Да дня народзінаў Канстанціна Каліноўскага, 2 лютага, вальс Кацярыны Ваданосавай «1863» ўвасобіўся ў шчымлівую відэагісторыю. Яна - пра людзей, якія змагаліся за волю. Тады мужчыны сыходзілі са зброяй у лясы. Жанчыны — апраналі жалобу ў знак пратэсту. Сёння гісторыя паўтараецца. На яве і на экране. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» ўдзельнікі здымак кліпа расказалі, чаму гісторыя даўжынёй у 160 гадоў у 2023-м адчуваецца, як асабістая.

Сюжэт стары, як само жыццё
«Гэта не канкрэтны гістарычны момант, а больш настрой, — кажа аўтарка музыкі і выканаўца жаночай ролі ў кліпе Кацярына Ваданосава. — Настрой паўстанца, які сыходзіць, і настрой жанчыны, што застаецца змагацца так, як можа».
«Сюжэт гісторыі стары, як само жыццё, — кажа пра кліп выканаўца ролі паўстанца Васіль Шэры. — Змаганне за волю. Змаганне тымі сіламі, якія ёсць у наяўнасці тут і цяпер: хто можа — змагаецца зброяй, хто можа — [іншай] дзеяй. Тут ёсць спалучэнне мужчынскай і жаночай моцы: ён ідзе на вайну, яна нясе звышмэту. Ён пераўтвараецца ў памяць, яна — ў ідэю».

Наш час цешыць і страшыць. Як і час паўстанцаў
Кацярына расказала, што мелодыя вальса нарадзілася ўжо даўно. Але адшліфавалі і давялі яе да сённяшняга выгляду падзеі нядаўняга мінулага.
«Зараз мы пражываем вельмі блізкія эмоцыі і падзеі, як людзі, што жылі тады. Для мяне час вельмі цыклічны, — разважае Кацярына. — Я ўспрымаю яго не як людзі зараз, а можа, як старажытныя грэкі ўспрымалі. Усё паўтараецца. Што было тады, тое мы маем і зараз. Людзі сыходзяць на вайну — і тады сыходзілі. Паўставалі - і зараз паўстаюць. Мы жывем у вельмі выбітны час. Час, пра які будуць стварацца песні і вершы. Які будзе натхняць і адначасова пужаць нашых нашчадкаў. Гэта і цешыць, і вельмі страшыць».
Жанчына ў чорным і герой, што сыходзіць
«Для мяне вельмі блізкая і шчымлівая тэма жанчыны часоў паўстання, — тлумачыць Кацярына. — Яшчэ да паўстання яны мелі свой супраціў. Жанчыны апраналіся ў жалобу і нават мелі адмысловую „чорную“ біжутэрыю. Такім чынам яны паказвалі сваю нязгоду з палітыкай Расійскай імперыі. Пасля паразы паўстання, калі жандары сустракалі на вуліцы жанчыну ў чорным, яны мелі права запатрабаваць даведку, ці насамрэч у яе памёр нехта са сваякоў. Калі такой даведкі не было, ёй пагражаў штраф альбо нават высылка ці канфіскацыя маёмасці. Мне хацелася паказаць той вобраз „чорнай“ жанчыны, жанчыны ў жалобе, якая праводзіць героя. А ён сыходзіць у зіму, у холад. Што чакала гэтых людзей?.. Гэта так страшна і так цяжка».
«Мой персанаж — паўстанец, — расказвае Васіль Шэры. — Ускосна можна зразумець, што ён з незаможнай шляхты. [У момант развітання] ён разумее ўжо, што перамога адбудзецца не заўтра і нават не ў наступным годзе. І ён ідзе наперад, бо мэта яго вышэй за валоданне фальваркам і прывілеі, вышэй за ціхую ўтульнасць існавання, вышэй за асабістае жыццё».

Іграць паўстанца, па словах Васіля, было вельмі натуральна: «Безумоўна, я трансляваў свой уласны досвед. У гэтай „ролі“ я ўжо шмат год, толькі ўлічваючы сучасныя гістарычныя ўмовы… У падрабязнасці не буду паглыбляцца — хто мае ведаць, той ведае… А як у гэтай „скуры“? Можна сказаць, я не вылазіў са сваёй».
Дуб, які памятае паўстанне
Месца для здымак кліпа таксама выбралі невыпадкова. Дрэва ў сюжэце мае ўласнае імя. Гэта 450-гадовы Дуб Дунін.
«Ён бачыў і бітвы паўстання 1863−64 гадоў, і развітані паўстанцаў з роднымі, — кажа Васіль. — Падляшша ў тыя часы адносілася да Гарадзенскага ваяводства і было ледзьве не цэнтрам канцэнтрацыі супрацьстаяння з імперскімі сіламі».

«Гэта месца я вельмі люблю і лічу яго адным з самых маляўнічых і прыгожых месцаў Падляшша, — расказвае Кацярына. — Гэта дуб, названы ў гонар Дуніна-Марцінкевіча. У 2022 ён прызнаны дрэвам года ў Еўропе».
Для сябе і ў падарунак Каліноўскаму
«Я не ведаю, што з гэтага атрымаецца», — кажа Кацярына. Ідэя зняць «тэлефонавідэа» нарадзілася спантанна, падчас адной з сустрэч з сябрамі. Кацярына расказала ім пра жаданне зрабіць падарунак Каліноўскаму і сябры прапанавалі дапамагчы ў здымках.
Героіка і нават рамантызм музыкі і відэасюжэта, на думку Кацярыны, далёкія ад эскапізму ці сыходу ад сучасных праблемаў.
«У гэтым відэа я хацела паказаць адчуванне годнасці і светлага, незабруджанага патрыятызму. Гэта абсалютна нармальна і натуральна. Я буду вельмі ўсцешана, калі нехта адчуе падобныя са мной думкі і эмоцыі».

«Каб помнілі і рабілі высновы, — так тлумачыць ідэю кліпа і сваю матывацыю паўдзельнічаць у яго стварэнні Васіль. — Каб узнялі галовы і дакрануліся да годнасці. Каб ведалі былое і, пераасэнсоўваючы яго, стваралі будучыню».
«Гэта [відэа] для мяне і для тых, хто са мной на адной хвалі, — кажа Кацярына. — Для тых, хто ведае, што ў Каліноўскага дзень народзінаў 2 лютага. Хто адзначаў угодкі паўстання. Для тых, каму гэта важна і хто адчувае падобным са мной чынам».

Чытайце таксама: