Чарговы выпуск з цыклу кароткіх відэаэкскурсій па Гродне прысвечаны будынку, які пасля дзесяцігоддзяў запусцення дачакаўся рэканструкцыі.
Чытайце таксама: Чаму вежы на доме купца Мураўёва пафарбавалі ў блакітны колер?
Так званы дом купцоў Мураўёвых пабудаваны паміж 1892 і 1899 гадамі.
Пляцам, дзе ён стаіць, на канец ХІХ стагоддзя валодалі купцы Мураўёвы. Згодна з Інай Соркінай, у 1886 годзе ім валодаў купец Іван Мураўёў, у 1910 годзе — купцы Васіль Іванавіч і Мікалай Іванавіч Мураўёвы.
Магчыма, будынак праектаваў той самы архітэктар, які аднаўляў пасля пажару вялікую харальную сінагогу на Вялікай Траецкай — Маісей Любіч.

Пад будынкам знаходзяцца шматузроўневыя падвалы, якія адносяць да больш ранніх часоў.
Будынак быў багата аздоблены звонку і ўнутры. На вежках знаходзіліся гербавыя шчыты (відаць, гіпсавыя). Адзін са шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гадоў. Уздоўж даху будынка ішоў разны, магчыма драўляны, карніз, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х.
Багатым было і ўнутранае аздабленне: некалькі кафляных печак, ляпніна, каваныя дэталі.

Дом Мураўёвых ад моманту пабудовы да нядаўняга часу быў пафарбаваны ў чырвоны колер.
Доўгі час, каля 40 гадоў, у будынку месцілася абласная бібліятэка, якая ў 90-х гадах пераехала ў Новы замак.
З таго часу будынак знаходзіцца на рэстаўрацыі. На жаль, за гэты час было страчана амаль усё шыкоўнае ўнутранае аздабленне дома.

Зараз дом купцоў Мураўёвых перабудоўваюць пад гатэль. Спадзяемся, новыя гаспадары зробяць добрую рэканструкцыю будынка, які ўпрыгожвае цэнтр горада.