Спадчына

«Мы, Рымарчукі - карэнная праваслаўная сям’я з Гродна». Яшчэ адна гісторыя з новай кнігі Кулевіча

У снежні Hrodna.life плануе прадставіць чарговую кнігу з успамінамі гродзенцаў, якія нарадзіліся ў 1920−30-я гады. У новым выданні будзе 27 унікальных гісторый. Пакуль кніга рыхтуецца да друку, мы прапануем пазнаёміцца з успамінамі 84-гадовай Таццяны Саветкінай.


Таццяна Аляксееўна Саветкіна (Рымарчук). Нарадзілася ў 1935 годзе ў Гродне на вуліцы Вітальдовай. Праваслаўная. У канцы 1950-х пасля вучобы ў інстытуце пераехала ў Мінск, дзе жыве дагэтуль. У роднае Гродна прыязджае некалькі разоў на год.


«Я карэнная гродзенка, мая сям’я ў гэтым горадзе жыве ўжо вельмі даўно. І мы праваслаўныя беларусы, заўсёды такімі былі. Гэта нягледзячы на тое, што многіх запісвалі пад іншай нацыянальнасцю. Гэта як мясцовыя каталікі сталі палякамі. Наогул, да вайны ў Гродне не называлі нацыянальнасць, проста казалі: праваслаўны, каталік або яўрэй».

Таццяна Саветкіна нарадзілася ў сям'і карэнных гродзенцаў, якая жыве ў Гродне з першай паловы 19 стагоддзя (а можа, і больш, архіўныя звесткі не вызначаныя). Жанчына — стрыечная сястра вядомага гродзенскага калекцыянера Аляксандра Сяргеевіча Рымарчука. Іх агульны прадзед, Максім Тэадор Фёдаравіч Рымарчук, быў унтэр-афіцэрам Віленскага гарнізоннага батальёна. У сям'і захаваўся ўнікальны дакумент — указ Аляксандра II ад 20 снежня 1857 года аб адстаўцы унтэр-афіцэра Рымарчука М.Т., у якім на шасці старонках распавядаецца пра этапы баявога шляху прадзеда Таццяны Саветкінай, пра тое, што ён уступіў на службу рэкрутам 16 лістапада 1836 года, а 30 мая 1843 года яму было нададзена званне унтэр-афіцэра, што ён быў узнагароджаны «бронзовой медалью в память войны въ 1853, 1854, 1855, 1856 годах на Андреевской ленте и за безпорочную 20тилътнюю службу тремя нашивками изъ желтой тесьмы на лъвомъ рукавъ полукафтана».

Рымарчукі
З сярэдзіны 19 стагоддзя Рымарчукі пражывалі ў Занёманскім фарштаце, а з 1906 года на сучаснай вуліцы Бялінскага, дзе дзедам Таццяны Мікалаем Максімавічам «был возведен жилой дом, с хозяйственной постройкой и земельным участком 170 саженей».

«Ужо пры паляках мой бацька Аляксей Рымарчук быў кіроўцам, як і яго брат Сяргей. Апошні падпрацоўваў таксістам, ён меў сваю машыну, а бацьку запрасілі вазіць архірэя, уладыку Антонія. Тату ў царкве ведалі добра. Калі я нарадзілася, ён ужо працаваў у кансісторыі пры Свята-Пакроўскім саборы, не толькі вазіў уладыку, але і прыслужваў клірыкам. Маці не працавала, спявала пры саборы ў архірэйскім хоры. Там жа і з бацькам пазнаёмілася, ён таксама хадзіў на хор. Усе жылі побач, а Гродна тады маленькім было, і ўсе адзін аднаго ведалі».

Дом Рымарчукоў на вуліцы Красінскага (суч. Бялінскага), 1930-я гг.

«Старыя людзі былі незадаволеныя палякамі»

Пасля нараджэння Таццяны яе сям’я першы час жыла ў падвальным памяшканні на Вітальдовай. Там былі два пакоі і кухня. Астатнія яе сваякі жылі ў раёне Новага свету, на Красінскага і Жэромскага (суч. Ватуціна.).

