Сумесны праект Hrodna.life і выдавецтва «ЮрсаПрынт» працягвае знаемства з цікавымі кнігамі, што выдаюцца ў Гродне. Гэтым разам мы прадстаўляем першую ў рубрыцы жанчыну-аўтарку — Святлану Куль. Прапануем пазнаёміцца з абранымі вершамі яе другога паэтычнага зборніка і выцінанкамі Вольгі Бабурынай, выкарыстанымі ў аздабленні кнігі.
Набыць кніжку можна ў выдавецтве «ЮрсаПрынт». Для чытачоў і падпісчыкаў Hrodna.life ёсць зніжкі.
Наканаваннем лёсу для доктара гістарычных навук, выкладчыцы гісторыі культуры, архітэктуры і мастацтва, стваральніцы ўнікальнага курса беларускай гістарычнай храналогіі - Святланы Куль — адкрылася натхненне пісаць выдатныя вершы. У кожным з іх — лірычны водгук аўтаркі як на сюжэты сівой мінуўшчыны, так і сённяшні роздум, звязаны з хуткаплыннымі падзеямі сучаснага жыцця.
Першая кніга выйшла ў 2012 годзе. Творы гэтай серыі друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Верасень», «Стары замак», газетах «Літаратура і мастацтва» і «Наша Ніва».
Адною нас жыццё пашыла меркай,
Спляла ў адну жыццёвую канву
Чырвоны з сінім — дзіду і люстэрка.
У Бога не прашу спакойных дзён,
Падзелім разам радасці і страты,
Адное хай пашле ласкава Ён:
Каб за апошняй рыскай — тая ж дата.
Мой час сапсаваўся, не вытрымаў гэтага лета,
Зламалася нешта — ці голас, ці сэрца, ці памяць.
Пайду да майстэрні, дзе ёсць дзыгармайстар-кабета,
Яе папрашу — можа час паламаны паправіць.
Скажу, хай праверыць, бо стрэлкі знянацку застылі
І, нібыта сэрца, трымцяць над старым цыферблатам,
Няхай памяняе ад стрэлаў ахрыплыя жылы,
Не трэба, каб поўнач у ім адбівалі гарматы.
Ён раптам пачаў нестасоўна акрэсліваць дату.
Хай гляне завод, хай яго памяняе на лепшы,
Бо лічбы адныя: бывае, што трыццаць дзявяты,
А часам пакажа, што сёлета ў нас сорак першы.
Хай зноў ажыве, і хвіліны татахкаюць ціха.
Пайду да майстэрні, што ёсць на Вялікай Траецкай.
Папраў нам эпоху. Папраў нам эпоху, майстрыха!
Папраў ёй сумленне, і голас, і памяць, і сэрца.
Мяне пакіньце тут, каля каменняў,
На лавачцы счарнелай і амшэлай,
Я застануся тут душой і целам,
Калі памру, пушчу ў зямлю карэнні,
Каб на вякі,
Бо тут канец дарогам,
І тут пачатак кожнае сцяжыны,
Тут месца для народзін і спачыну,
Адсюль душа лягчэй гаворыць з Богам.
Далёка па-за гэтай агароджай
Жыве маё няўрымслівае цела,
Але душа … Яна заўжды сядзела
На лавачцы амшэлай ля Каложы.
1.06.16
Твой ветразь ваўняны схаваны даўно і далёка,
Не знойдуцца вёслы, зламаны сігнальны ліхтар,
Гніе на ўзбярэжжы забыты драпежны дракар —
На носе бракуе пачварнага моцнага цмока.
Даплыў, адшукаў у суровым паходзе Вальгалу,
Між фіёрдаў і шхераў, ільдзістых вандруючых гор,
Краіну, дзе з воямі лепшымі бавіцца Тор?
Ці проста славянка цябе незнарок пакахала?
Твой ветразь ваўняны іржа-ліхадзейка паточыць,
Як пена марская, ссівеюць твае валасы,
Закрыюць дарогу вятрам пералескі-лясы
І мора заменяць славянскія сінія вочы.
***
Мой няшчасны беларускі Бог
На крыжы павешаны пад столяй,
Глянь — чаруе восень наваколле,
Золатам гарыць ля Нёмна лог
Пад гарой з вясёлкавай Каложай,
Калі б толькі ты аднойчы змог
Выйсці з храма, беларускі Божа!
Вязніцай царква або касцёл,
Мураваных ветразяў каменні
Не варушыць вецер на скляпеннях,
Не зіхціць апалае лісцё,
Не палаюць з прымаразка клёны.
Тут абкладаў мёртвае ліццё
Закрывае дрэва на іконах.
Ты забыў, як пахнуць туманы,
Як мурог дыван пад ногі сцеле,
Як звініць апалая каштэля —
Лепей, чым царкоўныя званы,
Як палын шапоча прыдарожны,
І якія ўвосень сняцца сны.
Ты забыў, мой беларускі Божа!
Глянь, як сцежка ўецца ўздоўж ракі,
Чырванеюць гронкі на рабінах,
Як буслы ляцяць самотным клінам —
Ты не бачыў гэтага вякі!
Можа быць, мне толькі падалося,
Што з далоняў бразнулі цвікі -
Беларускі Бог пайшоў у восень…
11−12.16.
«Жоўты пясок на шляху,
Слёзы струменем салёным,
Еду і еду пакуль
Ззаду праклятыя клёны
Горка лісцём шапацяць,
Невадам цень адбіваюць.
Колькі там шыбеніц? Пяць.
Шостая вісне — пустая.
Не пераехаць бяды,
Знішчана воля дашчэнту.
Не паглядзець бы туды.
Хлопцы вісяць. Інсургенты.
Паніч павешаны наш.
А маладзенькі, нябога!
Шлях на нядзельны кірмаш —
Лепей да пекла дарога.
Не паглядзець і не зняць,
Бо каравул на гадзінах.
Колькі там шыбеніц? Пяць.
Грузам на моцных галінах.
Нібы прыблудных сабак,
Нібы забойцаў шалёных
Вешаў маскоўскі казак
На прыдарожныя клёны.»
Конік бяжыць вараны,
Побач з паночкам не стане.
Знакам мужыцкай віны
Шостая вісне — пустая.
***
У фантан, прысвечаны дзеве,
У магічны фантан дэ Трэві,
Ці зімою, а можа ўлетку
Я калісьці кіну манетку,
Каб вярнуцца ў горад палацаў,
Акведукаў, мастоў і п’яца,
А пасля паеду дадому,
Дзе душу я кінула ў Нёман —
Каб застацца.
***
І толькі ўначы будуць сніцца знаёмыя дзюны,
Душа, нібы чайка, над морам пакружыць у сне,
Ды часам рука на царкоўных каменнях пачне
Пісаць мімаволі старыя магічныя руны.
Байка пра мышку.
(маім калегам)
У адным каралеўстве мышыным
Без належных законных падстаў
Цараваць запрасілі ката,
Каб трымаў між мышэй дысцыпліну.
І жыццё пацякло па раскладу,
Па адзіным каціным клішэ:
На работу ганялі мышэй,
І на свята вадзілі парадам.
Прапісалі памер нарыхтоўкі -
Колькі зерня ў начную пару
Трэба мышы прынесці ў нару
Абмінаючы ўсе мышалоўкі.
І народ працаваў, як машына,
І свабоду губляў спакваля
Пад уладай ката-караля,
Пад няўмольным наглядам каціным.
Толькі ў тым каралеўстве панылым,
Дзе жылі сваякі і радня,
Непрыкметныя мышка штодня
Два маленькія крыльцы расціла.
І аднойчы пад носам каціным,
Што тырчаў над мышамі, як пан,
У нябёсы падняўся кажан
І свабодна лунаў над краінай.
Набыць кнігу можна наўпрост у выдавецтве «ЮрсаПрынт» па адрасе вул. Карла Маркса, 11, ад 9.00 да 17.00, у працоўныя дні.
Пры пакупцы кнігі ў выдаўца чытачы Hrodna.life будуць мець зніжку ў 5%. Зніжка для падпісчыкаў cайта складае 10%.
[irp posts="50 898″ name="Знаёмства з кнігай: Вінцэнт Гадлеўскі" Андрэя Вашкевіча"]
[irp posts="51 321″ name="Знаёмства з кнігай. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда" Васіля Герасімчыка"]
[irp posts="49 453″ name="Знаёмства з кнігай: «На Гродзенскім бруку» Андрэя Вашкевіча і Віктара Саяпіна"]
[irp posts="43 790″ name="Знаёмства з кнігай: Шэпт пажоўклых старонак" Леаніда Лаўрэша"]
[irp posts="41 779″ name="Знаёмства з кнігай: Гродно и гродненцы" Віктара Саяпіна"]
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…