Метрычны запіс аб смерці Тадзіка Ясінскага знайшлі ў снежні 2021 года ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне. Гэты запіс пацвярджае існаванне хлопчыка і яго смерць у верасні 1939 года. Пра гэта расказаў тэлеграм-канал MOST, які належыць журналісту Руслану Кулевічу.

Пацвердзілася існаванне паўміфічнага абаронцы Гродна Тадзіка Ясінскага: у архіве знайшлі запіс аб яго смерці і пахаванні
Метрычны запіс аб смерці Тадзіка Ясінскага. Крыніца: Telegram-канал MOST

У запісе метрычнай кнігі аб памерлых з Фарнай парафіі напісана:

«21 верасня 1939 года ў Гродне на вуліцы Вітальдовай № 31 [суч. Сацыялістычная — Hrodna.life] мясцовай парафіі падчас ваенных дзеянняў быў забіты Тадэвуш Ясінскі, узростам 15 год. […] Зофіі Ясінскай сын. Яго цела 23 верасня 1939 г. пахавана на вайсковых могілках у Гродне».

Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч лічыць, што, дзякуючы гэтай заходцы, можна казаць пра сапраўднае існаванне Тадзіка Ясінскага. Раней яго рэальнасць некаторымі ставілася пад сумнеў.

Чытайце таксама: Тадзік Ясінскі - сімвал ці рэальны герой? 80 гадоў таму пачалася абарона Гродна

Пацвердзілася існаванне паўміфічнага абаронцы Гродна Тадзіка Ясінскага: у архіве знайшлі запіс аб яго смерці і пахаванні
Фота Тадзіка Ясінскага з маці, знойдзенае ў Беластоцкім музеі памяці Сібіры.

Хто такі Тадзік Ясінскі

Падлетак Тадзік Ясінскі стаў для палякаў сімвалам барацьбы за Гродна ў верасні 1939 года. Ён быў адным з тых, хто спрабаваў спыніць савецкія танкі, што заехалі ў горад. Паводле версіі Гражыны Ліпіньскай, якая ў верасні 1939 года была ў Гродне, савецкія салдаты прывязалі хлопца да танка як жывы шчыт. У сваёй кнізе Ліпіньская распавядае, як яна асабіста адвязвала падлетка ад танка. Неўзабаве ён памёр у шпіталі. Дакладнае месца пахавання Тадзіка Ясінскага ў Гродне невядомае. Яго сімвалічную магілу зрабілі на старых каталіцкіх могілках.

Чытайце таксама: Яму было 15 гадоў, і ён змагаўся за Гродна: у Беластоку пацвердзілі легенду пра Тадзіка Ясінскага

Чаму існаванне Тадзіка Ясінскага выклікала столькі пытанняў?

Доўгі час адзінай крыніцай былі ўспаміны Гражыны Ліпіньскай. Іх было немагчыма праверыць. Пра існаванне хлопца казалі і многія сталыя гродзенцы, але без падрабязнасцяў. У той жа час многім падавалася нерэалістычнай гісторыя яго смерці.

Некалькі год таму ў гродзенскім архіве гісторык Андрэй Чарнякевіч знайшоў дакумент, які пацвердзіў, што нейкі хлопец, якога звалі Тадэвуш Ясінскі, сапраўды жыў у Гродне на вуліцы Баніфратарскай (суч. Свярдлова). У чэрвені 2021 года у беластоцкім Музеі памяці Сібіры знайшлі адзінае вядомае на сёння фота Тадзіка Ясінскага. Тады ж знайшлося першае разыходжанне з інфармацыяй Ліпіньскай: яна пісала, што хлопцу было 13 год, насамрэч жа Ясінскаму было 15.