Як прытрымлівацца веганства і zero waste у Беларусі: вопыт валанцёркі з Германіі

У Аляксандры Іллюкевіч беларускія карані, але вырасла яна ў Германіі. Нядаўна яна на год прыязджала ў Гродна: вывучыць беларускую мову і пазнаёміцца ​​з радзімай. Аказалася, жыць звыклым жыццём тут складана. Прыйшлося лаяцца з касіркамі, якія намагаюцца пакласці кожны банан у асобны пластыкавы пакет. Затое прыемным адкрыццём стала… беларуская туалетная папера.

Біяграфія ў Аляксандры цікавая. Нарадзілася яна ў Мінску, калі там вучыліся бацькі. Бацька — беларус са Слуцка. Мама нарадзілася ў Казахстане, вырасла ва Узбекістане. Бабуля па маме — немка, якая нарадзілася і вырасла ва Украіне. Дзядуля — татарын.

Аляксандра ў Слуцку
У 1999 годзе сям’я пераехала ў Нямеччыну. Гэтага пасля смерці мужа хацела бабуля Аляксандры. Там жылі яе сваякі - карэнныя немцы. Так сям’я Іллюкевіч — мама, тата і Аляксандра з братам — апынуліся ў Нямеччыне. Вырасла яна на поўначы Баварыі ў горадзе Бамберг. Вучылася ў Ене, які раней быў у ГДР.

— У Гродна вырашыла прыехаць, таму што шмат падарожнічала і вучыла замежныя мовы. І ўсё неяк думала, што столькі моў, а сваёй роднай — беларускай — не ведаю. Ды і руская благая [Аляксандра надта сціплая, яна цудоўна размаўляе па-руску — аўт.]. Таму цягнула ў Беларусь.

«Я чакала, што горад будзе больш жывы»

Аляксандра шукала працу і натыкнулася на праект «Універсітэт Залатога Веку» ў Гродне. Сюды яна прыехала як валанцёр восенню 2018 года і з’ехала ў пачатку гэтага лета. Выкладала нямецкую і англійскую мовы ў «УЗВ». Першы час вывучала беларускую мову, хадзіла ў «Цэнтр гарадскога жыцця», вяла сшыткі, дзе запісвала словы, вершы, рэкамендацыі беларускамоўных кніг. Потым ездзіла ў Мінск, да беларускіх сваякоў, сяброў. Кажа, Мінск спадабаўся — ёсць шмат усяго, звязанага з эка і веганствам. Гродна таксама спадабаўся, але не ўсе чаканні спраўдзіліся.

Аляксандра на «Мова Нанова Гародня»
— Я чакала, што горад будзе больш жывы. Таму што ўсё ж такі горад вялікі - 350 тысяч чалавек. Калі параўноўваць з горадам, у якім я вучылася ва ўніверы, там 100 тысяч і студэнты больш актыўныя, пастаянна нейкія мерапрыемствы, дзвіжуха. Я прыехала ў канцы кастрычніка: разумею, што зіма, усе залазяць у бярлогі і нічога не адбываецца. А потым ужо да лета, калі мне трэба было ад’язджаць, у канцы чэрвеня, якраз усё пачынаецца. Усе расквітае, усе вылазяць, шпацыруюць, нейкія канцэрты, мерапрыемствы, кірмашы. А ў нас зiмы не такія халодныя, круглы год нешта адбываецца. Можа, трэба было шукаць дзвіжуху, быць самой больш актыўнай, — разважае Аляксандра.

Як стала веганам

На веганства Аляксандра перайшла, калі пераехала ад бацькоў вучыцца ў Ену на сацыёлага. Кажа, у гуманітарных універсітэтах звычайна вучацца людзі, якія так ці інакш звязаны з тэмамі вегетарыянства, веганства, экалогіі - «альтэрнатыўнага ладу жыцця». Яна трапіла ў гэтае асяроддзе і пачала задумвацца пра мяса, яйкі, малако. Спачатку гэта было неўсвядомлена. Было непрыемна гатаваць для сябе мяса — кранаць яго, рэзаць. Аляксандра пачала перастройваць харчаванне і знаходзіць інфармацыю пра склад прадуктаў: ​​у мясе могуць быць антыбіётыкі, у цукерках — шмат шкоднай «хіміі». Так натыкнулася на веганства. Потым стала больш унікаць у экалогію, ва ўмовы ўтрымання жывёл на фермах, і гэта стала важней. А яшчэ яна лічыць, што веганства — добрая штука, каб падтрымліваць здароўе.

