У Беларусі праходзіць асноўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Журналісты Hrodna.life знаходзяцца ў розных раёнах горада і сочаць за сітуацыяй на ўчастках і побач з імі.
Лідзія Ярмошына агучыла частковыя вынікі выбараў па абласцях.
Восем раёнаў падлічылі галасы ў Гродзенскай вобласці - Бераставіцкі, Воранаўскі, Дзятлаўскі, Зельвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Мастоўскі, Свіслацкі. Там прагаласавалі 124 тыс. выбарцаў. На першым месцы Лукашэнка з 92,7%, на другім — Ціханоўская з 3,89%, на трецім — «супраць усіх» — 1,45%, перадае БелТА.
Невялікія групы людзей збіраюцца на паркоўцы ля чыгуначнага вакзала. Побач праязджалі машыны і сігналілі.
У СШ № 32 і пасля поўначы гарэў свет. Там тры настаўнікі адмовіліся падпісваць выніковы пратакол выбараў, таму пасяджэнне камісіі зацягнулася. Каля 00.20 у двор школы прыехаў АМАП, каб «дапамагчы» камісіі падлічыць галасы. Наколькі ўдалося зразумець сітацыю журналістцы Hrodna.life, забралі двух незалежных назіральнікаў. Было чуваць крыкі з тэрыторыі школы.
«В Гродно ОМОН требовал от охраны тюрьмы на Кирова, 1 открыть ворота и принять задержанных. Все ЦИП при РОВД переполнены, людей некуда паковать», — піша адзін з тэлеграм-каналаў.
У цэнтры вельмі актыўны рух. Шмат аўтамабіляў у раёне вакзала, вуліцы Будзёнага. Многія спрабуюць патрапіць у цэнтр, але ён перакрыты. Машыны сігналяць. Грамадскі транспарт часткова спыніўся — на Дзяржынскага стаіць у шэрагу шэсць тралейбусаў, якія не рухаюцца.
Людзям не даюць сабрацца ў цэнтры горада. Карэспандэнты Hrodna.life перадаюць, што маленькія групы на Савецкай плошчы рассякаюць, людзей б’юць і забіраюць у аўтазакі. Усяго не плошчы было не больш за 300 чалавек.
Міліцыя пусціла слезацечны газ. Частку людзей абаранілі ад міліцыі святары Фарнага касцёла — папрасілі не ўжываць сілу на прыступках храма.
Паводле інфармацыі, якую ў прамым эфіры перадаў канал, сайт якога прызнаны экстрэмісцкім, у цэнтры горада затрымана каля 40 чалавек.
Таксама стала вядома, што на адным з участкаў у Гродне паводле афіцыйных вынікаў меў бы быць другі тур. Там цалкам афіцыйна налічылі 589 галасоў за Лукашэнку, а 407 за Ціханоўскую. Агулам было выдадзена 1221 бюлетэнь. На двух участках у Лідзе Ціханоўская афіцыйна перамагла.
Журналіст Hrodna.life змог сустрэцца з дзяўчынай, якая бачыла, як каля 20.20 без прычыны затрымалі людзей ля 27-й школы на Дзевятоўцы. Там сабралася амаль 100 чалавек у чаканні вынікаў выбараў. Больш за 10 з іх было затрымана, хаця ніхто нічога нават не выкрыкваў.
Затрыманыя Сяргей Людкевіч, Вольга Камягіна, Аляксей Кайрыс, Аляксандр Саенка і журналіст «Гродзенскай праўды» Вадзім Галоцік.
Людзей выціснулі з плошчы. Міліцыя выгнала ўсіх, хто знаходзіўся на адрэзку ад крамы «Ратушны» да драмтэатра. Затрымана каля 10 чалавек. Але неўзабаве вялікая частка людзей вярнулася на плошчу.
У цэнтры горада цалкам не працуе інтэрнэт, мы не можам перадаць ніякіх фота- ці відэаматэрыялаў.
Прыехалі 4 ці 5 аўтазакаў, з іх выгружаюцца міліцыянты ў поўным рыштунку.
На Савецкай, паводле інфармацыі журналістаў Hrodna.life, ужо некалькі сотняў чалавек. Яны пачынаюць пляскаць.
Карэспандэнт Hrodna.life паведамляе, што на Савецкай сабралася каля 100 чалавек, але людзі стаяць не разам, а малымі групамі. Міліцыі, акрамя звычайных патрульных, не відаць.
У 20.00 закрыліся ўчасткі для галасавання. Праз хвіліну агенцтва БелТА апублікавала вынік афіцыйнага exit poll.
Назіральнік на ўчастку № 100 (СШ № 38) паведамляе, што, улічваючы яўку 40% на датэрміновым галасаванні, яўка ў агульным ўжо дасягнула 120%.
ДАІ перакрыла шляхі да плошчы Леніна. Па словах супрацоўнікаў, часова пускаць будуць толькі грамадскі транспарт. Таксама на плошчу Савецкую пускаюць асабістыя аўто толькі выбарачна, па рашэнні інспектараў.
У Яндэкс.Таксі альбо няма свабодных машын, альбо цана за паездку, якая звычайна каштуе 3−4 рублі, даходзіць да 12−13 рублёў. Пры гэтым заказ усё роўна ніхто не бярэ. У класічных службах таксі аўтамабіль прыйдзецца чакаць 30−40 хвілін.
Журналісты Hrodna.life пабывалі на ўчастках для галасавання ў Каробчыцах, дзе нават сабралася невялікая чарга, і ў гімназіі № 4 на вуліцы Рэпіна.
На працягу дня ў Гродне на ўчастках для галасавання працуюць назіральнікі розных кампаній і ініцыятыў. Кампанія «Права выбару» падрыхтавала больш за 80 назіральнікаў, якія павінны былі працаваць на 42 участках у Гродне і васьмі - у Лідзе, Бярозаўцы і Слоніме. 9 жніўня назіранне вядуць на пяці участках у Гродне. Гэтыя назіральнікі знаходзяцца на мяжы участкаў, астатніх выставілі з будынка.
На пяці участках у Гродне назіранне вялося бесперапынна. Да асноўнага дня галасавання назіранне вялося бесперапынна на некалькіх участках у вобласці, але ў суботу, 8 жніўня, людзей выставілі з участкаў.
На многіх участках «Права выбару» працуе паралельна з назіральнікамі з ініцыятывы «Сумленныя людзі» і тымі, хто вылучаўся ў назіральнікі шляхам збору подпісаў.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…