Людзі і справы

У гасцях, як дома. Пасябруй з красналюдкамі Уроцлава і знайдзі прывідаў у замках Ніжняй Сілезіі

Польшча, Чэхія, Венгрыя, Германія, Аўстрыя… — схіліліся над мапай, выбіраючы месца для падарожжа? Хочацца адразу паўсюль паспець за кароткі час? Выйсце ёсць — трэба збірацца ў Ніжнюю Сілезію. У розныя часы тыя землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаваў і захавалі цікавосткі сваёй загадкавай і складанай гісторыі. Білет да Уроцлава развяжа пытанне выбару. А добры гід раскажа шмат цікавых гісторый. Асабліва, калі будзе гаварыць на мове, якую ты разумееш.

Прапануем віртуальнае падарожжа па Ніжняй Сілезіі, працягнуць якое ў рэале дапаможа Польскі інстытут грамадзянскага супрацоўніцтва.

Горад спатканняў і красналюдкаў

Сустрэчу з Ніжняй Сілезіяй пачнём з горада спатканняў - Уроцлава. Ці не першымі, хто тут сустрэнецца, будуць гномы-красналюдкі. Спачатку адзін з іх выскачыць літаральна пад ногі, а ўслед і другіх пачынаеш заўважаць: адзін прытаіўся на падваконні, другі вызірае з падвала, а трэці ўсміхаецца з-за вугла.

Уроцлаўскія красналюдкі - адзін з вядомых сімвалаў горада. Але прыйшлі яны не з казак, а з найноўшай гісторыі. Шапкі красналюдкаў адзявалі пратэстоўцы «Аранжавай альтэрнатывы» канца 1980-х. Такім чынам яны стваралі супрацьвагу чырвонаму рэжыму. Тады іх лавілі і кідалі ў аўтазакі. Праз 20 гадоў красналюдкі з’явіліся на вуліцах Уроцлава ўжо на законных падставах. Зараз іх каля 300 па ўсім горадзе. Ёсць нават адмысловыя маршруты з квэстамі па пошуку ўсіх красналюдкаў.

Польская Венецыя

Уроцлаў часта параўноўваюць з Венецыяй, бо ён месціцца на 12 выспах, утвораных ракой Одрай і чатырма яе прытокамі. Таму пешыя экскурсіі па гораду добра дапоўніць вечаровае падарожжа па вадзе. Адлюстраванне агнёў горада ў рацэ падвойвае яго прыгажосць.

Залаты цягнік і пацеркі Белай Дамы

Паглыбімся ў Ніжнюю Слезію далей. Пакінуўшы Уроцлаў, рушым да замка Ксёнж. Ён месціцца каля горада Вальбжых.

Замак пачалі будаваць у 12 стагоддзі, як абарончую крэпасць. Да свой доўгі век ён часта змяняў гаспадароў. Кожны з новых уладальнікаў дабудоўваў замак згодна свайму густу і тагачаснай модзе.

Апроч архітэктуры, замак славіцца і мноствам загадкавых гісторый. Аматары скарбаў да гэтага часу не страцілі надзею знайсці ў замку і ваколіцах цягнік з залатым запасам Трэцяга рэйха, а можа нават і сам Бурштынавы пакой. Іншыя расказваюць пра сяміметровыя каралі з пярлінаў, што належалі апошняй гаспадыні замка, Марыі Тэрэзе Алівіі Корнуал-Вэст ці, папросту, «княгіні Дэйзі».

Жарсці кахання і прывід у парку

Гісторыя яе замужжа і жыцця сям'і вартая вялікага расповеду, які не надакучыць слухаць шпацыруючы па чатырохстах адкрытых для турыстаў пакоях ды падзямеллях замка Ксёнж. На шпацыр па навакольным парку таксама гісторый не забракуе. Кажуць, тут можна сустрэць нават прывід самой княгіні Дэйзі ў выглядзе Белай дамы.

Замак страпцівай прынцэсы

З больш новых, але не менш прыгожых замкаў Ніжняй Сілезіі, варта пабачыць палац Марыяны Аранскай у Камянцы-Замбкоўскім. Яго будаўніцтва скончылася ў ХІХ стагоддзі, калі замак купілі для маладажонаў - нідэрландскай прынцэсы Марыяны і прускага прынца.