— Мне было цікава знаходзіць нейкія новыя прадукты, новыя рэцэпты. Было цікава спрабаваць замяніць яйка бананам, авакада, нутам. Спачатку было цікава выпрабаваць соевае мяса, соевае, аўсянае, міндальнае, рысавае малако, ёгурты, марозіва з соі - як гэта?

Веганскае марожанае
Але потым я стала мінімалісткай. Стала задумвацца: ці праўда мне трэба ўсё, што я купляю? Я ж магу сама сёе-тое зрабіць. Сёе-тое проста мне не трэба купляць. Дапусцім, калі мне захацелася кашу зварыць, можна не на малацэ, а проста на вадзе. І яна будзе таксама смачнай, калі туды дадаць садавіну, разынкі. Люблю гатаваць проста: бульбачка, рыс плюс гародніна, аўсянка, грэчка плюс садавіна. Нічога такога закручанага. Часам хочацца піцу веганскую. Пайшоў у краму — купіў піцу. Пайшоў у краму — купіў ёгурцік, шакаладку на рысавым малацэ з арэшкамі. Але гэта вельмі рэдка.

Аляксандра кажа, што нават у Германіі купляць заменнікі мяса і яек — дорага. А веганскае малако даражэй за звычайнае ў тры разы.
Да таго ж, часта такія прадукты спакаваныя ў пластык, вытворчасць якога Аляксандра не хоча падтрымліваць.

Як выжыць вегану ў Гродне?

— У Нямеччыне веганскія прадукты вельмі лёгка знайсці. У буйных крамах розныя віды малака веганскага, розныя віды тофу, нейкія каўбаскі, сасіскі, сыры. У маленькіх крамах соевае малако і тофу дакладна ёсць. У кавяраньках соевае малако.

Звычайна ў меню усё пазначана адмысловымі значкамі для вегетарыянскай, веганскай ежы — нават пытацца не трэба.

Аляксандра з сяброўкамі пад Гродна
У Гродне ўсюды можна знайсці аўсянае малако, у адной краме ёсць тофу і «нешта тыпу веганскіх ёгурцікаў». Веганскі сыр — толькі ў Мінску. Параўноўваючы веганскія крамы ў Мінску, Вільні і Беластоку, Аляксандра кажа, што ў Мінску выбар так сабе, а ў апошніх двух — як у Германіі.

— У пачатку было вельмі складана, потым сябры падказвалі штосьці для разнастайнасці: блінцы, варэнікі. З месцаў магу параіць «Несцерку». Я мала куды хадзіла з рэстаранаў. У кавярнях усюды было аўсянае малако. Бульба фры ўсюды ёсць. У час посту думала, што будзе прасцей. Часам у крамах былі шыльды «Усё для посту», глядзіш на інгрэдыенты, а там малако… Ну як так? Я крыху расчаравалася, — смяецца Аляксандра. Але кажа, што ўвогуле жыць можна. — Калі ты не прывык харчавацца пастаянна гатовымі прадуктамі як соевае мяса, соевыя каўбасы, соевы сыр, то і ў Гродне будзе нармальна.

Навошта падтрымліваць zero waste

Ад праблемы ўтрымання жывёл Аляксандра перайшла да праблемы мікрапластыку. Аказалася, што мікрапластык усюды — у ежы, у касметыцы, у скрабах, у зубной пасце для адбельвання. Мікрапластык трапляе ў навакольнае асяроддзе, у рыбу, у арганізм чалавека. «І гэта ўсё вельмі напружвае навакольнае асяроддзе і планету. І я не магу проста зачыніць вочы і не бачыць. Не ўсе перапрацоўваецца, не ўсе выкарыстоўваецца паўторна. Незразумела, што адбываецца з пластыкам далей. Таму прасцей наогул не ствараць смецце».

— Мне патрэбны нейкі сэнс у жыцці, — кажа пра прычыны Аляксандра. — А проста зарабляць грошы і мець сям’ю — для мяне гэта не сэнс. Для мяне сэнс — гэта зрабіць нешта карыснае для свету, для людзей. Прырода акружае ўсіх нас і яна заўсёды ёсць, яна заўсёды будзе. Таму трэба за ёй сачыць, дапамагаць, наколькі магчыма — паменшыць шкоду.


Гульня: Сартуем смецце з аленем Лявонам


Аляксандра кажа, што не выкарыстоўваць пластык — не складана. Для пачатку можна адмовіцца ад пластыкавых пакетаў у краме. Яна з сабой пастаянна носіць «экаторбу» з бавоўны. Часам дзве, калі закупка маштабная. Яшчэ можна хадзіць на рынкі замест супермаркетаў - там прасцей знайсці прадукты без пакавання. Можна шукаць аддзелы, дзе крупы, арэхі, сухафрукты прадаюцца на вагу. Калі вам усё-ткі далі пластыкавы пакет, выкарыстоўвайце яго паўторна.

Аляксандра выкарыстоўвае пры закупцы баваўняныя мяшочкі. Замест пластыка бярэ металічныя ці драўляныя ёмістасці. Бярэ шкляныя банкі замест бляшаных — іх хоць бы можна выкарыстоўваць паўторна. Нават у студэнцтве яна гатовая была пераплаціць за прадукт без пластыкавай ўпакоўкі.

— Проста стараюся не купляць імпульсіўна. А чым больш робіш сам, тым больш можаш зразумець, што ўтрымлівае гэты прадукт,
і тым менш смецця. Задумваюся, шукаю варыянты: зрабіць гэта самой альбо проста пачакаць пяць хвілін і жаданне знікне. Трэба задумвацца, закупляцца па спісе, каб нічога лішняга ў пластыку не купіць. Гэта толькі гучыць так складана. Проста гэта справа звычкі.

Як падтрымліваць прынцыпы zero waste у Гродне

— У Гродне прытрымлівацца прынцыпаў zero waste мне было спачатку вельмі складана. Шмат размоў на касах тыпу: «Пакеты ж бясплатныя, можаце ўзяць некалькі, усё ўпакаваць». Сто разоў я выцягвала сваю садавіну з пакуначкаў, таму што яны ўсё ўпакоўвалі. У Нямеччыне, калі ў цябе дзесяць апельсінаў асобна ляжаць на стужцы, ніхто не будзе пакаваць, пытацца, ці патрэбны пакецік. Не ведаю, можа ў Беларусі гэта лічаць добрым сэрвісам. Мне было вельмі нязвыкла спачатку. Хоць, здаецца, дробязь нейкая.

Аляксандра не знайшла ў Гродне месцаў, дзе можна купіць крупы без пакавання, таму ў асноўным ела бульбу — яе можна было купіць без пластыка. Арэхі, сухафрукты, гародніну, садавіну таксама можна было купіць без пакавання. «Галоўнае — на касе надоўга не адварочвацца і калі што, спыніць касірку ў спробе спакаваць усё ў пластыкавыя пакеты».


Яблыкоўка ці цытрынаўка? Паспрабуй торбачкі ад Hrodna.life і прапануй, як іх назваць


Затое прыемным адкрыццём стала… туалетная папера. Справа ў тым, што ў Нямеччыне яна прадаецца па некалькі штук у пластыкавым пакеце. А ў Беларусі можна купіць паштучна.

— Я ў захапленні ад гэтай паперы туалетнай. І што яна яшчэ перапрацаваная, — смяецца Аляксандра. — А чаму не? Гэта туалетная папера, яе ніхто не павінен бачыць. Навошта ёй быць белай і навошта яе пакаваць у пластык?

Пра этычныя маркі абутку і адзення ў Беларусі Аляксандра не можа сказаць — не купляла. Касметыкай не карыстаецца. Зубную пасту, мыла, шампунь веганскі можна знайсці ў эка-крамах без пластыкавай eпакоўкі. А наогул, Аляксандра любіць рабіць сухі шампунь, дэзадарант і іншыя штукі сама — з какосавага алею, мукі, крухмалу, соды, араматычных алеяў. Праўда, какосавы алей у Беларусі жудасна дарагі. Рэцэптаў шмат, але ў кожнага свой арганізм, таму «свой» рэцэпт лепш шукаць эксперыментальна.

— Калі хочаш жыць без пластыка, трэба быць адкрытым да ўсяго, да эксперыментаў, да пакутаў, — смяецца Аляксандра. — Таму што часам будуць нязручныя сітуацыі, і цябе будзе сумленне мучыць. І будуць нязручныя размовы. Але наогул, гэта вельмі цікава і карысна — для сябе, для навакольнага асяроддзя. Па-мойму.

«У Беларусі іншыя праблемы»

Zero waste — гэта яшчэ і адмова ад аўтамабіляў на карысць, напрыклад, ровараў. Аляксандра пачатку катацца на ровары ў сакавіку і першае, пра што яна падумала — а як людзям з інваліднасцю, якія ездзяць на калясках?

— Бардзюры высокія, дзіркі, ямы. Усюды нейкія перашкоды. Спачатку не хацелася выходзіць з роварам. Але я гэта ўсё роўна рабіла,
таму што гэта мой самы любімы транспарт. У Нямеччыне без ровара як без ног. Вядома, у Германіі прывык, што едзеш у нейкі лес, і ўсё пазначана — дарогі, павароты. Ты не заблукаеш. Не ведаю, як у Беларусі, але ў Гродне часта едзеш кудысьці, сканчаецца і пешаходная дарога, і веласіпедная. І я не разумела: ехаць проста па дарозе з машынамі, альбо можна гэта аб’ехаць, як сябе паводзіць? Для мяне гэта было непрыемна. І нязвыкла, што калі пераходзіш святлафор, трэба злазіць. Таму што ў нас звычайна на святлафорах веласіпедныя дарожкі, і ты не павінен злазіць, ты проста едзеш. Часам ёсць на слупах такія ручкі, дзе можна не злазіць, трымацца і на зялёны зноў ехаць. На мяне лаяліся, мацюкаліся, калі я пераязджала на ровары дарогу, калі трэба злазіць. А я проста не ведала.


горадзе Беларусі


Ёсць і месцы, дзе лепей, кажа Аляксандра. Але заняцца бардзюрамі варта ў першую чаргу для калясачнікаў, каб даць ім больш самастойнасці.

Аляксандра кажа, што не знайшла ў Гродне людзей, якія гэтак жа зацікаўлены ў тэме экалогіі. Яна ўдзельнічала ў масавай уборцы смецця. У Нямеччыне ў такіх акцыях нават у меншых гарадах удзельнічае нашмат больш людзей.

— Можа, я пачну больш шанаваць тое, што адбываецца па гэтых тэмах у Германіі. Таму што сядзіш тут і здаецца, што ўсё дрэнна. Гэтага няма, гэтага няма, усе бяруць гэтыя пластыкавыя відэльцы… Зацыкліваешся. А потым выбіраешся ў іншую краіну і разумееш, што там усё па-іншаму. І ў Германіі усё не так ужо дрэнна.

І ў Германіі ёсць людзі, якіх гэта [эка-прынцыпы — аўт.] не датычыць. І гэта нармальна — кожны павінен рабіць столькі, наколькі ў яго хапае энергіі. І калі камусьці зусім супер-дрэнна ўвесь час хадзіць і чытаць этыкеткі, можна сфакусавацца на чымсьці адным, не трэба сябе мучыць. Хоць у мяне былі такія перыяды спачатку ў Гродне. Я таксама вельмі мучалася, не разумела, як тут усё працуе. Ну, нібыта мне падабаецца пакутаваць, мне падабаецца такія перашкоды перажываць і знаходзіць выхады. У каго як.

У Беларусі ўзровень жыцця іншы ў людзей, праблемы з іншымі тэмамі. Таму зразумела, што не ва ўсіх ёсць энергія пры закупцы глядзець: пластык, не пластык, веган, не веган, зусім іншае жыццё ў гэтай краіне. Зразумела, што нейкія іншыя тэмы больш важныя. Думаю, да гэтага ўсё прыйдзе, — лічыць Аляксандра.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024