Спадчына

Лавіў нямецкіх шпіёнаў і не толькі. Сталы гродзенец успамінае міжваенны Гродна

Hrodna.life працягвае збіраць успаміны сталых гродзенцаў. Гэтым разам мы пагутарылі з 92-гадовым карэнным жыхаром Гродна Анатолем Міхайлавічам Песняком. Ён распавёў пра жыццё ў цэнтры горада ў міжваенны час і пра Другую сусветную вайну, у якой ён удзельнічаў.

Дом з рэстаранам

Нарадзіўся Анатоль Міхайлавіч ў 1926 годзе на вуліцы Віленскай у доме № 6. Гэты дом, у яўрэйскім квартале, будаваў яго дзед, які ў пачатку XX стагоддзя на першым паверсе меў рэстаран. У міжваенны час Песнякi займалі ў вялікай двухпавярховай пабудове толькі некалькі пакояў, усе астатнія сям’я здавала ў арэнду.

«Мае дзядуля і бабуля памерлі, калі я быў вельмі маленькім, так што з імі паразмаўляць я не змог, каб даведацца больш пра свой род. Але мама распавядала, што наш дом на вуліцы Віленскай пабудаваў дзед і на першым паверсе ў яго быў уласны рэстаран. У 1930-х гадах гэтага рестарана ўжо не было — быў звычайны жылы дом.

Мой бацька быў шаўцом, а мама даглядала гаспадарку. А былі ў нас у двары свінні і куры — усё тое, што трымалі звычайныя людзі ў Гродне. Хоць было і кепска трымаць у цэнтры горада такіх жывёл, але мы спрабавалi. Пры паляках кожны тыдзень да нас прыязджала паліцыя і глядзела, каб быў парадак і чысціня".

Дом Песнякоў (жоўты) быў пабудаваны ў 1888 годзе

Сем класаў пры паляках, два пры саветах

Бацькі аддалі маленькага Анатоля ў школу на вуліцы Базыльянскай (сучасная Лермантава). Там ён правучыўся сем класаў пры польскай уладзе і два класы пры савецкай.

«Вучыўся я ў школе імя Пiлсудскага на вуліцы Базыльянскай [вядомая як «усэмка» — школа № 8]. Вучоба мне падабалася. Памятаю як цяпер, што ў нас была настаўніца Салаўёва, дык магла пеналам па руках так даць, што больш глупствам ніхто не займаўся. Пасля яе ўдараў рукі балелі доўга, але ніхто ніколі не скардзіўся на яе. Дурніца старая была адна такая ў школе. А агулам усе настаўнікі да вучняў добра ставіліся.

Школа ў нас была добрая. Нават сняданак давалі ўсім бясплатна: каву і булачку. І ў школу не трэба было торбы цягаць, як пры саветах. Атрамант, сшыткі і кнігі - усё было ў навучальным будынку. І ў кожнага вучня была свая шафка, дзе можна было захоўваць рэчы. У маёй школе ў асноўным вучыліся дзеці з ускраіны горада — вёскі Пярэселка. Ведаю, што сёння з маіх аднакласніц яшчэ жыве Ірэна Кiзюкевiч. Паступаць у гімназію пры паляках я не мог, бо быў праваслаўным".

Клас Анатоля Міхайлавіча, каля школы № 8. На пярэднім плане дырэктар Юзаф Вевюрскi. 1930-я г. Здымак з архiву Iрэны Ронiк.

«Вайна на яўрэяў»

У вольны ад вучобы час малады Анатоль займаўся асабістымі справамі: вырошчваў трусоў (гэта хобі захавалася дагэтуль) і гуляў на вуліцы з мясцовымі дзецьмі. Часцяком мясцовыя палякі разам з праваслаўнымі ладзілі бойкі з яўрэйскімі хлапчукамі.

«Пасля вучобы дзеці займаліся рознымі справамі. Хтосьці мог дапамагаць бацькам па гаспадарцы, а хтосьці гуляць у гульні. Напрыклад, мы гулялі ў футбол і часта ладзілі «вайну на яўрэяў» у раёне вуліцы Архірэйскай. Можна сказаць, банда на банду ішлі. Кідаліся камянямі і ўсім што патрапіцца. Быў у нас нават карбід у той час. Разводзілі яго ў бутэльках і кідалі, а пасля ён узрываўся.

Але, нягледзячы на ​​такія гульні, мы сябравалі з яўрэямі, бо жылі ў адным раёне. Вось добры прыклад — у іх у суботу да пяці гадзін вечара шабат і ніхто не працуе. І пасля выхаднога дня кожны яўрэй хацеў хутчэй пайсці працаваць і прасілі такіх як я — хрысціянскіх хлапчукоў - загадзя распальваць печы. За гэта нам плацілі.

Але нягледзячы на ​​тое, што ў горадзе ўсё жылі па суседстве, былі ў нас і страшныя яўрэйскія пагромы. У сярэдзіне 1930-х у Гродна на адпачынак прыехаў польскі марак і на танцах у школе Рэйзнера, якая знаходзілася на вуліцы Брыгіцкай [сучасная Карла Маркса], яго забілі. Было гэта з-за дзяўчыны. Мясцовыя яўрэі гэтага марака моцна пабілі і парэзалі.

Пасля гэтага выпадку палякі ў горадзе зладзілі пераварот. Білі ўсё, што было жыдоўскае, нават забівалі людзей. Мы жылі ў цэнтры і ўсё было добра відаць з акна. Але на вуліцу з нашых ніхто не выходзіў, бо было страшна. Паліцыя не спрабавала спыніць пагромы. Яны працягвалiся двое сутак. Пасля ўсё сціхла і горад зноў жыў звычайным жыццём".

Адна з яўрэйскіх крам у цэнтры Гродна пасля пагромаў.

Жыццё ў яўрэйскім квартале і нечаканы ўлоў на Нёмане

Дом Песнякоў у міжваенны час быў адзіным праваслаўным у яўрэйскім квартаре. І ён адзіны не меў уласнай крамы.

«Мая сям’я жыла ў яўрэйскай зоне. Раён ад Віленскай вуліцы да пажарнай каланчы. Тут практычна ў кожным доме ў яўрэяў былі свае пякарні і крамы. Быў там і рыбны рынак, дзе можна было знайсці любую рыбу. Памятаю, у адмысловых карытах плавалі добрыя шчупакi. Рыбу лавілі каля Старога замка, пасля яўрэі яе забіралі і везлі на рынак. Аднойчы ў нас нават была марская асятрына ў Нёмане. Да нас яна трапляла з Балтыкi, таму што не было тады ніякіх дамбаў, як цяпер.

У 1937 годзе адзін хлапчук злавіў на вуду гэтую асятрыну, а памераў яна была велізарных. Яму дапамагалі выцягваць рыбіну каля сямі чалавек. Купіў гэты каштоўны ўлоў пан Куявiнскі, які трымаў рэстаран на вуліцы Дамініканскай [сучасная Савецкая], на тым месцы, дзе цяпер універмаг. Везлі да яго гэтую рыбу на возе, а хвост яе па зямлі валачыўся.

Мы — школьнікі - радаваліся, калі суправаджалі ўлоў з Нёмана ў цэнтр горада. Нават журналісты прыходзілі і фатаграфавалі ўдачлівага хлапчука. Ніхто ў нас тады не бачыў яшчэ такой рыбы. А Куявiнскi мог дазволіць сабе такую рыбу. У яго заўсёды ў рэстаране былі людзі, у асноўным прыезджыя паны. Ведаю, што пасля кавалачак той асятрыны з Нёмана каштаваў у яго ў рэстаране вельмі дорага".

Асятрына, якую злавілі каля Гродна ў Нёмане ў 1927 годзе. Рыба была больш за два метры ў даўжыню i вагай 96 кг. Той улоў рыбакі прадалі ў гродзенскі рэстаран «Еўропа».

Гандаль: бананы, ананасы і ўсё, што пажадаеш

У міжваенны час практычна ўвесь гандаль быў у Гродне яўрэйскім. Іхныя крамы былі на кожнай вуліцы, асартымент быў вялікі. Мелі ў польскім Гродне свае кропкі гандлю і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

«Калі шчыра, то ў 1930-х гадах у Гродне можна было купіць усё, што душа пажадае: бананы, мандарыны, ананасы, розныя прысмакі і многае іншае. У любой краме можна было купіць патрэбную рэч, а калі не было грошай, то давалі ў заклад. Наша сям’я так ніколі не брала. Самае цікавае, што палякі не гандлявалі масава ў Гродне, бо гэтай справай у горадзе займаліся выключна яўрэі. Палякам цяжка было весці бізнес з iмі, апошнія пастаянна збівалі цану, а людзям лепш купляць тое, што танней. Паляк такім чынам станавіўся банкротам і закрываўся.

Асабіста я любіў хадзіць у турэцкую пякарню, яна была ў тым месцы, дзе цяпер ЗАГС на Савецкай. Там у іх было рознае печыва і на любы густ. А насупраць туркаў была крама, дзе гандлявалі македонцы. Там на прылаўках былі вялікія кавалкі халвы і шакаладу, па патрэбе пакупнікоў ад іх адразалі кавалкі.

Наогул, у 1930-х гадах казалі, што ўся гандлёвая вуліца Дамiніканская належала аднаму багатаму яўрэю, зараз я ўжо не ўзгадаю ягонага прозвішча, але ведаю, што ён меў шакаладную фабрыку ў Беластоку. І ён быў заўзятым гульцом у карты і неяк прагуляў усё. А жыццё скончыў самагубствам — павесіўся".

1939 год. За нямецкага шпіёна давалі шакалад

Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Гродне з’яўляліся нямецкія шпіёны, якія стваралі падрабязныя карты мясцовасці, кажа Анатоль Міхайлавіч.

«Чуткі пра вайну хадзілі, але ніхто не думаў, што яна пачнецца так хутка. Напярэдадні вайны ў Гродне сталі з’яўляцца дзіўныя вулічныя музыкi. Хадзілі яны ў асноўным па цэнтры горада. Яны не толькі выступалі, але і фатаграфавалі. Як аказалася пасля, гэтыя польскія музыкі былі нямецкімі шпіёнамі, якія збіралі інфармацыю для будучых баявых дзеянняў.

Мы, 13-гадовыя падлеткі, злавілі такіх музыкаў на вуліцы Віленскай каля лазні. Яны фатаграфавалі вуліцы, а паліцыя папярэджвала, што калі будуць падазроныя людзі, то неадкладна паведамляць. Мы паведамілі ў паліцыю, што музыкі не граюць, а ўвесь час фатаграфуюць. У выніку затрымалi гэтых дзіўных музыкаў і ў іх пры сабе было шмат розных дакументаў і карт. Нас потым аддзячылі шакаладам і сказалі, што мы злавілі нямецкіх шпіёнаў. Было прыемна".

Масток над Гараднічанкай па вул. Віленскай. Недалёка ад гэтага месца, якога сёння няма, была лазня. Прыкладна там падлеткі i злавілі нямецкіх шпіёнаў.

Абарона горада ад Саветаў

З пачаткам Другой сусветнай вайны жыхары Гродна чакалі атакі немцаў, але ніяк не СССР. Прыход саветаў быў нечаканасцю для ўсіх.

«У вераснi 1939 года ў Гродне пачалася падрыхтоўка да абароны горада. З прыходам саветаў усе хлапчукі з мясцовай семінарыі і гімназіі ішлі на танкі з бутэлькамі з запальваючай сумессю. Тады тры танкі спалілі на вуліцах горада. Многiя 16−17-гадовыя гродзенцы змагаліся на вуліцах.

Што адбывалася — не перадаць словамі. Дурні тыя людзі, якія адпраўлялі падлеткаў на гэтую справу. Гэта ж жалезная тэхніка, ісці на танкі маглі толькі фанатыкі. Асабіста я не пайшоў у тыя дні на вуліцу. Дурная вайна была.

Калі ўсё скончылася я выйшаў на вуліцу — ніхто савецкую ўладу не сустракаў. Ведаеце, акурат мая сям’я жыла пры любой уладзе і падпарадкоўвалася. Мне за польскім часам жылося добра. І пры саветах таксама не скардзіўся і нават Сталін мне падабаўся. Магу сказаць, многія гродзенцы самі зрабілі сабе пятлю на шыі".

Рэпрэсіі

У 1939 годзе з прыходам савецкай улады пачаліся сур’ёзныя рэпрэсіі. Гараджан саджалі ў турму, расстрэльвалі і высылалі на ўсход. Сям’я Песнякоў таксама патрапіла пад рэпрэсіі, але вывезці яе саветы не паспелі.

«Забіралі тых, хто багатым быў. Наша сям’я трапіла пад рэпрэсіі з-за вялікага сямейнага дома ў цэнтры горада. Пакоi мы здавалі ў арэнду. Сям’ю рыхтавалі да вывазу 23-га чэрвеня 1941 года, а вайна пачалася 22-га чэрвеня. Так што нам пашанцавала і сям’я засталася ў Гродне».

1941 год — нямецкая акупацыя

Калі немцы прыйшлі ў Гродна, то адразу ж сталі ў горадзе наводзіць свае парадкі. Усіх яўрэяў у гета, а палякаў на прымусовыя работы. Пры новай уладзе сям’я Песнякояў пазбавілася і свайго вялікага дома на Віленскай. Сям’ю выселілі, бо стваралася гета.

«Далі нам наўзамен пабудову на вуліцы Вапеннай каля старога гарбарнага завода. Нашым суседам быў начальнік палявой жандармерыі, ён жыў у пані Зiлiнскай. Сама ж гаспадыня жыла ў склепе. Заходзілі немцы да нас часта. Прыходзілі ў асноўным да бацькі, які добра рамантаваў абутак. Немцы за якасную працу яго паважалі і заўсёды дзякавалі».

Пры немцах пакутавала інтэлігенцыя і яўрэі

Анатоль Міхайлавіч распавядае, што і саветы, і немцы выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах інтэлігенцыю горада. За забітых немцаў у закладнікі бралі па 200 лепшых спецыялістаў горада. Расстрэльвалі іх потым у Пышках каля маста. Там жа і закопвалі ў рвах. І нават сёння на месцы тых расстрэлаў няма ніякага крыжа.

«Гродзенская інтэлігенцыя пакутавала з-за забітых немцаў, а яўрэяў чапалі проста так. Іх усіх сагналі ў гета. Спачатку яўрэі маглі яшчэ працаваць у горадзе, але пасля ім забаранілі выходзіць з гета. Здзекаваліся з іх там. Спачатку ўсё золата ў іх патрабавалі, а калі яго не аказалася, людзей сталі публічна забіваць і знішчаць гета. Памятаю, як вялікую колькасць яўрэяў вялі пад канвоем па вуліцы Карла Маркса. Вялі іх усіх на вакзал, а там грузілі ў вагоны для быдла. А везлі іх, напэўна, у лагеры смерці.

Аб’ява з часоў нямецкай акупацыі ў Гродне, якая знаходзіцца сёння ў музеі турмы. У ёй напiсана, што нехта забіў нямецкага салдата і польскага паліцыянта і ў сувязі з гэтым акупацыйная ўлада бярэ ў закладнікі 100 чалавек з Гродна і Сакольскага павета.
Шкада было людзей, але мы гараджане нічога не маглі зрабіць. Былі людзі, якія хавалі яўрэяў. Памятаю пана Янулевiча, які хаваў у яме трох яўрэяў, а яны яму за гэта ўвесь час золатам плацілі. Але ён ператрымаў іх у сваёй яме і сам сябе выдаў, калі выпусціў вязняў падыхаць паветрам. Адзін з іх пачуў савецкі гімн недалёка ад дома і не зразумеў, што адбываецца. Ноччу гэты яўрэй збег да суседзяў і даведаўся, што ўжо некалькі месяцаў Гродна вызвалілі савецкія войскі. Старога Янулевiча хацелі забіць, але яго міліцыя апраўдала, бо ён карміў і хаваў яўрэяў. Але тое, што ён сваёй жонцы купляў дарагія рэчы, нікога не збянтэжыла…".

