«Лапанне антысеміта», «Сабачае жыццё Ёсі Васэрмана», «Сватанне да каталічкі», «За вольнасць вашу і нашу», — інтрыгуюць ужо самыя назвы твораў Алеся Сурава. Паглядзець на вобразы местачковых габрэяў, палашчыць котку «Пані Тэклю», выпіць кавы і пагутарыць пра антысемітызм выбраўся да аднаго з самых неардынарных мастакоў у Гродне.

Прычынаю візіту сталася цікавасць на новай выставы, прысвечанай жыхарам габрэйскага паходжання беларускіх мястэчак. Як ні дзіўна, але вельмі цяжка ўзгадаць, калі ў Беларусі апошні раз увогуле асвятлялася тэма гісторыі беларускіх габрэяў не ў кантэксце Галакосту, дый яшчэ ў мастацкіх творах.

«Аднойчы едучы ў Ваўкавыск, я ўбачыў жыдоўскія могілкі. Гэта было на ўскрайку Воўпы. Я спыніўся, пайшоў туды і проста ў пэўны момант зразумеў трагедыю, якая адбылася тут, яе рэальныя маштабы. Зараз у Воўпе няма ніводнага яўрэя, але калісьці ж іх было столькі, што такія велізарныя могілкі засталіся. Я зразумеў, што мы згубілі цэлую цывілізацыю. Я калісьці вельмі ў дзяцінстве перажываў, што сусвет страціў неверагодную культуру ацтэкаў, майя, паўночнаамерыканскіх індзейцаў. А тут пад бокам знішчылі цэлы народ, пры тым з такой неверагоднай культурай, што нават сярод жыдоўскага насельніцтва гэтай культуры назву далі - „літвакі“. А пра гэта ніхто не ўспамінае», — кажа Алесь Сураў.

Габрэйскае мястэчка ў майстэрні мастака

Разгледзіўшыся ў стракатай майстэрні, заўважаеш, што ў кожным куце стаяць мастацкія работы, якія, без жартаў, жывуць сваім жыццём. На адной з працаў Мойша ловіць ката, які ўцягнуў селядзец са стала, — гэта «Лапанне антысеміта». На іншай два рабіна спрачаюцца наконт Талмуда або грошай, — Бог іх ведае. На чарговай — святкуюць Хануку. У іншым куце габрэй сватаецца да ганарлівай каталічкі. А побач старыя габрэі-распуснікі падглядваюць за маладой прачкай з зацягнутай спадніцай: праца атрымала назву — «Сусанна і старцы». У кожнай з працаў ёсць дробачка вельмі тонкага і гарэзлівага гумару Алеся Сурава.

«Ёсць у мяне праца. Я яе назваў „За вольнасць вашу і нашу“. На ёй намаляваны фотаздымак з беларусам і палякам. Беларус сядзіць у савецкай фуфайцы, нацягнутай на вышыванку. У яго камсамольскі значок, але і Пагоня. Збоку „настаяшчы“ паляк, камбатант, з сапраўднымі польскімі гузікамі і какардаю. А здымак рабіў фатограф Рубенштэйн на вуліцы Саборнай у Горадні. Тут бачна, як у нас заўсёды ўсё пераблытана», — распавядае мастак, аднак саму працу прыхоўвае да выставы.

«Вуліца Ерусалімская» Алеся Сурава

У часе размовы мастак задумліва водзіць пэндзлікам на чарговым палатне. Побач раўніва туліцца котка Тэкля, якая непадкупна сцеражэ майстэрню свайго гаспадара.

На ўваходзе пасярод шматлікіх рознакаляровых працаў, фарбаў, пэндзляў, кніжак стаіць некалькі старых чамаданаў. Не адразу прыкметна, што са скураных сценак валізак некуды ўдалеч узіраюцца цьмяныя постаці. На іншых — шэрыя дамы, якія пакідаюць людзі.

Спадар Алесь задаволена пасміхаецца, гледзячы на аслупянелых гасцей, а пасля тлумачыць: «Я — былы музейшчык і даўно ўжо збіраю розныя старыя рэчы, у тым ліку чамаданы. Яны ў мяне так і стаялі гадамі на лецішчы. Ажно раптам я неяк паглядзеў і да мяне дайшло! Дом жыда — гэта ж чамадан! Дзе б ён ні быў, у якой краіне бы не жыў, ён заўсёды ведае, што можа прыйсці той час, калі яму прыйдзецца проста з’яжджаць. А раптам ізноў будзе нейкая ўспышка антысемітызму? І мне ўявілася, што кожны чамадан — гэта дом нейкага яўрэя. Магчыма, гэты вобраз з’явіўся пасля твораў Шолам-Алейхема. Я многа чытаў пра гэта і гэта для мяне быў як сімвал, магчыма, падараваны Богам у падтрымку маёй ідэі. А ўвогуле з гэтых чамаданаў я хачу зрабіць цэлую вуліцу. Ёсць такая вера ў жыдоў, што верх іхнай мары — усім сустрэцца ў Ерусаліме. І калі яны адзін з адным развітваюцца, то кажуць: Ну што, у наступным годзе ў Ерусаліме? Таму мая вуліца будзе называцца проста — Ерусалімская».

«У беларусаў свае загінулыя ў гэту вайну былі, а жыдоўская трагедыя — гэта ўжо нібыта і не іх праблема»

Чаму настолькі моцна сцерлася памяць пра габрэйскую цывілізацыю, як вы яе называеце, якая ў даваенны час проста буяла: шматлікія сінагогі, фабрыкі, крамы, гатэлі, газеты на ідыш, што ўжо казаць, калі адна з моваў канстытуцыя БССР была менавіта ідыш? — пытаюся ў мастака.

«Усе мы ведаем, што быў Галакост, вайна, што з яўрэямі гэтак абсурдальна абышлася гісторыя. Аднак пры ўсім гэтым, гэта ж, нібыта не з намі, у нас свая трагедыя. У беларусаў свае загінулыя ў гэту вайну былі. А іх трагедыя, гэта ўжо іхная праблема. І нібыта пасля вайны іх не асабліва многа засталося і непрыстойна было падымаць гэтую тэму. Не ўспаміналі і ў савецкія часы нават пра тое, колькі іх загінула. Казалі агульнай фразай: загінула 6 мільёнаў еўрапейскіх жыдоў. Менавіта еўрапейскіх. І ніхто не казаў, колькі загінула ў Беларусі. З пачаткам перабудовы пачалі так больш-менш гаварыць пра гэта. Але ізноў жа большасць іх з’яжджала і з’ехала. Бо жыдоўскага насельніцтва фактычна няма і няма каму гэтым займацца. Ёсць нейкія ўмоўныя культурныя цэнтры. Зараз усё больш і больш адкрываецца постацяў нават у беларускай культуры, хто быў жыдоўскага паходжання. Усплываюць і пісьменнікі. Мы ўсе ганарымся малевічамі, шагаламі, зэмэнгофамі. Раптам узгадалі, што Бакст нарадзіўся ў Горадні. Гэта тыя, хто адзначыўся ў сусветнай культуры. А да прыкладу Найдус? Калі чалавек пісаў або ствараў нешта на ідзіш, ён нібыта да нас не належаў. І ў гэтым вялікая памылка ў першую чаргу дзяржавы, таму што чым болей культураў і моваў мае грамадства, тым болей яно багацейшае і тым лепшыя яго «мазгі», — адказвае спадар Алесь.

Аднак усё роўна, — лезу ізноў з пытаннямі, — фактычна ўжо хутка будзе 30 гадоў, як распаўся Савецкі саюз, Беларусь столькі гадоў - асобная дзяржава, і так мала было прысвечана ўвагі габрэйскай культуры на тэрыторыі Беларусі. У той жа Польшчы ці нават Украіне ёсць габрэйскія рэстарацыі. Габрэйскі тэатр у Варшаве. А ў нас галоўная тэма Галакост. Дый нават уласна габрэйскія арганізацыі не імкнуцца занадта тут нешта аднаўляць.

«Антысемітызм не знік, — гаворыць мастак. — Справа ў тым, што ўсе ўлады, якія хочуць кіраваць, заўсёды нацкоўваюць народ на народ, людзей на людзей. Так было і ў савецкія часы. І жыдоўскаму народу тут найбольш дасталася. Была неафіцыйна тэндэнцыя, яшчэ пры Сталіне, які быў адным з першых антысемітаў. Імперыя нібыта не вінавата ў бедах народа. Патрэбны вораг. Вось напрыклад беларусаў - зашмат, у іх свая радзіма. Гэта ўжо фактычна наезд на нацыю. А найпрасцей ганіць тых, хто не мае радзімы. Жыдоў, цыганаў. І гэта ўсё на вялікі жаль засвойваецца ў памяці людзей. Я адмыслова кажу „жыдоў“, таму што „яўрэй“ ці „габрэй“ для мяне гучыць штучна. У нас заўсёды казалі „жыд“, без нейкай негатыўнай канатацыі».

Я хацеў сказаць проста «дзякуй»

Як распавёў творца, выстава будзе называцца «Паштоўкі з мястэчка». Паштоўка ў разуменні мастака — гэта своеасаблівая сувязь таго часу і гэтага часу, той культуры і гэтай культуры. Выстава адкрыецца ў досыць сумную гадавіну — 75 гадоў ад часу знішчэння Гарадзенскага гета.

«Я не прымяркоўваў, я проста пісаў. Маёй мэтай было аддаць даніну тым людзям, які жылі тут калісьці, згадаць прыгажосць той культуры, якая квітнела на гэтых землях. Бо, не зразумеўшы таго, што ў нас было, не адчуеш і саму Беларусь, што гэта за краіна. Не пераасэнсаваўшы свайго мінулага, нельга зразумець як павінна быць і куды рухацца далей. З майго боку гэта быў такі пасыл: Я памятаю, а вы?».

Выстава «Паштоўкі з мястэчка» адкрыецца 18 сакавіка ў Гарадзенскай харальнай сінагозе пасля мітынгу ў гонар загінулых ахвяр Галакосту, які адбудзецца, а 13-й гадзіне каля былога Гарадзенскага гета на вуліцы Замкавай.