Дадаць навіну
Панядзелак, 15 кастрычніка 2018, 21:29

Велападарожніца з Бразіліі дала Беларусі другі шанец: пасля правалу ў Брэсце прыехала ў Гродна

51-гадовая велападарожніца з Бразіліі Андрэа Малафая дэ Фігейрэду вырашыла даць другі шанец Беларусі і зноў прыехала да нас на некалькі дзён. На гэты раз у Гродна. Але, як і ў Брэсце, спачатку яна сутыкнулася з цяжкасцямі пры рэгістрацыі.

Да нядаўняга часу Андрэа нічога не ведала пра Беларусь, як і большасць бразільцаў. Але ў 2017 годзе ў хостэле ў Албаніі жанчына пазнаёмілася з Вольгай з Мінска, якая яе натхніла на падарожжа ў невядомую краіну.

У канцы чэрвеня 2018 года Андрэа прыехала ў Брэст, але надоўга там не затрымалася ды пакінула горад засмучанай – ніхто не размаўляў на замежных мовах і не мог ёй нічога патлумачыць. Яна не змагла зарэгістравацца ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі, а гэта абавязова.

Падарожніца паехала ў Беласток і планавала адтуль трапіць у Літву, але знаёмыя ўгаварылі яе даць Беларусі другі шанец. 6 ліпеня Андрэа прыехала ў Гродна.

“У новым беларускім горадзе я сутыкнулася з тымі ж праблемамі, што і ў Брэсце. Гэта праблемы з рэгістрацыяй, – кажа Андрэа. – Калі не атрымаецца іх вырашыць, паеду з Беларусі. Я не ведаю што рабіць і ніхто не ведае. Я хачу падарожнічаць, як у Еўропе і быць не прывязанай да нейкага месца, але ў Беларусі гэта не так – трэба рэгістравацца”.

Андрэа спынілася ў гродзенскім хостэле “Kip Town”

У Беларусі адчула сябе дзіцём

Адлегласць, якую праязджае Андрэя на сваім ровары за дзень, залежыць ад многіх фактараў: настрою, самаадчування, надвор’я і іншага. Да Гродна жанчына пераадолела каля 100 км і спынялася на Аўгустоўскім канале, каб палюбавацца прыгожымі відамі. Падарожніца кажа, што стараецца шукаць маленькія і невядомыя гарады, прыгожыя месцы, пра якія мала хто ведае.

“За тры гады падарожжа я наведала розныя краіны, дзесьці патрэбна была віза, дзесьці не, і нідзе не было ў мяне ніякіх праблем, – распавядае Андрэа. – У Беларусі бразільцам віза не патрэбна. І быццам усё павінна было прайсці без праблем, але вашы правілы і законы складзеныя некарэктна і ніхто нічога не ведае. Адзін кажа адно, другі іншае і пры гэтым ніхто не размаўляе на англійскай мове.

Вельмі дзіўна, што людзі, якія працуюць на мяжы і ў міграцыйнай службе не гавораць на замежнай мове, а на сайце няма інфармацыі для замежнікаў. Менавіта таму мне тут было вельмі складана разабрацца. У Беларусі я адчула сябе дзіцём. І гэтая краіна стала для мяне сапраўдным выпрабаваннем. Я кінула сабе выклік, але не думала што будзе настолькі складана”.

Андрэа прыехала ў Беларусь без візы. Для грамадзян Бразіліі, якія прыязджаюць да нас для транзіту, турызму або па працы, не трэба візы на тэрмін да 90 дзён. Адзіная ўмова – госць абавязаны зарэгістравацца на працягу пяці сутак у падраздзяленні Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. З гэтым і паўсталі праблемы ў падарожніцы.

“Куды хачу, на колькі хачу і калі хачу”

Андрэа падарожнічае ўжо тры гады і наведала больш за 30 краін на розных кантынентах. Была ў Амерыцы, Азіі і Еўропе.

“Я ўжо не магу сябе прымусіць не падарожнічаць, – кажа Андрэа. – Калі вяртаюся дадому, я зноў адчуваю, што хачу ў дарогу. Я сумую дома па падарожжы. Людзі часам кажуць, што я вар’ятка, таму што ў мяне няма дакладнага плана – колькі дзён павінна доўжыцца падарожжа ці колькі кіламетраў павінна праехаць. У мяне ёсць проста напрамак, у якім я хачу рухацца. I я не хачу абмяжоўвацца нейкімі рамкамі, так што еду куды хачу, на колькі хачу і калі хачу”.

Андрэа падчас падарожжа. Жанчыне 51 год і яна на пенсіі. Падарожнічае за кошт пенсіі і за кошт таго, што ў Бразіліі здае сваю кватэру.

Не турбуюся і проста кручу педалі

У снежні Андрэа плануе вярнуцца ў Бразілію, але не ведае, колькі яшчэ кіламетраў праедзе да таго часу. У планах у Андрэа застацца ў Беларусі на месяц, калі ўсё атрымаецца з рэгістрацыяй, а пасля наведаць Літву, Латвію і Эстонію. Далей жанчына паедзе альбо ў Англію, альбо Расію, а канчатковай кропкай падарожжа стане горад Тромсе ў Нарвегіі, дзе падарожніца хоча ўбачыць паўночнае ззянне.

“У мяне ўжо ёсць планы і на наступны год. Хачу паехаць у падарожжа на тры месяцы па скандынаўскіх краінах. І зноў на сваім ровары. Але насамрэч я дрэнны веласіпедыст, таму што я нічога не разумею ў роварах. Адзінае, што я магу паправіць, дык гэта заляпіць камеру. Я не турбуюся і проста кручу педалі. Калі нешта зламаецца – буду шукаць дапамогу”.

Падарожніца з Бразіліі ў Гродне на вуліцы Карла Маркса

Як стала вядома Hrodna.life, Андрэа ўсё ж зарэгістравалася ў міграцыйнай службе ў Гродне, але толькі пасля дапамогі журналістаў TUT.BY. Цяпер жанчына можа знаходзіцца ў Беларусі да 90 дзён.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: