Разборкі таксістаў у Гродне: турыстка з Польшчы стала закладніцай сітуацыі

Канфлікт таксістаў адбыўся 6 жніўня ля аўтавакзала: так званым “бардзюршчыкам” не спадабалася, што на іх тэрыторыю прыехаў кіроўца “Яндэкса” (працуе ў кампаніі “Виллори Голд”, якая падключае кіроўцаў да сервісу) і падабраў польскую турыстку па-за чаргой. Таксісты не далі праехаць кіроўцу і затрымалі яго з кліенткай на цэлую гадзіну.

Турыстка з Польшчы хацела даехаць з аўтавакзала да чыгуначнага і выбрала з усіх машын аўтамабіль Андрэя, які стаяў на стаянцы з іншымі аўтамабілямі. Але машыне не далі выехаць.

«Раней я кліента прывёз на аўтавакзал. Стаў на стаянку, дзе стаялі побач іншыя машыны таксі. Сядзеў і чакаў у мабільным дадатку іншых заказаў. У гэты момант пад’ехала польская маршрутка. Таксісты пачалі падыходзіць да людзей і прапаноўваць свае паслугі, я сядзеў у машыне і да мяне сама падышла турыстка. Спытала ці вольны, я сказаў “так”. Таксісты пачалі ёй казаць, што ў іх ёсць свая машына і тут чарга. Жанчына сказала, што з імі ехаць не хоча, бо яны бяруць у некалькі разоў больш і выбрала мой аўтамабіль».

Заблакавалі праезд і пагражалі транспартнай інспекцыяй

Андрэй дамовіўся з жанчынай і выйшаў з аўтамабіля, каб дапамагчы загрузіць яе чамадан у багажнік. Тым часам яго ўжо сталі абступаюць таксісты.

«Казалі, што гэта іх тэрыторыя. Яны заблякавалі мне праезд іншай машынай і пачалі свае правы качаць, казалі, што я не магу займацца паслугамі перавозкі. Гразіліся выклікаць транспартную інспекцыю. Я патэлефанаваў у міліцыю і ДАІ. Прыехалі ўсе. Каля гадзіны мы там разбіралася, турыстка ўвесь гэты час сядзела ў машыне і была ў шоку. Пасля я даведаўся, што яна прыехала да зубнога лекара і да прыёму планавала па горадзе пагуляць, але ў выніку ёй прыйшлося стаць сведкам мясцовага канфлікту. Міліцыі ўдалося ўрэгуляваць канфлікт і ніхто не пісаў заяву. Турыстку я ў выніку завёз бясплатна на чыгуначны вакзал і папрасіў прабачэння за сітуацыю. У той момант за мной ехалі і сачылі транспартнікі. Як толькі турыстка выйшла, яны падышлі да яе і спыталі: ці давала яна мне грошы. Яна сказала, што не. Але транспартнікі ўсё роўна знайшлі з-за чаго скласці на мяне пратакол».

У машыне турыстка распавяла Андрэю, што ў Гродна ездзіць ўжо год і ніколі не карыстаецца паслугамі “бардзюршчыкаў”. Выбіраць машыну хоча сама.

«Я разумею, што гэтыя таксісты там працуюць, але кліента я ў іх не забіраў і турыстка сама да мяне падышла. Больш за ўсё мяне абурыла, як нахабна яны сябе паводзяць. Па-адным яны не размаўляюць, адразу налятаюць бандай. Бязладдзе поўнае».

Разборкі таксістаў у Гродне: турыстка з Польшчы стала закладніцай сітуацыі
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: