Спадчына

Выношваў ідэю ўсё жыццё: праваабаронца з Гродна напісаў раман пра каханне

Віктар Сазонаў - не толькі грамадскі актывіст і журналіст, але яшчэ і літаратар. Яго найноўная кніга — раман «Генетычны алфавіт» — выйшаў у Беластоку ў сярэдзіне кастрычніка. Hrodna.life даведаўся, як стваралася кніга і якую ідэю аўтар закладаў у яе.

Віктар Сазонаў - праваабаронца, пісьменнік, журналіст. Аўтар кніг «Занатоўкі кантрабандыста», «Сандалі мітрапалітыка», «Паэзія прозы», «Суседскія былі». Ладзіць прэзентацыю сваёй чарговай кнігі ў бліжэйшы час не плануе.

Ад Гродна да Вашынгтона

Падзеі рамана Віктара Сазонава ахопліваюць значную тэрыторыю. Яны адбываюцца ў Вашынгтоне, Маскве, Лондане, Варшаве, у былой Чэхаславакіі і на далёкім Усходзе. Беларусь жа і геаграфічна, і духоўна займае цэнтральнае месца ў творы. У рамане не абышлося і без персанажа з Гродна. Ёсць нават рэальны эпізод, што адбываўся на адной з вуліц горада.

Віктар Сазонаў са сваёй новай кнігай. Фота з архіву героя

Аўтар кажа, што ў кнізе паказаныя складанасці і раскіданасць лёсаў беларусаў, што адбываюцца не па іх волі.

«Трагізм сітуацыі ў тым, што ў пэўны гістарычны адрэзак, звязаны з часовай стратай дзяржаўнасці, іншыя вырашалі за беларусаў, дзе ім быць і чые інтарэсы абараняць. Адсюль і высновы: адраджаць, захоўваць і бараніць сваё. Як сваё каханне, так і сваю зямлю. І тое і другое непазбежна падвяргаецца нападкам», — рэзюмуе аўтар.

Геаграфічная кропка адліку ў рамане — маленькая вёска на засакрэчанай тэрыторыі, у радыусе 100 кіламетраў вакол Мінску. Там нараджаецца каханне персанажаў кнігі.

«Туды скіраваныя асноўныя дзеянні і тых сілаў, якія нішчаць гэтае каханне ў розны спосаб, свядомы і несвядомы, нішчаць любоў дзеля сваіх абсалютна неакрэсленых у прасторы вечнасці мэтаў. А права на каханне і любоў пачынаюць адстойваць усё большая колькасць персанажаў з розных беларускіх мясцін, яднаючы ўсю гэтую тэрыторыю сваімі пачуццямі і марамі», — інтрыгуе аўтар.

Галоўная ідэя — змаганне за сваё каханне

Сюжэт кнігі круціцца вакол кахання. Аўтар перакананы, што «здольнасць кахаць, дар кахання, само каханне ствараюць цэлы свет гармоніі і паўнаты».

«Закаханыя ёсць людзьмі шчаслівымі ўжо проста па факце самога кахання між імі. І яны берагуць гэтае пачуццё ў сваім найперш духоўным яднанні, хочуць увесь свет вакол сябе бачыць такім жа шчаслівым. Усё, што ім трэба, гэта толькі каханне», — тлумачыць пісьменнік.

Гэтае каханне, кажа аўтар, праходзіць праз выпрабаванні і дапаўняецца «новымі шляхетнымі пачуццямі, такімі як лагічная для працягу кахання любоў да дзяцей». Так гэта паняцце напаўняецца новым разуменнем і ўсведамленнем любові да свайго роду, народу, прыроды, радзімы — усё звязанае з коранем «род», адзначае Сазонаў.

Фота з асабістага архіву Віктара Сазонава

Антаганісты ў кнізе гэта тыя, хто, на думку аўтара, няздольныя на вялікае і чыстае каханне, а таму супрацьстаяць закаханым.

«Усе праявы зла ёсць нападкамі на праявы кахання і любові. Бо любоў ёсць дабро. А самая галоўная і спрадвечная бітва свету — барацьба дабра і зла».

Далей аўтар «не раскрывае карты». Кажа толькі, што кожны павінен успрыняць сюжэт індывідуальна, пераломліваючы праз асабісты жыццёвы досвед.

Натхняла каханне і любоў да блізкіх ды Радзімы

Ідэю напісаць раман Віктар Сазонаў выношваў усё жыццё. Усё, што бачыў, пра што гаварыў з сябрамі, пра што марыў, пакінула адбітак на яго творчасці.

«Чым натхняўся? Гэта відавочна. Натхняць на твор пра каханне і любоў можа толькі каханне і любоў. Каханне да жанчыны, і любоў да яе ж, да сваіх дзяцей ды бацькоў, да сваёй прыроды, роду, народу, Радзімы», — разважае літаратар.

Характары герояў спісаныя з рэальных людзей

Ранейшыя кнігі Віктара Сазонава — «Суседскія былі», «Сандалі мітрапалітыка», «Занатоўкі кантрабандыста» — утрымлівалі ў сабе рэальныя гісторыі, адаптаваныя аўтарам для чытача. Сазонаў лічыць, што чалавек не можа прыдумаць таго, чаго не можа быць у прынцыпе.

«Нашы прыдумкі, нават самыя фантастычныя, абмежаваныя існуючай рэальнасцю і рэчаіснасцю, якую мы спазналі практычна або тэарэтычна. Прачыталі, прыснілі, або нам пра яе распавялі».

Фота з асабістага архіву Віктара Сазонава

Віктар перакананы, што ў творчасці ўсё варта максімальна падводзіць да асабістага досведу. Усе характары, усе паводзіны герояў мусяць быць максімальна рэальнымі. У творах пісьменніка, у тым ліку і ў новым рамане, ёсць зборныя вобразы, а ёсць і такія, характары якіх цалкам спісаныя з рэальнага чалавека.

«Іншая справа, што гэты чалавек у кнізе можа патрапляць і ў нетыповыя для яго рэальнага жыцця сітуацыі. Тут важна максімальна дакладна пралічыць, як ён сябе там павядзе», — рэзюмуе пісьменнік.

Твор прысвечаны жонцы

Кніга выйшла найперш дзякуючы рэдактару і выдаўцу Яўгену Вапу з Беластока. Сазонаў працаваў над раманам у цеснай звязцы з ім, пры напісанні абмяркоўвалася ледзьве не кожная фраза.

«Таму ў кнізе выкарыстаны не толькі яго рэдактарскі талент, але і разнастайныя творчыя падарункі», — кажа аўтар. Узгадвае ён і іншых, хто спрычыніўся да выдання: фатографа, карэктараў, дызайнераў, сям’ю ды сяброў.

«І вось тут дадам да пытання пра натхненне. Гэты твор прысвечаны маёй жонцы Галіне. Без пражытага і зведанага ў жыцці разам з ёй, наўрад ці ўзнікла б тое натхненне і нават сама думка напісаць раман пра каханне».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024