрэчай прарэпеціравала фразу «Мяне завуць Карына» дзесяць разоў запар — настолькі мне было страшна.
Я паступіла адразу ў два ўніверсітэты: у Варшаве і ва Уроцлаве. У Варшаве — на журналістыку, а ва Уроцлаве — на лічбавую камунікацыю і медыя. Я выбрала Уроцлаў, проста таму, што не хацела жыць з бацькамі. Хацелася нарэшце адчуць свабоду. Плюс Уроцлаў мне здаваўся ўтульнейшым, кампактнейшым. Там атмасфера як быццам для студэнтаў створана: куча моладзі, рух, але пры гэтым не такі шалёны мегаполісны ціск, як у Варшаве.
Аня: У мяне ў сям'і было вельмі мала прыкладаў іншых прафесій, акрамя настаўнікаў. Таму я і выбрала педагагічны шлях. Мне падабалася сама ідэя — працаваць з людзьмі, дзяліцца ведамі. Не проста сядзець за камп’ютарам цэлы дзень, а быць увесь час у руху.
Калі паўстала пытанне паступлення, я адразу вырашыла ісці ў педуніверсітэт. Бацькі былі не ў захапленні. Мама хацела, каб я пайшла ў медыцынскі каледж на фармацэўта — больш шанцаў на «сур'ёзную» працу. Але я настаяла на сваім.
Паступленне ў Беларусі заўсёды стрэс. Тады яшчэ трэба было здаць тры цэнтралізаваныя тэставанні. Я рыхтавалася з рэпетытарамі, вельмі перажывала. Так атрымалася, што ў мой год быў высокі конкурс менавіта на маю спецыяльнасць. Мне літаральна крыху не хапіла да бюджэту. А ў наступныя гады маіх балаў бы спакойна хапіла. Але, шчыра кажучы, я цяпер рада, што ўсё склалася менавіта так.

У мяне свабодны дыплом, і я магу сама вырашаць, працаваць потым па спецыяльнасці ці не. Гэта насамрэч вялікая палёгка.
Канешне, уся працэдура паступлення была цяжкаватай: кожны экзамен — асобны стрэс, прыёмныя камісіі ў розных ВНУ таксама розныя. Дзесьці цябе падтрымаюць, а дзесьці могуць і нахаміць.
Чытайце таксама: Гродзенскі аграрны ўніверсітэт за паўгода адсудзіў $ 75 тыс. у выпускнікоў за неадпрацаванае размеркаванне
Кацярына: У мяне ўсё як быццам само сабой склалася. Калі я выбірала спецыяльнасць, мне хацелася вучыцца нечаму для душы. Бо на той момант я ўжо вучылася ў эканамічным універсітэце (да пераезду ў Польшчу), а паралельна ў ЕГУ. Усё было вельмі сур’ёзнае — эканоміка, фондавыя рынкі, палітыка. А душа прасіла чагосьці роднага.
Выбрала беларускую філалогію з вывучэннем англійскай мовы. Чаму? Напэўна, таму што мне хацелася, па-першае, падвучыць беларускую мову. Па-другое, падвучыць англійскую мову, бо разумею, што яна вельмі важная для пошуку працы. У прынцыпе гэта міжнародная мова, таму без англійскай зараз нікуды. Я натрапіла на інфармацыю аб гэтай спецыяльнасці — і вырашыла: усё, гэта яно. Гэта будзе маё месца сілы.

Самае цікавае, што ў мяне ідэальна пасавалі ўсе дакументы. Я раней здавала ЦТ па беларускай мове, матэматыцы і англійскай — і менавіта гэтыя прадметы былі патрэбныя для паступлення. Як быццам усё ішло да гэтага загадзя.
Працэс паступлення быў надзіва простым: запоўніць анкету анлайн, прыкласці пераклады дакументаў, пацвердзіць веданне польскай мовы на ўзроўні В1 ці В2. Я здавала польскі экзамен асобна — патраціла на гэта 170 еўра, — але вынікі мне прыйшлі ўжо пасля залічэння. І гэта ўвогуле нікога не напружвала.
У Польшчы мне асабліва спадабалася, што можна падавацца адразу ў некалькі ВНУ і на некалькі спецыяльнасцей. Тут адчуваецца клопат пра студэнта, а не стрэс-гонка на выжыванне.
«Я чакала руху — як у фільмах пра студэнцкае жыццё»
— Што вам больш за ўсё спадабалася ў вучобе, а што — расчаравала?
Карына: Самае класнае — у Польшчы робяць упор на практыку, а не на тэорыю. Пастаянна нейкія заданні: зняць відэа, зрабіць праект, паспрабаваць сябе ў чымсьці рэальным. Асабліва першы курс быў круты. Выкладчыкі гарэлі сваёй справай, давалі нам цікавыя тэмы.
Запомнілася, як мы здымалі фільм пяціхвілінны пра Беларусь. Пра выбары, рэпрэсіі. Мы пісалі сцэнарый, шукалі архіўныя запісы. Гэта быў, напэўна, адзін з нямногіх момантаў, калі я сапраўды адчула: вось зараз я вучуся чамусьці важнаму.
Першыя дні ва ўніверсітэце былі вельмі сумнымі. Я чакала руху — як у фільмах пра студэнцкае жыццё. А ўсё пачалося з анлайн-лекцый, без знаёмстваў, без атмасферы. У нас нават фізкультура ішла праз Facebook-трансляцыю. Трэба было прысылаць фоткі з практыкаваннямі. Гэта было максімальна тупа.
Арганізацыя вучэбнага працэсу — гэта асобны боль. Наш факультэт толькі адкрываўся, і было відаць, што яго ўвогуле не прадумалі. Нейкія дзіўныя прадметы, тыпу цэлага семестра праграмавання на Arduino. Навошта яно маркетолагу ці журналісту?
А яшчэ заданні. Часам выкладчык проста кідаў тэкст, скапіяваны з чата GPT, маўляў, вось вам, зрабіце. І ўсё.
Але хачу адзначыць яшчэ, што Польшча дала мне магчымасць вучыцца, працаваць, здымаць кватэру самой. У Беларусі студэнту гэта нерэальна.
Аня: Больш за ўсё мне спадабалася, як некаторыя выкладчыкі падаюць свой прадмет, — і рэальна хочацца штосьці рабіць, хочацца як-небудзь адказна да гэтага падыходзіць.
Але калі шчыра, больш за ўсё мне за гэтыя гады запомнілася нават не вучоба сама па сабе, а студэнцкае жыццё. Яно было вельмі насычаным, яркім, пастаянна нейкія рухі, новыя знаёмствы. Дзякуючы гэтаму я ўвогуле знайшла тое, чым зараз займаюся як любімай справай.
А што расчаравала… Напэўна, стаўленне некаторых выкладчыкаў. Калі ім проста ўсё роўна. Ты хочаш вучыцца, хочаш, каб у галаве штосьці засталося, а яны — быццам і не заўважаюць. Гэта вельмі збівае настрой.
Чытайце таксама: Замест Балонскага працэсу: Гродзенскі ўніверсітэт Купалы наладжвае супрацоўніцтва з Чувашыяй
Кацярына: Польская сістэма вучобы дала мне свабоду: можаш мяняць спецыяльнасць, будаваць праграму пад сябе. У Беларусі — пан ці прапаў.
Самае класнае — гэта, напэўна, сама атмасфера. Адкрытасць выкладчыкаў. Магчымасць спакойна прыйсці, спытаць, калі штосьці незразумела. І ўвогуле тое, як усё арганізавана: куча месцаў для адпачынку, магчымасць працаваць у сваім тэмпе, без гонкі.
Вельмі падабалася, што можна чытаць сапраўдную літаратуру, а не шукаць дзесьці падручнікі 40-гадовай даўніны. Усё даступна: электронныя базы, бібліятэкі.
Што не спадабалася… Ну, напэўна, часам адчувалася, што ўсё ж такі сістэма арыентавана больш на палякаў. Асабліва на некаторых занятках, калі было зразумела: ну окей, мы тут беларусы, але праграма не зусім пад нас. І яшчэ, канешне, вось гэтая бясконцая маёўка. Толькі здаецца ўвойдзеш у працоўны рытм, а потым бац — тыдзень выхадных.
«Вядома, тут не Гарвард»
— Як бы вы ацанілі ўзровень адукацыі ў вашым універсітэце?
Карына: Калі шчыра, я б ацаніла яго як нізкі. Прынамсі, на маім факультэце.
І ў мяне такое пачуццё, што за тры гады я сама сабе больш ведаў дала, чым універсітэт. Напрыклад, мая цётка — яна маркетолаг — рэальна навучыла мяне большаму, чым уся вучоба. Узровень адукацыі — дзесьці як сярэдне-спецыяльная, а не вышэйшая.

Аня: У цэлым у нас давалі дастаткова ведаў па профілі. Асабліва па методыках выкладання, псіхалогіі. Практикі было шмат, кожную тэму праходзілі праз рэальныя заняткі, стажыроўкі.
Але мне не хапіла падрыхтоўкі па дакументацыі. Вось гэтай усёй папяровай працы, якая потым у школе займае палову часу. Нас вучылі доследы паказваць, а вось як запаўняць часопісы, справаздачы, планы — гэтаму практычна не вучылі.
Чытайце таксама: «Лічбы на матэматыцы трэба звесці да памятных дат». Манолаг настаўніцы з Гродна
Ну і, вядома, былі прадметы, якія здаваліся зусім лішнімі. Філасофія, напрыклад. Проста марнаванне часу.
Увогуле, я б сказала, што базу далі нармальную. Але на рэальнай рабоце трэба будзе яшчэ вучыцца і вучыцца.
Кацярына: Я ацэньваю ўзровень як вельмі добры. Вядома, тут не Гарвард, але рэальна якасная адукацыя. І падыход зусім іншы: важна не адсяджваць пары, а рэальна разумець, што ты вывучаеш.
Шмат літаратуры, шмат практыкі, шмат самастойнай работы. І ўсё ў доступе: хочаш — чытай больш, развівайся, не хочаш — сядзі на мінімалках. Але магчымасці табе даюць.
Што асабліва крута — гэта тое, што цябе вучаць думаць, аналізаваць, шукаць інфармацыю самому.
Ну, вядома, узровень па розных прадметах розны. Дзесьці моцныя выкладчыкі, дзесьці прасцей. Але ў цэлым я лічу, што я атрымала добрую базу, на якой можна далей будаваць штосьці сваё.
«Можна асабліва нічога не рабіць — і ўсё роўна здаваць экзамены»
— Як змянілася ваша жыццё і вы самі за гады вучобы?
Карына: На першым курсе я была такая «ўсё па дэдлайнах, усё ідэальна». Вельмі сур’ёзна адносілася да вучобы. А потым… Потым прыйшло расчараванне. Я зразумела, што можна асабліва нічога не рабіць — і ўсё роўна здаваць экзамены. І матывацыя кудысьці сышла.
Я пачала больш працаваць, займацца практыкай, шукаць стажыроўкі. Таму што зразумела, што рэальных ведаў універсітэт дае мала, усё трэба здабываць самой.
Змянілася тое, што я стала значна больш самастойнай. І яшчэ зразумела, што нельга разлічваць толькі на сістэму. Трэба самой будаваць сваё жыццё, шукаць, вучыцца. Універсітэт — гэта проста адзін з этапаў, а не штосьці вырашальнае.
Аня: Я дакладна за сабой заўважыла, што стала больш кантактным чалавекам. У школьныя часы мне было складана заводзіць знаёмствы. А цяпер — раз плюнуць. І мне гэта рэальна падабаецца.
Раней я была больш інтравертам, а цяпер адчуваю, што стала экстравертам.
