Малюнкі Юрыя Азукі можна сустрэць у самых нечаканых для жывапісных прац месцах. Яны могуць праносіцца міма на корпусе матацыкла, глядзець з капота машыны ці нават з дзвярэй халадзільніка. На аэраграфічных карцінах Юрыя можна пабачыць магутных звяроў, прыгожых людзей, абшары прыроды, гарадскія краявіы і футурыстычныя механізмы. Але ёсць у майстра менш вядомая частка творчасці. Для душы Юрый малюе… казачных герояў і марыць некалі зрабіць з імі мультфільм.

Ваўкі і калабкі Юрыя Азукі. Гродзенскі мастак-аэрограф расказаў аб сваёй творчасці
Фота са старонкі мастака ў ВК

«Маляваў заўсёды»

«Маляваў я заўсёды, але малым пра тое не задумваўся, — распавядае Юрый. — Можа, так бы і засталося гэта незаўважаным, калі б не выпадак. Летам перад школай прышоў да нас у дзіцячы садок выкладчык малявання з 16-й школы і прапанаваў дзецям зрабіць малюнкі. На той час у горадзе не было мастацкай школы, а 16-я мела профільныя класы з паглыбленым вывучэннем выяўленчага мастацтва. Настаўнік паглядзеў адзін мой малюнак, папрасіў зрабіць другі, пахваліў. Я не ведаў нават, навошта гэта было. Але праз гэта тэставанне патрапіў у „мастацкі“ клас і ў выніку звязаў жыццё з маляваннем».

Ваўкі і калабкі Юрыя Азукі. Гродзенскі мастак-аэрограф расказаў аб сваёй творчасці
У руках Юрыя — аэрограф, прыстасаванне для «малявання паветрам»
Пасля школы на нейкі час Юрый кінуў маляваць — вучылішча, армія, праца… Але потым ізноў пацягнула да творчасці. У 2002 годзе паспрабаваў аэраграфію, а часам яна заняла найбольшую чатку жыцця.

«Аэраграфія не была для мяне зусім невядомай. Нават за савецкім часам аэрографы рабілі ў Беларусі, у Навалукомлі. Праўда, гэта былі зусім простыя і не надта дасканалыя апараты. Калі вырашыў вярнуцца да малявання, хацеў рабіць роспісы на сценах, спрабаваў розныя віды фарбаў і розныя тэхнікі, шукаў сябе, свой стыль, свой інструмент. Так прыйшло на думку паспрабаваць для роспісу аэраграфіяю, «памаляваць паветрам».

«Усё і на ўсім»

А потым у рукі майстра патрапіў замежны часопіс з прыкладамі роспісу. Мастакі там малявалі ўсё і на ўсім — і фантазія адразу запрацавала.

«Першы аэрограф прывёз знаёмы з Германіі, а грошы на яго я пазычыў у мамы», — узгадвае Юрый. Ён адразу адчуў, што гэта — яго. Працы зацікавілі сяброў, знаёмых. Аэраграфія была навінкай, адазваліся тыя, каго цікавілі нестандартныя спосабы вылучыцца. Так з’явіліся замовы, а маляванне з разраду хобі ператварылася ў працу.

Ваўкі і калабкі Юрыя Азукі. Гродзенскі мастак-аэрограф расказаў аб сваёй творчасці
Каска з намаляваным ваўком адправілася разам з гаспадаром у шахты Магнітагорска. Фота са старонкі Юрыя Азука ў ВК
Маляваць прыходзілася на самых розных рэчах. Часцей за ўсё гэта былі матацыклы ці аўтамабілі, альбо шлемы ці каскі розных кшталтаў.

«Ёсць роспісы на адзенні, ёсць на халадзільніках, на мабільных тэлефонах і запальнічках. Нават у небе лятае адна мая карціна — неяк давялося распісваць двухмесны самалёт. Пару разоў былі і не настолькі „высокія“ замовы — прасілі зрабіць роспіс крышкі для ўнітаза. Ну то што — людзі розныя, жаданні розныя — чаму б і не зрабіць».

З нядаўніх незвычайных аб’ектаў для роспісу Юрый узгадвае пілу. Нагодай распісаць менавіта яе стаў творчы конкурс, дзе прапанавалі неяк абыграць назвы і сюжэты фільмаў. Сярод іх была і «Піла». Так інструмент дрывасекаў стаў халстом для мастака.

«Мяне ніколі маляванне не напружвае. Заўсёды працую з задавальненнем. Што за сабой заўважыў - люблю завяршаць працу за адзін дзень. Бо калі назаўтра свежым вокам гляджу, хочацца нешта зрабіць інакш, змяніць. Не заўсёды гэта бывае патрэбна, асабліва, калі эскізы заранёў узгоднены.

Вялікую працу стараюся дзяліць на кавалкі і кожны дзень рабіць пэўную частку ад пачатку да канца. Так атрымліваецца пазбегнуць лішніх сумневаў і марнавання часу."

Знешне выглядае, што маляваць аэраграфіяй вельмі лёгка. Часта людзі пытаюцца, ці не бярэ Юрый вучняў, ці можа навучыць рабіць такі роспіс. Ён шчыра прызнаецца, што дагэтуль не маю адказу на гэта пытанне. Сам ён аэраграфію асвойваў без настаўніка.

Ваўкі і калабкі Юрыя Азукі. Гродзенскі мастак-аэрограф расказаў аб сваёй творчасці
Можна хутка навучыцца валодаць інструментам. Як гэта рабіць Юрый паказвае на майстар-класах. Але каб маляваць, патрэбны яшчэ і веды з галіны выяўленчага мастацтва.
Напэўна, пачынаць навучанне аэраграфіі з нуля не атрымаецца. Патрэбны базавыя веды па выяўленчым мастацтве, знаёмства з каларыстыкай, перспектывай, прапорцыямі, тэхнікай малявання аб’ёму, святла і цені.

Калі такая аснова ёсць, то можна асвойваць тэхніку роспісу і асаблівасці працы з пнеўмаінструментам. Як навучыць маляваць адразу аэрографам, калі ніколі не маляваў - Юрый сабе не ўяўляе.

Мульцяшкі для душы

Забаўныя чалавечкі і звяркі сталі з’яўляцца нібы самі сабой недзе ад 2014 года. Яны «праяўляліся» ў нейкіх чарнавых накідах, на палях эскізаў, у штодзенных амаль механічных «почаркушках». Гэта тое, што малявалася нібы само сабою і толькі для сябе. Спачатку былі толькі голавы, твары з рознымі выразамі і эмоцыямі, праз год-другі ўжо сталі больш падобнымі да паўнавартасных істотаў - целамі, у розных позах, рухах і настроях.

Заўважыўшы іх «настойлівасць», Юрый стаў адмыслова выдзяляць некалькі гадзін у дзень, каб маляваць гэтых чалавечкаў:

«Спачатку альбом на 100 старонак маляваў пару месяцаў. А потым стала атрымлівацца па старонцы ў гадзіну. Зараз ужо ёсць вялікая калекцыя малюнкаў».

Ваўкі і калабкі Юрыя Азукі. Гродзенскі мастак-аэрограф расказаў аб сваёй творчасці
Каб не працаваць проста «ў стол» Юрый вырашыў рабіць з прыдуманых мульцяшак налепкі - так яны атрымалі магчымасць людзей паглядзець і сябе паказаць. Фота са старонкі Юрыя Азука
«Пакуль хай будзе так. А на будучыню канечне — хацелася б, каб яны сталі героямі мультфільма, каб кожны з іх знайшоў сваю казку і ажыў у мульціку. Зараз чытаю інфармацыю па анімаванні, цікаўлюся, як прапрацоўваць намаляваныя вобразы. Канечне, гэта вялікая праца для цэлай каманды мастакоў-аніматараў, аднаму такое не пацягнуць. Пакуль не стаўлю канкрэтных задач. Але і не адмаўляюся ад мары.»


На старонцы Юрыя нядаўна з’явіліся маляваныя варыяцыі на тэму прыгодаў Лісы і Калабка «Калі ў вас ёсць альтэрнатыўныя варыянты развіцця падзей, не такія, як у вядомай казцы — пішыце», — прапануе Юрый. Магчыма, з такой супрацы можа з’явіцца цэлы зборнік сучасных казак з даўно знаёмымі і любімымі героямі.