Двое сутак у гестапа

«Памятаю, пры немцах былі ў Гродне такія начальнiкi: Іваноў, Візэ і Стрэблеў. З некаторымі мне і брату ўдалося сустрэцца асабіста, калі нас двое сутак пратрымалі ў гестапа.

Падчас нямецкай акупацыі мы з братам працавалі на абутковай фабрыцы, якая знаходзілася на сённяшняй вуліцы Леніна. Рабілі на фабрыцы немцам боты. У адзін дзень нас з братам забралі жандармы ў гестапа і моцна білі. Для іх важна было даведацца, хто крадзе скуру з фабрыкi. Але мы нiчога не сказалi.

Калi шчыра, я да гэтага часу хаджу з бумажнікам, які рабіў у Гродне з нямецкай скуры. Калі выпускалі нас з гестапа, то супрацоўнікі папрасілі распісацца ў дакументах за тое, што яны нас білі і катавалі. Напрыканцы гестапаўцы сказалі пайсці на фабрыку і расказаць, што з намі рабілі ў гестапа".

Пасляваенны здымак Анатоля Міхайлавіча. Даваенных здымкаў у гродзенца не засталося.

Саветы вызвалілі і адразу забралі ў войска

З вызваленнем Гродна ў 1944 годзе вайна для Анатоля Міхайлавіча не скончылася. Маладога гродзенца прызываюць у савецкую армію, а пасля на фронт.

«Як саветы нас вызвалілі, то праз тыдзень мяне забралі ў армію. Мне не было тады 18 гадоў. Я быў з адукацыяй i адразу ж мяне накіравалі ў Мінск у лётную частку, але адтуль перанакіравалі ў Сібірскую танкавую вучэльню. Рэзка ў іх памяняліся планы, пасля таго як даведаліся, што я жыў пад нямецкай акупацыяй.

У Сібіры за шэсць месяцаў скончыў вучэльню і атрымаў малодшага лейтэнанта з пасадай камандзіра танка. Вайну яшчэ заспеў у Кёнігсбергу. Было так, што толькі два разы на суткі можаш ісці ў бой. Супернік добра трымаў абарону.

Дзень перамогі я сустракаў у 60-ці кіламетрах ад Берліна. Колькі раздушыў немцаў на танку цяжка сказаць, гэта была вайна. Я ўсведамляў, што перад маёй тэхнікай людзі, але і я чалавек. І калі сябе не будзеш абараняць, то цябе заб’е праціўнік. Я іншы раз успамінаю тыя страшныя баі і бачыць Бог — я нядрэнны чалавек, была страшная вайна, дзе трэба было сябе абараняць".

«Трафейны» кіёк Анатоля Міхайлавіча, які падарыў яму ў 1945-м годзе нямецкі лекар. Было гэта ў польскім горадзе Чэнстахова. З гэтым кіем гродзенец ходзіць і сёння.

Пасляваенны Гродна было не пазнаць

У выніку Анатоль Міхайлавіч аддаў службе ў савецкай арміі больш за 20 гадоў і пабываў за гэты час у многіх месцах у свеце.

«Пасля вайны я застаўся ў арміі служыць далей. У Гродна вярнуўся ў 1960-х гадах. Як прыехаў, то не пазнаў родны горад. За пасляваенныя гады Гродна вельмі змяніўся. Мяне нават сястра не пазнала і не адчыніла дзверы. Пайшоў да маці, якая ўжо жыла па іншым адрасе. Наш сямейны дом, які пабудаваў дзед, як савецкая, так і сённяшняя ўлада не аддала. Хоць у сям'і маюцца ўсе дакументы, што ён належыць Песнякам. Пасля вайны саветы ў дом засялялі людзей з вёсак, а сёння там ужо нейкія офісы…».


В офисах мы проводим большую часть нашего времени. Именно поэтому необходимо, что в нем было комфортно, конечно же чисто. Если вас интересует уборка офисных помещений, вы можете обратиться в клининговую компанию. Качественная и недорогая услуга по уборке.


Падзяліцца

Апошнія запісы

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024