«Я прайшоў шлях ад майнкрафтара да сацыяльнага эксперыментатара Беларусі №1», – так пра сябе кажа 18-гадовы відэаблогер Ірман Мякіш. Гродзенец здымае ролікі ўжо тры гады, але толькі у 2019 яму ўдалося стаць заўважным.

Кар’еру на YouTube Ірман пачаў як гулец «Minecraft». Рабіў стрымы, сумарная колькасць праглядаў якіх даходзіла да 100 тысяч. Тады ён і зарабіў першыя грошы ў інтэрнэце.

«Гульня прыносіць стабільныя прагляды і рэкламныя інтэграцыі, але пачынае надакучваць. У 2017 годзе я актыўна назіраў за блогерамі, якія выпускалі пранкі і агляды ежы. Вырашыў сам рабіць нешта падобнае і купіў камеру. Але пры змене фармату відэа я страціў аўдыторыю. Сышлі людзі,
якія глядзелі мяне толькі дзеля стрымаў гульні. Сярэдняя колькасць праглядаў відэа ўпала з 5 тысяч да 1-2».

Ірман задумаўся над новымі фарматамі відэа.

«Сябры казалі: калі хочаш быць папулярным, трэба рабіць жорсткія і амаральныя ролікі. Тады на піку быў Эдвард Біл – ён уварваўся на YouTube з наватарскімі пранкамі, якія перапоўненыя жэсцю. У такога фармату з’явіліся падаўжальнікі – блогеры, якія пачалі рабіць нешта падобнае. Я паспрабаваў зрабіць падобнае ў Гродне: «бойка ў пераходзе», «пахабныя валянцінкі» (гэта відэа было выдаленае за абразу пачуццяў геяў), «купляю майткі ў дзяўчат» і «людзі вядуцца на 1$».

Такія відэа атрымліваюць прагляды, але разам з імі і негатыўныя каментары ад падпісчыкаў.

«Гэта было не тое, чым я хацеў займацца. Пасля доўгіх пошукаў я знайшоў свой фармат – сацыяльныя эксперыменты. Я змог даказаць: каб цябе глядзелі, не абавязкова рабіць жорстка і амаральна. Я натхніўся старымі і забытымі эксперыментамі праекта «Ракомакафо».

Цяпер у Ірмана амаль 7 тысяч падпісчыкаў. Толькі за першы месяц новага года на гродзенца падпісалася 2 тысячы новых карыстальнікаў YouTube.

«Найлепшы інструмент для раскруткі – добры і рэгулярны кантэнт. Узрост маіх гледачоў – 25-34 гадоў. Гэта 50% з Беларусі, 30% з Расіі, астатнія 20% з іншых рускамоўных краін. Самае паспяховае відэа – «булінг школьніка». Для мяне яшчэ ў працэсе здымкі было ясна, што відэа з булінгам будзе мець шмат праглядаў. Гэта быў самы яркі мой сацыяльны эксперымент. Вынік – амаль 120 тысяч праглядаў.

Для мяне няма няўдалых эксперыментаў. Адсутнасць рэакцыі – таксама рэакцыя, якую можна публікаваць. Мяне вельмі здзівіў трохгадзінны эксперымент з афрыканцам: ён ляжаў на зямлі і прасіў дапамогі, але ўсё праходзілі міма. Такой рэакцыяй я быў шакаваны».

Стварэнне відэакантэнту ў Ірмана займае ад 3 дзён да 2 тыдняў. У гэта ўваходзяць распрацоўка ідэі, пошук акцёраў, здымкі, мантаж і ўласна выпуск. Напрыклад, здымкі апошняга роліка пра курэнне занялі 3 дні па 8 гадзін кожны. Здымкі пра булінг школьніка – 5 дзён па 6 гадзін. У стварэнні роліка заўсёды задзейнічана некалькі чалавек. Пакуль відэаэксперыменты для Ірмана гэта больш хобі, але гродзенец плануе развіваць свой канал і зарабляць на ім.

«Я працую і вучуся, а відэа займаюся ў вольны час. Невялікі заробак YouTube мне прыносіць, рэклама на канале каштуе грошай. 5 з 10 кампаній у Гродне згаджаюцца на супрацоўніцтва, усё ж такой колькасці праглядаў і тыпу кантэнту ў Гродна ніхто не мае».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам “Твой стыль”. У канцы 2018 выдаў кнігу “Горад адзін, успаміны розныя”, дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930-40-я гады.