Гісторыя іх стасункаў скончылася тым, што Марыяна ўцякла ад мужа з каханкам-фурманам. А калі страпцівую жонку вярнулі да законнага мужа, то забаранілі ёй уваходзіць у палац праз дзверы. Маўляў, як уцякала праз акно, так і надалей будзеш уваходзіць праз акно. Да акна яе спальні адмыслова дабудавалі лесвіцу, якую можна пабачыць і зараз.

Частка палаца захавалася. У Варшаве

Падчас Другой сусветнай замак быў моцна разбураны, а ў паваенны час разрабаваны. Вядома, што мармур з яго вывезлі для ўпрыгожвання Палаца культуры і навукі ў сталіцы Польшчы, Варшаве.

Для наведвальнікаў замак зноў адкрылі толькі ў 2013. Так што гэта адносна новае месца для турыстычнага падарожжа па Ніжняй Сілезіі.

300-гадовая крэпасць

Пра тое, што мясцовая зямля была месцам тэрытарыяльных спрэчак розных краін, сведчыць магутная і велічная крэпасць Клодзка. Ёй ужо болей за 300 гадоў. Палякі, чэхі, немцы, аўстрыйцы ўвесь час узмацнялі і дабудоўвалі яе да стану непрыступнай цвердзі.

Экскурсія па падземных хадах зойме не менш гадзіны. Узнагародай пасля выхаду наверх будзе панарамны від на горад.

Вада і горы

Яшчэ адна рыса Ніжняй Сілезіі, якую варта скарыстаць — мноства курортаў і месцаў для адпачынку. Адзін з найбольш вядомых курортных гарадкоў - Паляніца-Здруй. Сюды «на воды» ездзяць з ХІХ стагоддзя.

Крыніцы з мінеральнай вадой і парк з векавымі дрэвамі ды экзатычнымі раслінамі вартыя таго, каб наведаць горад. Вясною тут квітнеюць магноліі, а ўзімку вабяць гасцей лыжныя трасы Сталовых і Быстрыцкіх гор.

А вось курорт Душнікі -Здруй можна параіць да наведвання яшчэ і аматарам класічнай музыкі. Гісторыя горада звязана з імем Фрыдэрыка Шапэна. У яго гонар нават названа адна з мясцовых мінеральных водаў - «Пенявы Шапэна». Мясцовыя жартуюць, што стромкая постаць помніка Шапэну ў гарадскім парку служыць крыніцай натхнення не толькі для музыкаў, але і для ахвотных схуднець на водах.

Адчуць сябе сярэднявечным рамеснікам

Яшчэ адна цікавостка паблізу — музей вытворчасці паперы. Тут можна самастойна зрабіць аркуш паперы паводле тэхналогій XVI стагоддзя. Для патрэбаў фабрыкі раней працаваў вадзяны млын, што захаваўся да нашых дзён.

На першым паверсе барочнага будынка фабрыкі месцілася вытворчасць. На другім жылі самі майстры. Так што ў музеі можна таксама пазнаёміцца з іх бытам.

Што да калекцыі розных відаў паперы, то тут ёсць нават такі эксклюзіўны від, які робяць са слановых… прадуктаў жыццядзейнасці.

Знатакі папярэджваюць…

Для адпачынку ад паездак і экскурсій добра пасуе калівінг Travel House ва Уроцлаве. Да слова, яго інтэр'еры таксама працягваюць тэму падарожжаў. Тут ёсць пакоі ў іспанскім, польскім, украінскім і нават бразільскім стылях. Пры патрэбе тут можна спыніцца на больш доўгі тэрмін — калівінг можа прадаставіць пасведчанне аб пражыванні ці часовую прапіску.

Калі ж трэба заночыць за межамі горада, то таксама варта скарыстацца паслугамі Польскага інстытута грамадзянскага супрацоўніцтва. Установа мае статус супергаспадара на Airbnb, а яе супрацоўнікі дапамогуць знайсці жытло, дзе турыст адчуе сябе, як дома.

Праўда, знатакі папярэджваюць пра адну «небяспеку»: падарожжа можа так спадабацца, што не захочаца адсюль ад’язджаць.

УНП 191 751 509

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024