Крысціна Пянткоўская. Фота з яе архіва
Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата выкладаў у школе, мама працавала ў сакратарыяце на тытунёвай фабрыцы. Пянткоўскія пражылі ў Гродне да эвакуацыі ў Польшчу ў 1946 годзе.
Hrodna.life сумесна з рэдакцыяй MOST працягвае цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.
Крысціна — патомная гродзенка. Сям’я жыла ў Гродне ва ўласным доме на вуліцы Грахоўскай і мела тры работніцы. Вера была кухаркай, Таня — няняй для дзяцей, а работніцу, якая кіравала астатнімі, звалі Юлія Цімашэўская. Яна засталася з сям’ёй да самай эвакуацыі ў 1946 годзе.
Былая вуліца Грахоўская — гэта сёння адрэзак вуліцы Гарнавых ад Суворава да тытунёвай фабрыкі.
— Жыццё да вайны ў нас было багатае і насычанае. Яно было поўнае яркіх фарбаў і ўспамінаў. Мы часта на параходзе па Нёмане плавалі ў Пышкі, па нядзелях — у Друскенікі. Хадзілі ў гарадскі парк і заапарк, на Крэйдавыя горы. Памятаю, што ў таты быў пропуск у афіцэрскае казіно, бацькі там часта праводзілі час на розных мерапрыемствах. Быў там і баль для дзяцей. Аднойчы сястра Дануся была каралевай такога балю, яна была старэйшая за мяне на два гады. Я ёй вельмі зайздросціла.
Афіцэрскім казіно ў міжваеннай Польшчы называлі клуб для афіцэраў, а не казіно ў значэнні месца, дзе адбываюцца азартныя гульні.
У даваенным Гродне амаль палову насельніцтва складалі яўрэі. Крысціна памятае, як да вайны яна хадзіла на Лелявеля ў краму да яўрэя Ахона, які быў сябрам сям'і.
— На Лелявеля ён жыў і працаваў. Яго дачка Роза часта прыходзіла да нас на пляцоўку для гульняў. У Ахона можна было купляць прадукты ў крэдыт. У нас ён быў свой, бо бацька дазваляў мне і сястры Данусі прыходзіць і штодня на 20 грошаў браць сабе каву і што-небудзь з прысмакаў. А ён потым прыходзіў і разлічваўся.
Да 1939 года Крысціна хадзіла ў падрыхтоўчую школу для дзяцей работнікаў тытунёвай фабрыкі, якая знаходзілася на тэрыторыі прадпрыемства. У шэсць гадоў дзяўчынка ўжо была вельмі самастойнай.
— У красавіку 1939 года, калі мама была цяжарная, я чула, як яна гаварыла з няняй і сказала, што вельмі хоча бабку дражджавую. Няня сказала, што раніцай пойдзе ў краму, купіць усё што трэба і прыгатуе бабку. Але я вырашыла праявіць ініцыятыву, узяла кошык і пайшла да Ахона ў краму і папрасіла, каб ён паклаў у кошык усё, што трэба для дражджавой бабкі. Потым гэты яўрэй распавядаў бацьку, што на прылаўку з’явіўся спачатку кошык, а потым я з-пад кошыка, такая маленькая яшчэ была. Ён усё, што трэба для бабкі даў, і я аднесла дадому. Пані Юлія Цімашэўская была вельмі здзіўленая. Казала, што дзіцяці шэсць гадоў, але яна ўсё ў краме купіла для бабкі, нават каляровую вобмешку. Таксама яна сказала вельмі значную для мяне фразу: «Крыся заўсёды ў жыцці справіцца». Гэта стала маім крэда. Я заўсёды старалася гэтага прытрымлівацца, бо павінна была гэтаму адпавядаць. Была іх героем, была адважнай і прадпрымальнай і не магла іх падвесці.
У памяці Крысціны захаваліся ўспаміны, як у жніўні 1939 года з бацькам яна ішла за ручку ў вайсковы гарнізон. Ён тады сказаў дачцэ: «Будзе вайна, і я не буду з вамі. Вы павінны дапамагаць маме і, самае галоўнае, вучыцца. Ад гэтага будзе залежаць далей ваша жыццё». У той дзень ён купіў дачцэ марозіва для дарослых. Крысціна ўспамінае, што для дзяцей звычайна было марозіва ў маленькай упакоўцы, а гэта было ў вялікай. Яна была вельмі радая, што нарэшце атрымала порцыю як усе дарослыя людзі.
— Бацька развітаўся з намі 23 жніўня і з’ехаў на вайну шараговым салдатам. Пашанцавала, што трапіў да немцаў у палон. Калі б да рускіх, то загінуў бы ў Катыні. З пачаткам Другой сусветнай з намі ў Гродне засталася хатняя работніца Юлія, дзве іншыя няні сышлі. Усёй сям’ёй з дзедам слухалі радыё. Было чуваць «увага-увага!» і папярэджанні аб бамбаваннях у іншых гарадах. Бамбілі тады ў 1939 годзе і Гродна. Мы не хаваліся ў падвале, баяліся, калі ў хату трапяць, то нас засыпле. Стаялі каля дома.
Што прыйдуць рускія (так тады называлі агулам усіх савецкіх жаўнераў), у Гродне ўжо ведалі. Былі ўлёткі, што ідуць вызваляць ад «панскага прыгнёту», успамінае Крысціна. Рускія былі ўпэўненыя, што вызваляюць насельніцтва, бо верылі прапагандзе, кажа яна.
Тут і далей слова «рускі» выкарыстоўваецца ў тэксце ў значэнні «савецкі», так як гэта казала гераіня.
Некаторыя гродзенцы з кветкамі сустракалі Чырвоную Армію: на левым беразе Нёмана мясцовыя жыхары зрабілі святочную арку з кветкамі для сустрэчы савецкіх салдат. Крысціна ўспамінае, што таксама пабегла ў агарод па кветкі, а мама ўбачыла гэта і спытала, ці не здурнела яна. Дзяўчынка нават не ведала ў той момант, каго трэба сустракаць.
— Я спытала ў мамы, хто лепшы: немец ці рускі? Мама адказала: «Гэта не бацька і не маці, адзін і другі». Мне здаецца, што немцы паказаліся ў Гродне ў верасні 1939 года, але яны не заходзілі. Прыязджалі на матацыклах і чакалі, пакуль у горад увойдуць саветы. Памятаю, як рускія ішлі ад Ласосна ў бок цэнтра. Мы стаялі каля дома і бачылі салдат на канях і павозкі. Была страляніна, мне раптам захацелася сланечніка. Я пабегла па яго і ўбачыла рускіх, якія ляжалі ў агародзе. Адзін з іх сказаў мне апусціцца і рукой паклаў на зямлю, як скончылі свістаць кулі, выштурхнуў мяне назад і сказаў бегчы дадому.
Чытайце таксама: Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў
З прыходам саветаў у Гродне арганізавалася самаабарона з ліку вайскоўцаў, студэнтаў і іншых цывільных асоб. На абарону горада выйшлі і школьнікі, якія былі ў харцэрах. Гэта хлапчукі 12−14 гадоў. Пасля трох дзён абароны савецкія войскі ўвайшлі ў горад. Чырвонаармейцы вышуквалі абаронцаў і расстрэльвалі іх на Фартах і Сабачай горцы.
Харцэры — польскі варыянт скаўтаў. Сабачая горка — раён горада каля вуліцы Магістральнай, бліжэй яе скрыжавання з Азёрскай шашой.
— Ці патрэбна была тая абарона? Мне цяжка сказаць. Ужо праз гады я мела зносіны з многімі людзьмі з Гродна, чытала ўспаміны абаронцаў. Вайскоўцам казалі адступаць у раён Ліды, многія адступілі. А моладзь прыняла рашэнне з рэшткамі вайскоўцаў абараняць Гродна. У выніку саветы ўвайшлі, а абаронцаў расстралялі. Многія сёння забытыя. Усе ведаюць Тадзіка Ясінскага, але герояў было шмат.
У Гродна з прыходам савецкай улады пачаліся арышты. Арыштавалі некалькіх сваякоў сям'і Пянткоўскіх. Сярод іх быў муж сястры яе дзядулі. Ён быў з ліку былых белагвардзейцаў, царскі афіцэр часоў Першай сусветнай вайны. Яго арыштавалі, вывезлі, а пасля расстралялі. Яго жонку з дзіцём ноччу забралі з дому і са станцыі Ласосна ў вагоне для жывёл адправілі ў Сібір. Але перад выездам яна паспела праз знаёмых звязацца са сваякамі, каб тыя прынеслі рэчы.
— Я праз шмат гадоў у мамы спытала, для чаго яна мяне тады з сабой узяла. Мама адказала, што жанчыну з дзіцём не кранулі б, а адну жанчыну затрымалі б. Мы пайшлі да іх дадому па рэчы. Усё было перавернута. У іх золата было, я не ведаю, паспелі яны ўзяць з сабой яго ці не. Мы сабралі рэчы, схадзілі да сваякоў па малако, на рынку купілі каўбас і аднеслі на станцыю Ласосна. Да вагона нас не пусцілі. Мы перадалі ўсё праз ахоўніка. Майго дзеда брат Павел ажаніўся з Браніславай Паруліс. Гэтая Браніслава з дзвюма дочкамі і двума ўнукамі гэтым жа эшалонам з’ехала ў Сібір. Іх прывезлі ў Казахстан, у сяло Пакроўка. Засталіся іх лісты.
Крысціна ўспамінае, што яе мама ведала, што ў першую чаргу будуць вывозіць сем'і вайскоўцаў. Наступныя на чарзе будуць прадстаўнікі інтэлігенцыі: чыноўнікі, ксяндзы, настаўнікі, лекары і г. д. Пянткоўскія разумелі, што яны таксама ў чарзе на вываз. Гродзенка кажа, што іх павінны былі вывозіць у чэрвені 1941 года, але не паспелі. Горад занялі нямецкія войскі, рускія ў спешцы адступілі.
Гараджане не выходзілі сустракаць немцаў у 1941 годзе, як гэта рабілі ў час прыходу рускіх у 1939, успамінае гродзенка. Мясцовыя камуністы адступалі разам з савецкімі войскамі, а яўрэі разумелі, што іх чакае пры немцах. Палякі з насцярожанасцю глядзелі на новых акупантаў у Гродне.
— Пры немцах мама працягнула працаваць на тытунёвай фабрыцы. Яна стала дадому прыносіць тытунь, каб прадаваць. Мае першыя ўспаміны пра немцаў звязаныя з тым, як мама ішла з працы і несла ў сумцы тытунь. На вуліцы яе спыніў немец: «Halt! Halt!» — і стаў сумку правяраць. Спытаў, дзе жыве, заставалася дзесяць крокаў да хаты. Мама думала, што адказаць, і ў выніку паказала на свой дом. Ён узяў сумку і дапамог паднесці, пасля гэтага сышоў. Гэта вельмі здзівіла, мы чакалі горшага. Звычайна жандары па двое патрулявалі вуліцы, заўсёды насілі з сабой цукеркі і чамусьці ўвесь час пыталіся пра курыныя яйкі. У нас не было курэй, але мы куплялі яйкі і насілі з сабой. Я была бландынкай, мяне любілі спыняць немцы. Калі спынялі, я давала ім яйкі, а яны наўзамен цукеркі. Мая старэйшая сястра Дануся была цёмненькай, яе не спынялі. Яна неяк раз маме сказала, што я супрацоўнічаю з немцамі, бяру ад іх цукеркі і даю ім яйкі. Я адказала, што не супрацоўнічаю і, калі з’ем нямецкія цукеркі, то нямецкія дзеці мяне не з’ядуць.
Немцы, калі прыйшлі, загадалі ўсім здаць радыё. Дзед Крысціны гэтага не зрабіў, хоць быў зарэгістраваны як уладальнік радыё. Кожныя два тыдні да Пянткоўскіх прыходзілі з рэвізіяй шукаць прымач. Маці адказвала, што ён зламаўся і яго даўно выкінулі. Калі б ведалі, якія праблемы з-за радыё будуць, то проста б здалі яго немцам. Прыходзіла гестапа, развалілі печ, падлогу выкрывалі і крычалі: «Радыё! Радыё!»
Чытайце таксама: Гарбата ў яўрэя Блёмберга, кава ў кубіках і «прываткі» ў вёсцы. Публікуем чарговыя ўспаміны з Гродна 1930−40-х гг
Гродзенка ўспамінае, як кожны тыдзень хадзілі ў кінатэатр «Спартак» на Дамініканскай. Яшчэ была «Чырвоная зорка» на Паштовай вуліцы. Нямецкіх назваў кінатэатраў Крысціна не памятае, ды і ўсё роўна іх усе называлі так, як пры саветах ці паляках. Сеанс каштаваў адну марку. Калі фільм быў з абмежаваннем ад 16 гадоў, то квіток у дзяцей забіралі. Крысціне ў 1941 годзе было 9 гадоў.
— Памятаю фільм з Крысцінай Зедэрбаўм «Залаты горад» для дарослых. Я ўжо купіла білет, мяне не пусцілі, білет забралі, але марку вярнулі. Я купіла білет яшчэ раз, падышла ў чарзе да мужчыны і спытала, ці магу я быць яго дачкой. З дарослымі пускалі на фільмы для дарослых. Ён адказаў, што не, не магла б, але дазволіў у выніку застацца з ім у чарзе. Мужчына на ўваходзе сказаў, што я яго дачка. Я была так рада, што трапіла на кіно для дарослых. Мая Дануся не паглядзела «Залаты горад», а я глядзела. Калі немцы праходзілі каля чаргі ў кіно, то ўсе стаялі роўна як па шнурку. Праходзілі з сабакам, і калі хто не роўна стаяў, то сабака мог яго дастаць. Я не бачыла, каб сабака кагосьці ўкусіў, але чэргі стаялі заўсёды роўныя.
Кінатэатр «Спартак» знаходзіўся на сённяшняй вуліцы Савецкай, на месцы новага корпуса ўнівермага.
Крысціна ўспамінае, як у час акупацыі яўрэі хадзілі з жоўтай зоркай па праезнай частцы. Па ходніках ім было забаронена хадзіць. Успамінае выпадак, як гестапаўцы на адкрытай машыне ехалі і спыняліся, каб біць яўрэяў, якія ім трапляліся па дарозе. Крысціна кажа, што гэта было страшнае відовішча, ад якога сэрца крывёю аблівалася. Яна насіла ежу ў гета дзецям, якія стаялі каля агароджы. Яны заўсёды чакалі з сумнымі вачыма. Немцы не дазвалялі перадаваць ежу, даводзілася прасіць у ахоўнікаў. Казаць, што яны галодныя, тады дазвалялі даць ім бутэрброды.
— Я ведала, што яўрэі ў гета, але не разумела, чаму яны там. Ведала, што іх народ пракляты і не маюць сваёй дзяржавы. Ніколі не разумела, чаму яны праклятыя. Ісус Хрыстос і яго маці Марыя былі яўрэямі. Іх усе цэняць, а іх народ — не. Дагэтуль не разумею.
Нярэдка гродзенскія яўрэі ўцякалі з гета і хаваліся ў розных месцах горада. Хтосьці з гараджан дапамагаў і хаваў у сябе вязняў, іншыя маглі здаць і атрымаць за гэта ўзнагароджанне ад немцаў.
— Некаторыя яўрэі хаваліся на Францішканскіх могілках. Там было адно вялікае надмагілле з калонамі, дзе ляжалі нашы сваякі. Узімку я заўважыла сляды там і прывяла маму паказаць. Мама паглядзела і сказала, каб я замяла сляды. Пасля вайны мы даведаліся, што некаторыя вязні збягалі з гета, хаваліся на могілках і падкопвалі бетонныя надмагіллі да трунаў. У такой сітуацыі яны былі. Калі яўрэяў выводзілі з гета, то гналі калонай праз нашу вуліцу. За тытунёвай фабрыкай быў роў. Адна яўрэйская жанчына кінула туды дзіця, загорнутае ў хустку. Я ўцякла дадому. Потым распавядалі, што немец убачыў гэта і забіў дзіця.
Францішканскія могілкі - старыя могілкі на сённяшнім завулку Перамогі.
Падчас нямецкай акупацыі вучоба ў Гродне на польскай мове была забароненая. Мама Крысціны адправіла яе на «таемныя заняткі» да настаўнікаў, а таксама на лекцыі ў Брыгіцкі касцёл, дзе вучылі сёстры-назаратанкі. Гродзенка ўспамінае, што не дазвалялася хадзіць па тры-чатыры чалавекі, кожны меў свой час. Прыходзілі памаліцца і на лекцыі. Вучоба праходзіла там, дзе былі келлі сясцёр. У касцёле заўсёды быў чалавек, які паказваў да іх дарогу. Калі адна вучаніца выходзіла, прыходзіла іншая. Вучылі польскай мове, матэматыцы. За час нямецкай акупацыі Крысціна асвоіла чытанне і пісьмо па праграме першага і другога класа.
— А на службу я хадзіла ў свой Францішканскі касцёл, які быў недалёка ад дома. Памятаю ксяндза Тытуса. А ксёндз Аркадзь рыхтаваў нас да першай камуніі. Памятаю, як мы прыйшлі з нашай Юляй на свята. Падышоў тады ксёндз Аркадзь і пагладзіў мяне па галаве, спытаў, ці задаволеная я гэтым днём. Гэта быў памятны дзень у ліпені 1944 года, калі немцы ўцякалі.
Верагодна, гаворка пра ксяндза Аркадыюша Вальтася, які працаваў у Францішканскім касцёле ў час акупацыі, а пасля яе застаўся адзіным францішканінам. Памёр у 1975 годзе ў Гродне.
Падчас вайны маці Крысціны з дзедам ноччу зачыняліся ў адным з пакояў дома і нешта рабілі. Вокны былі завешаныя, бо пры немцах забаронена было ўначы ўключаць святло. Юная гродзенка днём зрабіла дзірку ў фіранцы і ноччу пайшла паглядзець. Аказалася, што мама з дзядулем рэзалі махорку на спецыяльнай машынцы. Потым узважвалі, пакавалі ў пачкі і наляплялі этыкеткі. Прыходзіў спецыяльны чалавек купляў гэтыя пачкі. Так сям’я зарабляла і здолела перажыць вайну.
— Калі хадзілі на Сонечную вуліцу да пані Марцінкевіч, я ўжо пачала разумець, што мама тут этыкеткі купляе. Праз тыдзень я пайшла сама да пані Марцінкевіч і сказала: «Мне як звычайна». Я ўсю гэтую справу на шнурок схавала і ад Сонечнай вуліцы пайшла дадому, гуляючы з мячыкам. Па шляху немец пачаставаў цукеркамі. Мама, калі ўбачыла этыкеткі, ускрыкнула ад нечаканасці: «Пані Марцінкевіч табе дала?» Я адказала, што сказала: «як звычайна» — і яна ўсё мне дала. Пасля гэтага мама мяне пасылала да яе. Я думала, што гэта больш бяспечна, чым ёй самой хадзіць. За махорку трэба было таксама грошы плаціць. Але мы хадзілі ў Ласосна, дзе высокія стагі тытуню стаялі. Нашы сябры Дзімка і Валодзька гулялі з аднаго боку, адцягваючы ўвагу немца-ахоўніка, а мы, дзяўчынкі, — пад гэтыя стагі, лісце збіралі ў мяшок. У нас усё было прадугледжана, ведалі, колькі яны павінны там гуляць. Ведалі, калі немец ідзе ў іх бок, мы ў гэты час ад стагоў уцякалі з мяшкамі. Адзін раз стог упаў. Немец убачыў нас і спытаў, што мы тут робім. Я адказала, што гуляем у хованкі. Немец трапіўся добры, адпусціў нас.
Крысціна ўспамінае, як хадзілі ў Ласосна ў краму, у якой прадавалі ліманад і піва. Там можна было купіць па пяць бутэлек рознага напою. Плацілі па пяцьдзясят пфенігаў, а прадавалі па адной марцы, то бок у два разы даражэй.
Насупраць дома Пянткоўскіх жыў пан Медушэўскі, ён працаваў у гестапа. На вуліцы яго страшна баяліся. Маці Крысціны была хроснай у іх дзяўчынкі Улі. Крысціна дзівілася, як мама пагадзілася, калі ўсе адмаўляліся.
— Мама потым распавяла, што ён быў хоць і гестапаўцам, але вельмі шмат дапамагаў. Я адказала, што потым яго ж расстраляюць, калі немцы сыдуць. Мама сказала, каб не думала пра гэта, бо нічога не разумею.
Крысціна ўспамінае, што пры немцах сушылі сухары і адпраўлялі бацьку ў палон у Германію. А ён адзін раз даслаў праз «Чырвоны Крыж» шмат шакаладу, розных памераў і смакаў. Таксама ад яго прыходзіў какава-парашок.
— Маці потым казала: мы яму хлеб высылаем, а ён там шакалад есць. Напісала яму ліст і спытала, ці варта хлеб яму адпраўляць. Ён адказаў, што кормяць іх нармальна. Пастаянна наведвае «Чырвоны Крыж» і глядзіць, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца. Умовы былі нармальныя. Толькі ахоўнікі чакалі, калі хто-небудзь з палонных паспрабуе збегчы, каб застрэліць. Але ніхто не хацеў рызыкаваць.
Бацька Крысціны пасля вызвалення з палону ў сакавіку 1945 года застаўся ў Польшчы. Маці Крысціны пасля вызвалення Гродна працавала ў эвакуацыйнай камісіі, якая адпраўляла людзей у Польшчу і часта ездзіла туды па працы.
— Дзякуючы працы мама даведалася, што тата ў горадзе Шчытна. У студзені 1946 года яна ўзяла накіраванне ў Шчытна і з сястрой Данусяй паехала да таты. Так яны сустрэліся ўпершыню з 1939 года. Дануся засталася ў Польшчы. Наступны раз мама паехала да бацькі ў ліпені 1946 года. Я з братам Юркам і хатняй гаспадыняй Юляй засталася ў Гродне. Юля не хацела сыходзіць ад нас, яна ўжо ў гадах была, без сям'і. Сказала, што ёй не трэба плаціць, толькі жыллё і ежа патрэбныя. Мы для яе былі як родныя.
Калі маці Крысціны была ў чарговай камандзіроўцы ў Польшчы, ноччу да Пянткоўскіх пагрукалі знаёмыя і сказалі, каб яна не вярталася ў Гродна, а то з’едзе «на белыя мядзведзі».
«На белыя мядзведзі» — так у Гродне ў першыя гады савецкай улады казалі пра ссылку на ўсход у выніку палітычных рэпрэсій.
— Мама ўжо павінна была вярнуцца. Раніцай адыходзіў цягнік у Польшчу, і трэба было перадаць праз каго-небудзь, каб яна не вярталася. Я дабралася да станцыі ў Ласосна, знайшла знаёмых з нашага раёна, якія ведалі маму, і папрасіла ёй усё расказаць. Аказалася, што нехта данёс на маму, што яна польскім партызанам выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала ім трапіць у Польшчу. У выніку маму папярэдзілі і яна не вярнулася.
Крысціна разам з Юляй вырашыла сама пайсці ў эвакуацыйную камісію, прасіць дакументы на выезд у Польшчу. Ёй было ўжо 13 гадоў. У камісіі ўсе ведалі сітуацыю сям'і Пянткоўскіх. Яны атрымалі дакументы: ім неабходна было выехаць у Польшчу да 30 жніўня.
— Мы сабралі шмат рэчаў, мэблі. Я хацела ўзяць трумо з вялікім люстэркам, якое мне вельмі падабалася. Але прыйшла працаўніца НКУС, якая чакала, калі мы вызвалім дом для яе, і сказала: «Паспрабуй толькі яго забраць! Раскажу, што гэта ўсё хлусня, застанешся тут, і мама твая вернецца!» Я забрала з сабой амаль усе кнігі. Яны потым спатрэбіліся бацьку ў эміграцыі ў Шчытне. Па іх вучыліся дзеці. Бацька пасля хваліў мяне за гэта. Дзядуля дапамог нам вывезці рэчы, і мы выехалі з Гродна. У Кузніцы нас ужо чакала мама.
Пянткоўскія пасяліліся ў Шчытне. Бацька пайшоў працаваць настаўнікам у пачатковую школу, Крысціне ён прапанаваў пайсці ў іншую навучальную ўстанову. Не хацеў, каб яна вучылася ў яго школе, бо ўзнікалі б пытанні з навучаннем.
— Я здавала экзамен у гімназію па рускай мове. Прафесар пытаўся ў мяне, што я вучыла ў Гродне. Я адказвала, што вучыла Лермантава, Крылова, Гогаля. Я распавяла байку Крылова «Мартышка і акуляры». І цяпер памятаю на памяць гэтую байку і шмат іншых вершаў. Здавала гісторыю на рускай мове, смяяліся з мяне. Потым распавяла пра пяцігодкі, яны зусім не ведалі, што гэта такое. Давялося ім тлумачыць.
Экзамен Крысціна здала і паступіла ў гімназію. Успамінае пацешны эпізод, калі выкладчыца па рускай мове хварэла, дырэктар прыходзіў і казаў: «Пянткоўская, табе трэба ісці ў шосты клас, замяняць».
Пасля гімназіі гродзенка паступіла ў ліцэй у Ольштыне. Пасля ліцэя была праца ў падатковай палаце галоўным бухгалтарам, потым аўдытарам. Даводзілася наведваць прадпрыемствы з праверкай. Крысціна заўсёды прытрымлівалася прынцыпу, каб маглі пры ёй усё выправіць падчас праверкі і падаць усе неабходныя дакументы і так пазбегнуць пакарання. Гродзенка прапрацавала аўдытарам 20 гадоў. Калі ліквідавалі акруговыя аддзяленні, атрымала вельмі добрую працу ў Варшаве.
— Упершыню пасля эвакуацыі я пабывала ў Гродне ў 1969 годзе. Я была ўражаная, што горад быў чысты і ўсе адзін аднаму дапамагалі. Проста была зачараваная. Так, нейкія будынкі знеслі, але ў цэлым горад быў выдатны. Больш у родным Гродне я ніколі не была. Вельмі сумую, бо гэты горад з’яўляецца для нашай сям'і вельмі важным. У Facebook я гляджу экскурсіі па Гродне і нават сама магу па памяці паказаць многае. Мне вельмі спадабалася, як на месцы Фары Вітаўта зрабілі манумент з двух крыжоў: праваслаўнага і каталіцкага. Вельмі добрае рашэнне. Пра Гродна не забываю, вось толькі шкада, што не магу прыехаць.
Зараз Крысціна піша сваю кнігу ўспамінаў пра карані сваёй сям'і.
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…
Беларуска Марыя Тычынская адыграла эпізадычную ролю ў фільме "Анора", які атрымаў "Залатую пальмавую галіну" Канскага…
У часы эканамічнага крызісу 1929-1931 гадоў і напярэдадні Другой сусветнай вайны частымі наведнікамі Гродна сталі астролагі і вешчуны. Яно і…
Оля Лета была вядомая як танцорка twerk і выкладчыца танцаў з Гродна. Цяпер яна выйшла…
Камілія Юзэфаўна Біліда (Талочка) нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Кульбакі ў пяці кіламетрах ад Гродна.…
Яўген Дудкін нарадзіўся ў Магілёве, але вырас у Гродне. Думаў стаць міліцыянерам, як бацька, але…