«Мы часта туды хадзілі, я там і вырасла. Там жылі дзядуля з бабуляй з боку бацькі, а з боку маці бабуля жыла каля Архірэйскага падворка. Таты бацька працаваў у мясцовым магістраце, быў нейкім чыноўнікам. Нават неяк дзіўна, што праваслаўны чалавек займаў такую пасаду, бо за Польшчай складана некаталікам было прабіцца на высокую пасаду. Неяк на гэтую тэму ў сям'і мы ніколі не размаўлялі. Гэта цяпер думаю, чаму мала цікавілася сям’ёй, нават не задумваліся на гэты конт. Як і пра тое, чаму разабралі царкву Аляксандра Неўскага ў Гродне. Яна была там, дзе цяпер у парку вечны агонь.

Царква была пабудаваная ў 1869 г. У міжваенны час была гарнізоннай царквой для праваслаўных вайскоўцаў. У 1938 г. яе разабралі нібыта праз тое, што яна замінала руху. Замест яе мусілі пабудаваць новую царкву ў іншым месцы, але да верасня 1939 г. гэтага зрабіць не паспелі.

Закладкі капсулы на месцы новай царквы, 1938 г.
Жыццё за польскім часам я нават і не памятаю, толькі з апавяданняў бацькоў. Казалі, што старыя людзі былі незадаволеныя палякамі праз разбурэнні цэркваў, як Аляксандра Неўскага, так і Сафійскага сабора, які перабудавалі ў каталіцкі храм. За палякамі ўціскалі праваслаўных. Таму, калі прыйшлі саветы ў Гродна ў 1939 годзе, то некаторыя праваслаўныя людзі былі рады, што нарэшце свае людзі прыйшлі".

«Свае ж расстралялі дзядзьку»

У 1939 годзе пасля прыходу савецкай улады рэпрэсіі Рымарчукоў не закранулі, але іх сямейныя дамы нацыяналізавалі.

«Нашы сваякі працягвалі там жыць і сёння нават жывуць. У 1939 годзе тата ўладкаваўся працаваць кіроўцам у хуткай дапамозе і прапрацаваў там да прыходу немцаў. У першыя дні вайны ў чэрвені 1941 года ён ездзіў па горадзе з калегамі і падбіраў параненых людзей. У гэтым жа годзе мы пераехалі да цёткі Соні на Жэромскага».

Пры першых саветах брат бацькі Таццяны, дзядзька Сярожа, быў асабістым кіроўцам начальніка Дома афіцэраў на Ажэшкі. Калі пачалася вайна, ён дапамагаў яго сям'і ўцячы. «Яны пагрузілі рэчы і паехалі, трапілі ў акружэнне. Выбраліся, але іх расстралялі свае ж, праз тое, што ўцякалі. Лічылі здраднікамі і стралялі нават тых, хто з канцлагера вяртаўся, лічылі іх нядобранадзейнымі людзьмі. А потым многіх рэабілітавалі, такая наша гісторыя. Дарэчы, дзядзька Сярожа — гэта бацька вядомага гродзенскага калекцыянера Аляксандра Рымарчука».

Сяргей Рымарчук, 1930-я г.

Немцы называлі Гродна Гартэнам

За немцамі, калі сям’я Таццяны жыла на Жэромскага, на вуліцы размясцілася інфекцыйная бальніца. Туды часта прыводзілі палонных савецкіх салдат, якія хварэлі. З гэтай прычыны нямецкія салдаты сталі баяцца з’яўляцца на гэтай вуліцы, каб не заразіцца.

«Да гэтага немцы хадзілі па дамах і забіралі каштоўныя рэчы. У нашага бацькі забралі ровар і фотаапарат, якім было зроблена шмат здымкаў з нашай сямейнай калекцыі. Падчас акупацыі мы, дзеці, стараліся з вуліцы нікуды не сыходзіць. Было небяспечна. Побач з намі, на сучаснай вуліцы 17 Верасня, там, дзе раней жылі польскія афіцэры, пасяліліся нямецкія сем'і. Яны думалі, навечна сюды прыехалі. Наш горад яны называлі сваёй назвай „Гартэн“ (Garten (ням.) — сад.). Дзеці з гэтых сем’яў прыходзілі часам да нас, а іх бацькі прыходзілі і забіралі іх, не дазвалялі з намі гуляць. А дзеці паміж сабой хутка знаходзілі агульную мову і гулялі».

Таццяна Рымарчук, 1930-я гг.

Дапамога палонным

У Гродне было шмат савецкіх палонных салдат. Па магчымасці сям’я Таццяны іх падкормлівала.

«Па вуліцах у горадзе часта вадзілі ваеннапалонных. Калі суправаджалі нямецкія салдаты, то можна было падкормліваць іх. Нямецкія салдаты былі звычайнымі людзьмі, якіх прызвалі ў армію. Прымушалі, як і нашых. З іх боку не было ніякага гвалту. Але калі палонных суправаджалі мясцовыя паліцаі, то лепш было да іх не падыходзіць. Маглі і стрэліць».

Насупраць кірхі быў высокі плот з калючым дротам, там пакідалі ежу палонным. А яны, каб аддзячыць, выстаўлялі самаробныя цацкі або сувеніры. Маці Таццяны неяк назад выкінулі драўляны самалёцік у знак падзякі.

«Памятаю і яўрэяў. Іх чамусьці вадзілі па 17 Верасня калонай, гналі кудысьці. Яны ціха і пакорліва ішлі. Адны дарослыя, дзяцей не было. Сумная карціна».

Радаваліся савецкім вызваліцелям

У час акупацыі сям’я Таццяны не галадала. У большасці выпадкаў мясцовых ратаваў лес, дзе было шмат грыбоў. Савецкіх вызваліцеляў яе сям’я сустракала з вялікай радасцю, як і іншыя жыхары вуліцы.

«Каб пракарміць сябе, мы пастаянна хадзілі па грыбы. Сушылі, асабліва баравікі. Хадзілі ў лес, які называлі Сольная Баля, гэта за Пышкамі, або ў Грандзіцкі, за горадам. У апошні часцей за ўсё. Там хвойнік быў, і заўсёды шмат грыбоў».

У час вызвалення Рымарчукі былі на Жэромскага. Быў налёт, беглі ў падвал, там чакалі. Савецкая выведка страляла ноччу. «Бліжэй да раніцы грукаюць у акенца падвала — суседка Качанова крычыць, што нашы прыйшлі. Усе выбеглі, радаваліся».

Нямецкія афіцэры з 17 Верасня ўцякалі з сем’ямі ноччу. Для іх стала нечаканасцю, што савецкія войскі так хутка ўвайшлі ў Гродна. «Немцы тым часам паспелі замініраваць шматлікія будынкі горада, але гарэла ў Гродне толькі адна пошта і нешта ў раёне вакзала. Гродна — гэта адзіны горад у Беларусі, які амаль не пацярпеў ад вайны».

Цэнтр Гродно, 1946 г.

Пасля вайны бацька пайшоў служыць святаром

Пасля вызвалення Гродна Таццяна пайшла вучыцца адразу ў другі клас. А яе бацька Аляксей пайшоў служыць у царкву.

«Я пайшла ў школу № 7 на вуліцы Дзяржынскага. У розныя гады са мной вучылася ўся гарадская эліта, дзеці савецкіх чыноўнікаў. Усе яны жылі побач, у тым самым раёне на вуліцы 17 Верасня, дзе спачатку жылі польскія афіцэры, потым сем'і немцаў, а за саветамі - гарадскія ўлады».

У 1945 году бабуля Таццяны прапанавала яе бацьку ісці служыць у царкву. Казала, у горадзе няма мясцовых святароў. «Сям'я ў нас была вельмі набожная. Бацька паслухаў сваю маці і пайшоў служыць. Спачатку на самую нізкую прыступку — дыяканам. Служыў у Свята-Пакроўскім саборы да пачатку 1980-х гадоў. Быў протадыяканам. У савецкі час набажэнствы ў саборы праходзілі толькі на выхадных».

Бацька Таццяны Аляксей Рымарчук, 1930-я гг
Таццяна Саветкіна скончыла ў Гродне інстытут, адпрацавала размеркаванне ў вёсцы, а пасля пераехала ў Мінск да мужа. «Пра роднае Гродна ніколі не забывала, заўсёды прыязджаю. Тут мая сям’я і мае карані».


«Мы былі патрыётамі». Успаміны гродзенца, які прымаў удзел у абароне Гродна 1939 года

Успаміны сталых гродзенцаў: гісторыя чалавека, які працаваў у гета і дапамагаў яўрэям

«Бацька іх чакаў, а яны стралялі ў яго дзяцей». Як 80 гадоў таму ў Гродна ўвайшлі саветы

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024