Часы, калі беларускамоўныя ў Беларусі ўспрымаліся як жменька змагароў і інтэлектуалаў, сышлі ў нябыт. Таксама як і час, калі іх лічылі перажыткам неадукаванай вёскі. Сённяшніх беларускамоўных больш цікавяць простыя рэчы – нераскрытая тэма сісек і падрабязнасці крымінальных разборак.

“Мы не збіраемся перавыхоўваць аўдыторыю і прапануем чытачам тыя навіны, якія яны згодны чытаць па-беларуску” – распавёў новы галоўрэд “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч на сустрэчы ў Гродне 29 верасня.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

Замест “хлеба-солі” – шмаравідла

Калі на зары “Нашай Нівы” беларусы патрабавалі “хлеба, солі, зямлі, волі” то зараз хочуць пераважна волі і шмаравідла для сэксу. Прынамсі, самымі чытанымі за апошнія паўгода былі менавіта рэпартаж з Дня Волі і артыкул пра гэта самае шмаравідла.

Найбольш папулярныя матэрыялы выдання, прызнае Марціновіч, былі якраз з рубрыкі “Каханне і сэкс”. “Гэта абсалютна нармальна. Мы абралі такую стратэгію, што прапануем чытачу тое, што яму хочацца прачытаць”.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

“Я разумею, што пра якую-небудзь выставу прачытае 500 чалавек. Тэкст пра шмаравідла ў выніку прачытала 70 тысяч. Для мяне прынцыпова, каб як мага большая колькасць людзей прачыталі слова “шмаравідла” з беларускім “і” ўсярэдзіне”.

Максімальны ахоп аўдыторыі, паводле Марціновіча, дазволіць “пратрымацца” на хаця б пасіўным веданні беларускай мовы да тых часоў, калі сітуацыя ў краіне зменіцца.

Хоць бла-бла-бла, але па беларуску

Ахоп аўдыторыі “Нашай Нівы” складае сёння каля 40 тысяч наведвальнікаў штодня. Прычым рэдактар ўпэўнены ў “абсалютнай лаяльнасці” гэтай аўдыторыі. Сярэднестатыстычны карыстальнік адкрывае 5 старонак і праводзіць на сайце 11,5 хвілін.

“Гэта найлепшы паказчык з усіх беларускіх медыяў у прынцыпе. Гэта азначае, што чытач высока ацэньвае працу”.

Ягор прызнае і наяўнасць “таго 1% людзей, што заходзяць на “Нашу Ніву”, каб потым напісаць у фэйсбуку, наколькі дэградавала выданне, і штодня абяцаюць “не буду ніколі больш яго чытаць”.  Далейшы шлях да поспеху, мяркуе галоўрэд, гэта “любыя тэмы і максімальная шырыня поглядаў”.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

“Тое, што сур’ёзнай інфармацыі робіцца менш – можа гэта натуральны працэс? У нас хапае і гісторыі, і літаратуры. Хто захоча – адшукае. Але ў сітуацыі цяперашняй мы павінны ісці за чытачом, які хоць у нейкім выглядзе гатовы атрымаць інфармацыю па-беларуску”.

Не падабаецца “Наша Ніва” – ідзіце на свае дзялкі

Інтэлектуалам, што чыталі “Нашу Ніву” раней і ўсё яшчэ спадзяюцца знайсці на яе інтэрнэт-старонках разумныя доўгія тэксты, рэдактар раіць пакінуць  надзею. “Ніхто не перашкаджае інтэлектуалам стварыць свой гурток па-беларуску і рабіць сваё інтэлектуальнае СМІ. Чамусці ўсе хочуць, каб гэта зрабіла “Наша Ніва”, але ніхто не хоча зрабіць сам”. Урэшце, пачытаць аналітыку па-беларуску можна на “Новым часе” ці на “Свабодзе”.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

Яшчэ адна нагода для максімальнага пашырэння аўдыторыі – непазбежная камерцыялізацыя СМІ. Яна стварае падмурак, дае фінансы і гарантыі для працы рэдакцыі.

“Калі ты ствараеш партал, каторы чытае 2000 чалавек, табе ніякі бізнес на камерцыйных умовах грошы ніколі не дасць. Таму што ён разумее – гэта мінімальная аўдыторыя, з якой не зможаш узяць шмат грошай”.

Фарфале не будзе

Рэдактар параўноўвае сітуацыю з пошукам інфармацыі з паходам у сталоўку:

“Калі я, напрыклад, прыходжу у сталовую і прашу:

– Дайце мне сасіску ў цесце. Прымітыўну. Самую звычайную.

А мне афіцыянт расказвае:

– Не бярыце, яна адстой, гэта абышто. Вазьміце фарфале.

Я не хачу фарфале, а мне пачынаюць тады тлумачыць:

– Не. Вы павінны ўзяць фарфале, вы павінны дарасці да адчування таго, што вы гурман і ўсё такое.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

Чытач нікому нічога не павінен. Калі імкнуцца яму “скармліваць” сур’ёзныя тэмы, ён проста развернецца, сыдзе і знойдзе той партал, на каторым яго не будуць вучыць, а дадуць пажаданую інфармацыю”.

“Наша Ніна”, альбо сherchez la femme па нашаніўску

Калі шлях да сэрдаў беларусаў нашаніўцы знайшлі, то з беларускамі пакуль усё не так проста. Ягор кажа, што “Нашу Ніву” з задавальненнем чытае яго мама і нават 83-гадовая бабуля, але яны пакуль што застаюцца ў меншасці. Жаночая частка аўдыторыі выдання складае толькі каля 30%. Выправіць сітуацыю намагаюцца з дапамогай “Нашай Ніны”, але і там пакуль што суадносіны жаночай і мужчынскай часткі аўдыторыі кладаюць каля 40 да 60, што далёка ад чаканняў рэдакцыі.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

Да таго ж, “Ніна” ад пачатку існавання патрапіла пад перакростны агонь. Са словаў Марціновіча, феміністкі сварацца, што яна транслюе занадта патрыярхальныя погляды, а прыхільнікі традыцыйнага ладу абвінавачваюць яе ў залішнім фемінізме. Так ці інакш, за беларусак нашаніўцам прыдзецца яшчэ пазмагацца. Чаго хочуць жанчыны застаецца для іх загадкай.

Планы і мары

Апроч жаночай навінкі ў планах рэдакцыі ёсць і стварэнне гістарычнага дадатку да “Нашай Нівы”. Ён таксама мае быць разлічаны на масавага чытача. “Там будзе хутчэй не пра развіцце філасофіі ХХ стагоддзя, а пра топ-5 каханак Станіслава Панятоўскага. Каб любы ўмоўны дзесяцікласнік змог атрымаць інфармацыю”. Паводле Ягора, “іначай – ніяк”. “Архэ мае наклад 300 асобнікаў. Там працуюць найсумленнейшыя гісторыкі, але іх чамусці не хоча ніхто чытаць”.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”

Стаўку “Наша Ніва” робіць на сённяшніх падлеткаў.

“Той, каму зараз 15-16 гадоў, праз 5 год адвучыцца ва ўніверсітэце, будзе самым перадавым і перспектыўным у плане аплаты. Хочам зачапіць падлеткаў, каб чыталі “Нашу Ніву”. Шкада, што 40-гадовыя сыходзяць – трошкі не склался. Але трэба глядзець на перспектыву”.

“Волі і шмаравідла”. Чаго насамрэч хочуць беларусы распавёў рэдактар “Нашай Нівы”