Людзі і справы

Вярнуцца ў жыццё і стаць «Вольным»: з’явілася ініцыятыва для адаптацыі былых палітвязняў

Новая ініцыятыва «Вольныя» дапамагае былым палітвязням, якія ўжо выйшлі на волю. Гэта могуць быць і тыя палітвязні, хто цалкам адбыў свой тэрмін, і тыя, што атрымалі «хатнюю хімію», хто з’ехаў з Беларусі і хто застаўся. Незалежна ад таго, дзе знаходзіцца чалавек геаграфічна, яму дапамогуць вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Падтрымку аказваюць анлайн. Адным з экспертаў ініцыятывы стаў былы палітвязень з Гродна Зміцер Фурманаў.

Пасля вызвалення палітвязням можа спатрэбіцца медыцынскае абследаванне, грошы, новая праца ці псіхалагічная падтрымка. Каманда «Вольных» дапаможа знайсці ўсё неабходнае, звяжа чалавека з патрэбнымі экспертамі і ініцыятывамі. Для якаснай дапамогі распрацавалі ментарскую праграму.

Каб атрымаць дапамогу, трэба звярнуцца праз сайт.

Як скарыстацца падтрымкай:

  • ужо вольныя палітвязні ці іх сваякі звязваюцца з ініцыятывай,
  • каманда даведваецца, якая дапамога патрэбна, і прымацоўвае да кожнага/кожнай асабістага ментара,
  • каманда запаўняе неабходныя заяўкі да іншых ініцыятыў, фондаў, арганізоўвае ўсе камунікацыі і праз ментара перадае інфармацыю і іншыя рэсурсы,
  • ментар вядзе вольнага/вольную да моманту, пакуль ён/яна не паведаміць аб тым, што лічыць працэс адаптацыі завершаным.

Місія праекта — аб’яднаць веды і людзей і іншыя ініцыятывы, якія жадаюць дапамагаць, і тых, каму патрэбна гэтая дапамога.

Дапамагае, бо сам прайшоў гэты шлях

Зміцер Фурманаў. Крыніца: «Вольныя»

Былы палітвязень Зміцер Фурманаў далучыўся да каманды праекта як ментар-эксперт, бо сам прайшоў праз палітычнае зняволенне. У 2020 годзе ён быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці. 29 траўня ў Гродне Змітра схапілі разам з крэслам з-за стала, дзе ён збіраў подпісы на перадвыбарчым пікеце. У зняволенні правёў паўтара года. Цалкам адбыўшы тэрмін, выехаў у Літву. Зараз Зміцер таксама дапамагае з сайтам ініцыятывы.

Для Змітра асабістым ментарам аказалася ягоная дзяўчына Вольга (зараз — жонка), якая чакала яго на волі.

Найперш гэта была псіхалагічная дапамога, а таксама падтрымка ў самых простых, здавалася б рэчах, напрыклад, візіце да стаматолага. Праблемы з зубамі - тое, што бывае практычна ва ўсіх пасля зняволення. Вольга са Змітром знайшлі зубнога-беларуса, валанцёра, які не ўзяў за лекаванне ні капейкі. Таксама ўдалося з’ездзіць у санаторый — гэта і дапамагло аднаўленню.

Як стаць ментарам?

Ментарам можа стаць хто заўгодна. Але перад працай з падапечным чалавек мусіць прайсці адукацыйную праграму, распрацаваную ініцыятывай «Вольныя». У час яе з будучым ментарам працуе псіхолаг, коўч, каб ён ці яна маглі зразумець, ці змогуць зараз аказваць дапамогу. На першым сумоўі псіхолаг ацэньвае стан чалавека.

Вераніка Станкевіч. Крыніца: «Вольныя»

«Гэта не вельмі лёгкі працэс — дапамагчы іншаму. Трэба, каб ты сам быў гатовы, сам быў у рэсурсе, сам добра разумеў, як гэта — аказваць дапамогу, — патлумачыла каардынатарка ініцыятывы Вераніка Станкевіч. — Мы працуем з людзьмі з вялікімі траўмамі, і калі мы будзем гэтых людзей яшчэ больш траўмаваць, то нікому не зможам дапамагчы».

Потым будучы ментар анлайн праходзіць адукацыйную праграму з сямі відэаўрокаў і выніковы тэст. Калі з тэстам не складаецца, яго скіроўваюць да партнёраў ініцыятывы, якія дапамагаюць псіхалагічна — прыйсці да неабходнага стану, каб дапамагаць іншым. Ментары мусяць натхняць, дапамагаць развівацца ў асабістым і прафесійным жыцці і падтрымліваць свайго падапечнага. Каб стаць ментарам_кай, трэба запоўніць анкету.

«Вольныя» імкнуцца, каб у выпадку іміграцыі былога палітвязня ён і яго ментар знаходзіліся прынамсі ў адной краіне. Гэта важна пры дапамозе ў легалізацыі, запаўненні заявак у фонды дапамогі. Ментар можа ведаць мову новай краіны і дапамагчы кудысьці патэлефанаваць і вырашыць бягучыя пытанні. Выключэннем стане Беларусь — людзі, якія знаходзяцца там, не змогуць быць ментарамі. Гэта важна для бяспекі іх саміх і ўсёй ініцыятывы. Былым палітвязням у Беларусі будуць дапамагаць з-за мяжы, у тым ліку — выехаць на лекаванне.

Колькім былым палітвязням ужо патрэбна дапамога

Пакуль падапечных няшмат, блізу пяці чалавек. Калі ініцыятыва рыхтавалася да запуску, яна аказвала «тэставую» дапамогу тым, каго заснавальнікі ведаюць асабіста. На старце было каля пяці ментараў. Пяць чалавек у камандзе ініцыятывы таксама могуць быць ментарамі ў выпадку іх недахопу, бо кожны і кожная прайшлі адукацыйную праграму. Зараз праграма дапамогі распрацаваная для Беларусі, Літвы, Польшчы, ёсць партнёры ў Грузіі, Германіі. Анлайн-праца магчыма з любой краінай.

На цяперашні час па розных ацэнках ёсць ад 400 да 900 былых палітвязняў, якія ўжо выйшлі на волю. У бліжэйшы год «Вольныя» плануюць падтрымаць каля 200 чалавек. Ментараў спатрэбіцца больш — каля 300.

«Мы ведаем, што ментары-валанцёры будуць прыходзіць і сыходзіць: не ўсе маральна могуць цягнуць [такую працу]», — патлумачыла Вераніка.

Да таго ж ментары і падапечныя могуць не сысціся характарамі, або нехта ўжо пасля адукацыйнай праграмы зразумее, што гэта не ягонае.

Няма часу на развагі

«Зараз шмат абмеркаванняў, што рабіць з палітзняволенымі: ці вызваляць, якім чынам вызваляць, ці таргавацца з рэжымам, ці штосьці іншае. Рашэння ў гэтым пытанні яшчэ няма. Але палітзняволеныя знаходзяцца там далей, яны выходзяць на волю, і пакуль мы вырашаем гэта, людзі застаюцца сам-насам. Таму гэтая ініцыятыва патрэбна цяпер», — патлумачыў Зміцер.

«Наша пазіцыя — калі хочаш зрабіць добрае, зрабі гэта сам, — падзялілася Вераніка. — Мы думалі: ніхто не робіць сістэмы, каб дапамагаць палітвязняў, нам трэба ісці да палітыкаў, размаўляць пра гэта. Але вырашылі, што зробім самі, выйдзем і скажам: „Мы зрабілі. Трэба нас падтрымаць“. Усе партнёры казалі, што гэта вельмі важна і вельмі ў час. Таму мы спадзяемся, што палітыкі нас падтрымаюць і будуць нам дапамагаць».

За дзейнасцю ініцыятывы можна таксама сачыць у Instagram, Facebook, Telegram.

Чытайце таксама: Выпраўленне праз пакуты, знаёмства з Ашуркам і размовы з Бабарыкам. Былы палітвязень з Гродна распавёў пра турэмны досвед

Апошнія запісы

«Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках

На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…

24 снежня 2024

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024