Яшчэ за гэтыя гады я зразумела, што вучоба — гэта толькі частка жыцця. Што нельга ўвесь час думаць, што скажуць іншыя. Трэба рабіць так, як табе камфортна. І што за сябе адказваеш толькі ты сам, а не хтосьці іншы.
Екацярына: Універсітэт многае даў. Але моцных цяжкасцяў, ведаеш, якія робяць нас мацнейшымі, тут не было.
Напэўна, самае цікавае — гэта тое, што, калі я ішла вучыцца, мне здавалася, што я беларускую ведаю на дзевяць з дзесяці. А пасля трох гадоў вывучэння зразумела, што насамрэч мае веды дзесьці на шэсць балаў.
Чым больш вучышся, тым больш усведамляеш, як многа ўсяго яшчэ трэба вывучыць.
І яшчэ я стала спакайней адносіцца да многіх рэчаў. Зразумела, што не трэба перажываць за кожны залік ці экзамен. Усё можна вырашыць нармальна і без панікі.
«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам»
— Якія ў вас планы пасля выпуску? Чаго баіцеся, чаго чакаеце?
Карына: Зараз я працую малодшым спецыялістам у адной кампаніі. Пасля выпуску хачу застацца там жа, але ўжо ў пасадзе паўнавартаснага маркетолага. І паралельна паступіць у магістратуру.
Я падпрацоўвала ў грамадскім харчаванні і вельмі баялася, што застануся ўсё жыццё працаваць афіцыянткай. Гэта быў самы вялікі страх. Таму з трэцяга курса пачала актыўна шукаць стажыроўкі, падавацца куды толькі можна. І дзякуй богу, што атрымалася.
Чаго баюся зараз… Баюся, што не атрымаю ВНЖ і мяне дэпартуюць. Яшчэ страшна ад таго, што пасля ўніверсітэта раптам знікае звыклая структура: школа, вучоба, пары. І ты застаешся адзін са сваёй будучыняй.
Але ў цэлым я спакойная. Галоўнае — ужо ёсць праца ў маркетынгу. Далей будзе толькі лепш.
Аня: У мяне найбліжэйшы план — два гады адпрацоўкі ў школе. Я сама падала на размеркаванне, хаця вучылася на платным. Проста таму што за статус маладога спецыяліста даюць надбаўку да зарплаты. І я вырашыла: ну, а чаму б і не?
— Не напружвае, што будуць прасіць удзельнічаць у розных акцыях?
Аня: Я да гэтага спакойна стаўлюся. Разумею, што гэта частка сістэмы. Патрэбна пайсці на якія-небудзь мерапрыемствы — пайду. Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам. Усё роўна за гэта плацяць, а нервавацца сэнсу няма.

А так найбольш за ўсё баюся перагарэць. Пакуль настрой добры: хочацца працаваць з дзецьмі, штосьці ім даваць. Але я разумею, што дзеці цяпер складаныя, і не заўсёды будзе атрымлівацца так, як хочацца.
Праз год я бачу сябе на працы ў школе. А праз пяць гадоў… Хочацца, каб жыццё склалася так, каб можна было займацца чымсьці любімым. Не проста працаваць дзеля выжывання.
Кацярына: Пасля выпуску планую працягваць працаваць у сферы, звязанай з беларускай культурай. Усё, што я вучыла — беларускую мову, літаратуру, англійскую, — мне патрэбна і важна ў тым, што я раблю цяпер.
Крыху баюся, напэўна, як і ўсе, невядомасці. Мы прывыклі, што ёсць нейкая сістэма: школа, універсітэт. А далей — ты сам сабе гаспадар.
Але ў цэлым у мяне больш радасці, чым страху. Я ведаю, што хачу працаваць, хачу развівацца. Магчыма, буду жыць не ў Польшчы, а ва Украіне — гэта пакуль адкрытае пытанне. Але я дакладна ўпэўнена: усё будзе так, як павінна быць.