Гэты мост у Гродне існуе з 1960-х гадоў. Ён быў стратэгічным аб’ектам з вайсковай аховай, закінутай «заброшкай» і любімым месцам джампераў, а зараз набывае новае жыццё. Ад траўня 2020 ідзе яго рэканструкцыя. Мост стане аўтамабільным. Ён злучыць Альшанку, Паўднёвы і Вішнявец з трасай М6 і замкне кола дарог вакол Гродна.

Жыццё першае — рэжымны аб’ект з ваенізаванай аховай

Чыгуначны мост пабудавалі ў 1963−1965 гадах. Ён злучаў «Азот» і «Хімвалакно» з чыгуначнай станцыяй у Брузгах. Да сярэдзіны 90-х яго выкарыстоўвалі для перавозкі службовых грузаў паміж прадпрыемствамі. Пасля развалу Саюза мост амаль не выкарыстоўваўся, але на ім заставалася ваенізаваная ахова. Лічылася, што гэта стратэгічны аб’ект. Знялі ахову толькі ў 2009 годзе, калі дэмантавалі рэйкі.

Другое жыццё моста — пляцоўка для скокаў з вяроўкай

Амаль адразу, як з маста знялі ахову, аго аблюбавалі роўп-джамперы. Сюды мог прыйсці практычна любы ахвотны да экстрыму і скочыць проста з моста ўніз галавой. Вышыня над вадой — больш за 30 метраў, параўнальная з 11-павярховых будынкам.

Гэта забава не была дазволенай. Фармальна мост быў зачынены. Уваходы на яго закрывалі бетонныя пліты.

Але ахвотныя да вострых уражанняў іх лёгка пераадольвалі. Амаль кожныя выхадныя гродзенцы скакалі з моста.

Аднаўленне і пачатак трэцяга жыцця

Першы раз пра магчымую рэканструкцыю маста загаварылі ў 2012. Нібыта яго пабачыў з верталёта тагачасны намеснік кіраўніка вобласці Уладзімір Дзяшко і заўважыў, што мост натуральна можа стаць часткай гродзенскай кальцавой.

З часам паблізу маста з’явіўся мікрараён Альшанка, значна пашырыліся Паўднёвы і Вішнявец. Мост стаў патрэбен як ніколі раней.


У Гродне пачалі дэмантаж палатна закінутага чыгуначнага моста на Вішняўцы. ФОТА


Яго даследавалі на захаванне апорнай здольнасці і ўвесну 2020 пачалі рэканструкцыю.

Чытайце таксама: Колькі каштуе чацвёрты аўтамабільны мост у Гродне

Згодна з праектам, новы мост пашырыцца да 30 метраў і будзе чатырохпалосным. Даўжыня моста складзе каля 240 м. Будуць выкарыстаны 7 з 9 існуючых апор. Апроч дарогі для аўтамабіляў праект прадугледжвае ходнікі для пешых і веласцежку. Скончыць будоўлю запланавана ў чэрвені 2021 года.

Глядзі іншыя «Экскурсіі (вакол) аднаго дома»: