Дадаць навіну
Аўторак, 13 лістапада 2018, 08:32

Успаміны: куды дзелася цэгла з Аляксандраўскай царквы ў Гродне і як 16-гадовы пацан не дайшоў да партызанаў

Чарговую гісторыю з жыцця старога Гродна, якая ўвойдзе ў будучую кнігі ўспамінаў, распавёў нам Георгій Іванавіч Юргелевіч. Пажылы гараджанін расказаў, навошта польская ўлада разабрала Аляксандра-Неўскую царкву і чаму маладыя гродзенцы сыходзілі ў партызаны ў час Другой сусветнай вайны.

Георгій Іванавіч нарадзіўся ў 1927 годзе на вуліцы Віленскай у Гродне, у праваслаўнай сям’і. Яго бацька нарадзіўся недалёка ад Кузніцы (сёння – Польшча), быў ветэранам Першай сусветнай вайны, а маці была родам з Валыні. Малы Георгій правучыўся 4 класы ў восьмай школе (“усэмке”) на вуліцы Базыліянскай (сучаснай Лермантава).

У дзяцінстве падымаўся на каланчу

«Пры паляках мы жылі над самай Гараднічанкай, у каменным доме, які купіў бацька. Наша сям’я была праваслаўная і таму бацьку было складана знайсці працу. Але пасля ён прыняў рашэнне ўзяць польскае падданства і перайшоў у каталіцкую веру. І толькі тады палякі далі яму нармальную працу – ён служыў у пажарнай частцы конюхам. Памятаю, як абед яму насіў туды, жылі ж амаль побач. Калі прыходзіў да яго ў частку, мы часам падымаліся на каланчу».

Успаміны: куды дзелася цэгла з Аляксандраўскай царквы ў Гродне і як 16-гадовы пацан не дайшоў да партызанаў
Пажарныя дружыны каля каланчы на вуліцы Замкавай. Сярод пажарных і бацька Георгія Іванавіча. 1920-30-я годы.

Школа і гарадское жыццё

Вучобу ў школе Георгій Іванавіч памятае добра: многіх сваіх настаўнікаў і вершы, якія вучыў. Часта пасля вучобы малады гродзенец гуляў з сябрамі на вуліцы Віленскай. Сярод сяброў былі беларусы, палякі і яўрэі, якія жылі тады ў цэнтры Гродна.

«У школе ў нас была свая форма. Вучыцца мне падабалася, я яшчэ памятаю многія вершы якія вучылі. Пасля вучобы мы маглі пагуляць на вуліцы, а часам я з бацькамі хадзіў па крамах. У цэнтры Гродна ў нас іх было шмат і тавар можна было браць «на кніжку» [рэд. – у крэдыт]. Бацька як атрымліваў зарплату, хадзіў і разлічваўся за нашу сям’ю. Быў магазін на Віленскай, дзе працавала яўрэйка Сталярка, так у яе часта бралі ў крэдыт. У булачніка побач таксама бралі, але бацька яму потым казаў: калі будуць прыходзіць Юргелевічы, каб больш ні адной кайзэркі (булачкі) не даваў».

Аляксандра-Неўская царква, каля якой сустракалі Новы год

Нягледзячы на ​​тое, што бацька Георгія Іванавіча перайшоў у каталіцтва, ён працягваў хадзіць у царкву і дзяцей сваіх там жа хрысціў. Гэта паўплывала і на яго далейшую працу ў пажарнай частцы.

«У жыцці мы працягвалі быць беларусамі, а не палякамі. І перад самай вайной бацьку звольнілі з пажарнай часткі: кіраўніцтва даведалася, што ён усё яшчэ прытрымліваўся праваслаўя. Мы хадзілі часта ў чырвоную царкву – Аляксандраўскую, там я нават дапамагаў святарам: раздзімаў печ, падаваў свечкі. Такі звычай быў у праваслаўных дзяцей.

Царква была прыгожая, але ўлады запатрабавалі разабраць яе і перанесці ў іншае месца. Абяцалі пабудаваць новую, дзе стадыён быў футбольны на вуліцы Сабескага (сучасная Захарава). Там жа склалі ўсю цэглу, але падчас вайны яна знікла: людзі ўсё пакралі. Так вось і прапала царква. Наогул, храм быў добры і побач гарадскі парк. Каля царквы мы з сям’ёй заўсёды Новы год сустракалі».

Успаміны: куды дзелася цэгла з Аляксандраўскай царквы ў Гродне і як 16-гадовы пацан не дайшоў да партызанаў
Аляксандра-Неўская царква. Пач XX стагоддзя

У 1930-х гадах Георгій Іванавіч часта бываў у Архірэйскім доме: на выходных ён наведваў там дзіцячыя і моладзевыя пакоі для праваслаўных вернікаў. Нават неяк трапіў на дзень нараджэння архірэя Савы, які запрашаў да сябе ўсіх вернікаў.

Яўрэі і праца на немцаў

Прыходу камуністаў ў 1939 годзе Георгій Іванавіч не памятае, а вось падзеі, звязаныя з нямецкай акупацыяй, у яго ўсё яшчэ перад вачыма. Пры немцах маладога гродзенца ледзь не расстралялі: яму ўдалося выжыць, дзякуючы сваякам, якія працавалі на акупацыйную ўладу. Ён распавядае, як працаваў на тэрыторыі гета.

«Пры немцах моцна пакутавалі яўрэі, якіх усіх загналі ў гета. У мяне там было некалькі сяброў. Ганялі іх на ўсе работы ў горадзе: будаўніцтва, ўборка, пагрузка. Быў выпадак, які мне распавядалі: неяк адзін яўрэй кіпень нёс, а да яго немец прычапіўся і загадаў піць. Немец яму з кацялка наліў у рот гэты кіпень. Каты!

На тэрыторыю гета і я трапіў, на Траецкай мы працавалі на нямецкай фірме «Iндустрыверк». Там працавалі спачатку яўрэйскія спецыялісты, а пасля іх вывазу сталі клікаць палякаў і беларусаў. Там нас навучылі працы на станках па дрэве».

Уцёкі ў партызаны

У адзін з дзён 1943 года 16-гадовы Генадзь Іванавіч разам са сваім сябрам вырашаюцца пайсці ў партызаны. Гродзенец кажа, што сваю ролю адыграла пачуццё патрыятызму ў адносінах да Бацькаўшчыны.

«Раніцай разам з суседам Барысам Грынем вырашылі сысці ў лес да партызанаў. У мяне бацька ваяваў за Расію супраць немцаў у 1914 годзе, брат у войску загінуў, а я што – здраднік радзімы? Мы праваслаўныя і павінны былі змагацца за сваю бацькаўшчыну і біцца супраць немцаў. Так і пайшлі пацаны ў лес.

Выявілі нас каля Скідзеля. Спачатку Барыса злавілі паліцаі, калі ён пайшоў даведацца куды ісці далей, а па дарозе ў Шчучын і мяне ўжо злавілі. Я не павітаўся з паліцаем і з-за гэтага атрымаў нагой у грудзі. Забралі мяне ў Скідзельскае гета, потым паступіў званок з Гродна і сказалі, што раней затрымалі Барыса, якога адправілі ў горад.

Мяне праз некаторы час на цягніку пад канвоем прывезлі ў Гродна і адразу ў жандармерыю. Сталі дапытваць: я сказаў, што ішоў да знаёмага Трафіма ў Мількаўшчыну. Пасля павезлі ў гестапа на Тэльмана. Завялі ў вялікі пакой, а там ужо быў Барыс, гестапаўцы і ўласаўцы. Спыталі, ці ведаю я Барыса, я сказаў што ведаю – сусед. Сталі біць, а пасля павезлі ў турму. Там нас называлі бандытамі і партызанамі, але мы імі нават не паспелі стаць. Кінулі нас з Барысам у камеру, а там ужо быў Влодэк Мароз – наш агульны сябар. Я пытаюся ў яго: а цябе за што? А ён са слязамі адказаў, што не ведае, чаму яго забралі. Аказваецца, яго забралі як сябра Барыса».

Успаміны: куды дзелася цэгла з Аляксандраўскай царквы ў Гродне і як 16-гадовы пацан не дайшоў да партызанаў
Георгій Іванавіч разглядае сямейны альбом, які ў асноўным складаецца з пасляваенных фотаздымкаў.

Бацькі Георгія Іванавіча, як даведаліся, што ён у турме, адразу ж сталі шукаць спосабы яго вызваліць. Падключылі сястру Георгія Зіну, якая ў той момант працавала афіцыянткай у рэстаране, які знаходзіўся ў доме купца Мураўёва. Таксама бацькі нагадалі немцам пра дзядзьку паліцая ў Беластоку.

«Сястра Зіна добра сябравала з адным немцам. Ён звязаўся з гестапа. Потым тата мой сказаў немцам, што наш сваяк Лёнік працуе паліцаем у Беластоку. Яны звязваліся з дзядзькам і ён паручыўся за мяне. У выніку выпусцілі з турмы і адразу ж завезлі зноў у гестапа. Там мне сказалі: калі выжыву пасля 25 удараў палкай, то адпусцяць. Вытрымаў, але гэта дорага каштавала нашай сям’і – заплацілі вялікі выкуп».

Сяброў расстралялі

Калі Георгію Іванавічу ўдалося выратавацца, дзякуючы сваякам, то вось яго сяброў чакала сумная доля. Іх расстралялі, а бацькам перадалі толькі рэчы.

«Вось такі быў у нас няўдалы вопыт партызанкі. Хлопцаў няма, а я цудам застаўся жывы. Былі пацанамі, можа яшчэ не ўсё разумелі. Мяне адпусцілі, я яшчэ нейкі час выходзіў на працу да немцаў, але неўзабаве прыйшлі ўжо савецкія войскі. Перад самым вызваленнем у нас быў у доме яшчэ яўрэй Пілец, якога бацька хаваў ад акупантаў. Калі б немцы даведаліся, то ўсіх бы расстралялі, а так пранесла».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: