Суддзя Максім Філатаў, які асудзіў Ашурка і Мажэйку, пайшоў на павышэнне ў Вярхоўны Суд. Гродзенскім суддзям Ганне Лявусік і Зміцеру Бубенчыку не будуць выдаваць візы і замарозяць іх магчымыя актывы ў Еўразвязе. Супрацоўніцы міліцыі зноў хочуць атрымаць маральную кампенсацыю. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 31 ліпеня па 6 жніўня.

Міліцыянеркі з Гродна зноў хочуць спагнаць маральную кампенсацыю

Былая супрацоўніца АМАП з Гродна Марыя Мазуркевіч (цяпер яна старэйшая інспектарка ў АУС) і дзейная супрацоўніца АМАП Дар’я Бандарчук хочуць спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Паседжанне пройдзе ў судзе Ленінскага раёна Гродна 8 жніўня ў закрытым фармаце. Адказчык па справе — Перавоз Марына Аляксандраўна. Суддзя — Іна Санюкевіч. Абставіны справы невядомыя.

Гарадзенскі «Нёман» працягваюць зачышчаць

Сілавікі затрымалі трэнера і адміністратарку, якія працуюць дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе гродзенскага футбольнага клуба «Нёман». Іх абвінавацілі ў падпісках на «экстрэмісцкія» каналы.

затрыманні ў клубе Нёман
Момант затрымання. Скрыншот з канала сілавікоў

Затрыманы трэнер — Дзмітрый Бельскі, выпускнік факультэта фізкультуры ГрДУ, мае трэнерскую ліцэнзію UEFA. Затрыманая адміністратарка — Юлія Арлашына.

На відэа затрыманыя расказалі, што раней з імі правялі сход кіраўнікі наконт падпісак на экстрэмісцкія каналы.
Яны пад подпіс былі азнаёмленыя з заканадаўствам у сферы распаўсюджвання «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У Мікалая Аўтуховіча і яшчэ 15 палітвязняў з’явіліся сімвалічныя «хросныя»

Палата дэпутатаў Вялікага Герцагства Люксембург узяла абавязацельства падтрымліваць палітычных вязьняў беларускага рэжыму. 16 чальцоў парламента сталі сімвалічнымі «хроснымі бацькамі» у рамках кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou.

«Такая форма падтрымкі дае большую бачнасць асобным сітуацыям людзей, зняволеных па палітычных прычынах», — лічаць яны.

Лідчаніна прызналі палітвязнем

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала 14 чалавек палітвязнямі. Сярод іх — фігуранты «справы Гайдукевіча», якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы актаў тэрору, у тым ліку ў спробе падпалу дома дэпутата Алега Гайдукевіча.

Ваеннага пенсіянера Сяргея Сакалова з Ліды асудзілі па гэтай справе на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 700 базавых велічыняў па ч.1 арт.13 і ч.3 арт.289, ч.3 і ч.4 арт.295, ч.2 і ч.3 ст.333−1, ч.1 ст. 14 і ч.2 ст. 357, ч.3 ст.361−1 КК. Таксама яго пазбавілі воінскага звання. Яго затрымалі ў верасні 2021 года і абвінавацілі ва ўвозе ў краіну зброі для «тэрарыстычных груп».

Суддзя Максім Філатаў, які асудзіў Ашурка і Мажэйку, пайшоў на павышэнне ў Вярхоўны Суд

Лукашенка прызначыў суддзямі Вярхоўнага Суда Алену Рудніцкую, Максіма Філатава і Руслана Царука, якія да гэтага працавалі ў Мінскім гарадскім, Гродзенскім і Гомельскім абласных судах адпаведна. Усе яны выносілі палітычна матываваныя прысуды.

Пасярэдзіне - Максім Філатаў
Пасярэдзіне — Максім Філатаў. Фота: «Принеманские вести»

За паўтара года Філатаў зрабіў кар’еру ад намесніка старшыні суда Лідскага раёна да суддзі Вярхоўнага Суда.

Падчас працы ў Лідзе Філатаў асудзіў на пяць гадоў калоніі Вітольда Ашурка, які потым памёр у зняволенні. За гэта Філатаў трапіў у чацвёрты пакет санкцыяў Еўразвяза. Таксама Філатаў асудзіў Мікалая Аўтуховіча і яго групу, чэмпіёна Беларусі па кікбоксінгу Паўла Абознага, журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч.

Гурт Irdorath апублікаваў першае за два гады відэа, а BySol пачаў збор у падтрымку гурта.

Відэа прысвечана дню нараджэння вакалісткі гурта Надзеі Калач. Музыкі дзякуюць сябрам і знаёмым за тое, што з дапамогай кампаніі #freeirdorath яны не дазволілі забыцца свету пра іх, і пра іншых беларускіх палітвязняў. Таксама ў ім можна ўбачыць кранальны момант сустрэчы Надзеі і Уладзіміра пасля расстання ў калоніі.

Музыкаў затрымалі падчас святкавання Дня нараджэння Надзеі 2 жніўня 2021 года. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК), і асудзілі на два гады калоніі. Злачынствам палічылі выступы гурта падчас пратэстных маршаў у Мінску ў жніўні 2020 года.

Муж і жонка выйшлі з калоній 21 красавіка 2023 г., цалкам адбыўшы тэрмін. Неўзабаве яны з’ехалі за мяжу.

Фонд BySol пачаў збор у падтрымку Irdorath. Мэта — сабраць 10 500 еўра.

«Сродкі патрэбныя на рэабілітацыю пасля калоніі і адаптацыю ў новай краіне. Але большая частка пойдзе на адраджэнне нашых творчых праектаў — мы хочам аднавіць музычныя інструменты і абсталяванне, каб працягваць натхняць беларусаў», — паведамілі музыкі.

Двое суддзяў з Гродна патрапілі пад санкцыі Еўрасаюза

суддзя Ганна Лявусік з суда Ленінскага раёна Гродна
Суддзя Ганна Лявусік. Фота: zubr.cc

Суддзі Ганна Лявусік і Дзмітрый Бубенчык трапілі ў санкцыйныя спісы Еўразвяза разам з яшчэ 35 іншымі фізічнымі асобамі. У спісе — начальнікі калоній, пракуроры, суддзі, прапагандысты, следчыя, міліцыянеры. Таксама пад санкцыі патрапілі тры беларускія кампаніі.

Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, таксама Аляксандр Карніенка — былы начальнік ПК-17, дзе загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.

Ім усім не будуць выдаваць візы і замарозяць іх магчымыя актывы ў Еўразвязе.

Праект «daroha» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем

Гэта праект блогера, былога журналіста «Белсата» Валерыя Руселіка. Ён родам з Гродна, але шмат гадоў жыве ў Варшаве. Рашэнне уключыць «daroha» у спіс экстрэмісцкіх фармаванняў МУС прыняла 2 жніўня 2023 года.

У Гродне затрымалі мужчыну, які вярнуўся з-за мяжы

Вячаслава Чарнецкага затрымалі каля ягонага аўтамабіля ў прыватным сэктары. У відэа сілавікі паказалі ягонае фота на маршах. Яны сцвярджаюць, што ён напісаў больш за 1000 паведамленняў з абразамі ў чатах і каналах.

Палітвязню Уладзіміру Гундару пагражаюць у калоніі крымінальнікі

Уладзімір Гундар упершыню змог патэлефанаваць сваякам з бабруйскай калоніі 3 жніўня. Ён не скардзіўся на ўмовы ўтрымання, ежы хапае, ён шмат бывае на вуліцы, піша і чытае там. Пра гэта «Позірку» расказала крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

«Аднак ён распавёў блізкім, што ёсць двое зняволеных паводле крымінальных артыкулаў, якія да яго чапляюцца, пагражаюць аж да збіцця. Гэта Яўген Ермаловіч і Віталь Раманенка», — паведаміла крыніца. Прычыны пагроз невядомыя.

Першапачаткова Гундар павінен быў патэлефанаваць родным 28 ліпеня, але з нейкай прычыны не змог. У адным з апошніх лістоў ён распавёў, што пакуль знаходзіцца ў камеры без заўваг, цэлымі днямі моліцца, чытае Біблію і мастацкую літаратуру, працягвае пісаць зборнікі на біблейскія тэмы.

Уладзіміра Гундара з 2021 года асудзілі тройчы, у тым ліку па справе Аўтуховіча. Ён атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі.

«Еўрагандаль» адмяніў рэкламу з блогерам Дзімам Дзімычам і даў справаздачу перад Бондаравай

Уладальнік «Еўраоптаў» прыняў рашэнне прыпыніць рэкламу з выявай блогера Дзмітрыя Сіўчыка (Дзім Дзімыча). Раней на яе паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава, якой прымроілася ў рэкламе «прапаганда ЛГБТ».

«Сапраўдным паведамляем, што ТАА „Еўрагандаль“ няўхільна прытрымліваецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў галіне рэкламы і культуры. Кіраўніцтва ТАА „Еўрагандаль“ падзяляе агульнапрынятыя ў Рэспубліцы Беларусь культурна-маральныя каштоўнасці беларускага народа. ТАА „Еўрагандаль“ з’яўляецца сацыяльна-арыентаванай арганізацыяй рознічнага гандлю, асноўнай задачай якой з’яўляецца задавальненне попыту насельніцтва на спажывецкія тавары», — напісалі ў адказе, які прыйшоў Бондаравай.

Таксама ў адказе адзначылі, што арганізацыя не пераследуе «ніякіх чужых беларускаму народу палітычных мэтаў».

Аляксандра Бірэту судзяць па крымінальнай справе ў Гродне

Мужчыну вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), паклёпе (арт. 188), паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта (арт. 367 ч.2), абразе прэзідэнта (арт. 368 ч.1).

Паседжанне прайшло ў панядзелак 7 жніўня ў судзе Гродзенскага раёна. Суддзя — Сініла Віталь Віктаравіч. Падчас працы ў Мастоўскім раённым судзе ён ужо выносіў прысуды па такіх жа палітычных артыкулах і адпраўляў людзей на «хімію» і ў калоніі.

Аляксандра Бірэту ў пачатку года судзілі па адміністрацыйных артыкулах за «экстрэмізм» і «нацысцкую сімволіку». Яго дадзеныя супадаюць са звесткамі гродзенскага прадпрымальніка, уладальніка адной з крам будматэрыялаў.

Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго гродзенца — нібыта за рэгістрацыю ў плане «Перамога»

Байцы АМАП уварваліся ў кватэру да жыхара Гродна і затрымалі яго за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога».

На відэа мужчына кажа, што зарэгістраваўся ў чат-боте «проста каб паглядзець, што ён з сябе ўяўляе». Затрыманага даставілі ў ІЧУ.

З’явіліся новыя «экстрэмісты» з Гродзенскай вобласці

Абнавіўся спіс грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У яго ўключылі жыхароў Гродзенскай вобласці:

  • Віскірскі Валерый Тадэвушавіч з Гродна;
  • Мацюта Кірыл Уладзіміравіч з Гродна;
  • Еўсюцін Аляксандр Леанідавіч з Ваўкавыска;
  • Шчарбакоў Раман Сяргеевіч з Астраўца;
  • Пузевіч Аляксандр Іванавіч з Ваўкавыска.

Усяго ў спісе «экстрэмістаў» ужо 3111 чалавек.

Лукашэнка выказаўся пра «карты паляка» гродзенскіх чыноўнікаў

У час паездкі ў Брэсцкую вобласць 1 жніўня Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб уладальніках карты паляка і прызнаўся, што сярод гродзенскіх чыноўнікаў яна ёсць у многіх.

«А што тычыцца карты паляка, ну мы прыстойна падрэзалі крылы гэтым людзям. Адчуваю, што гэтая тэма ёсць. Мы яшчэ раз вернемся да гэтай праблемы», — адказаў Лукашэнка. Ён паабяцаў у Адміністрацыі прэзідэнта прапрацаваць гэтае пытанне і паглядзець, якія рабіць наступныя крокі.

«Не хочацца пакрыўдзіць і людзей. Вось я ў Гродне з многімі знакам. Яны і ва ўладзе працуюць. Але карта паляка ў іх у кішэні ляжыць. Я кажу: «Мужыкі, ну як так?" — «Аляксандр Рыгоравіч, ды вы не хвалюйцеся, калі трэба — заўтра аддамо». Ну, кажа, усё бралі, мы ўзялі. Там паехаць кудысьці, яшчэ нейкая перавага была. Ну, усе атрымлівалі, кажа, і мы атрымалі. Не хочацца падрэзаць гэтых людзей. Таму мы робім акуратныя крокі», — сказаў Лукашэнка.

«Пераціскаць не трэба людзей. Людзі павінны жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадстве. Каб яны выказвалі пазіцыю сваю, нікога не баяліся. У адваротным выпадку навошта такая дзяржава, дзе будуць ціснуць людзей. Таму вельмі важна не перагнуць палку. Гэта не я прыдумаў. Гэта народны выраз. Але пра гэтых падумаем», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.