Спадчына

Замкі руйнаваць не будуць, але назвы вуліц «пачысцяць». Як могуць уніфікаваць гісторыі Беларусі і Расіі

Беларускія і расійскія ўлады анансавалі сумесную працу над «правільнай» версіяй гісторыі. У дзвюх краінах плануюць стварыць агульную версію мінулага, праслаўляць агульных герояў і гістарычныя падзеі. Што гэта значыць для беларускага грамадства? Hrodna.life запытаўся ў экспертаў.

Бітва пад Оршай (8.09.1514), карціна невядомага мастака з акружэння Лукаса Кранаха Старэйшага, створаная каля 1524−1530

Беларускі Савет Рэспублікі і расійскі Савет Федэрацыі прапанавалі распрацаваць адзіныя падыходы да выкладання гісторыі. Яны рэкамендуюць «распрацаваць агульны навукова абгрунтаваны гістарычны стандарт, які змяшчае канцэптуальныя ацэнкі гістарычных падзей і асобаў, а таксама адзіныя падыходы да выкладання гісторыі». Пра тое ж казалі на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ва Уфе ў канцы чэрвеня.

Але наколькі рэалістычныя гэта заявы? На колькі гадоў можа зацягнуцца гэты працэс? Праз што, акрамя падручнікаў, можна ўплываць на ўяўленні пра гісторыю?

Гэты тэкст пачаткова выйшаў у выглядзе email-рассылкі і толькі потым быў апублікаваны на сайце Hrodna.life. Калі вы хочаце атрымліваць ад нас штотыдзень лісты пра тое, што нас зацікавіла, здзівіла, абурыла, раззлавала ці парадавала — падпішыцеся на нашую рассылку.

Дэкларацыяў было шмат. А калі возьмуцца за працу?

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка лічыць, што панікаваць рана. «Пакуль гаворка ідзе толькі пра тое, што чыноўнікі прынялі дэкларацыю аб намерах. Гэта выглядае досыць рытуальным завяршэннем любой дзяржаўнай сустрэчы. Пакуль ніякая канцэпцыя не распрацавана, а толькі плануюць нешта распрацаваць. І калі пачнуць распрацоўваць — невядома», — сказаў Мажэйка ў размове з Hrodna.life.

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка. Фота: прадастаўлена Вадзімам Мажэйкам

«Хто ўвойдзе ў гэтую камісію? Як гэта адбудзецца? Ці будзе яна потым уплываць на падручнікі? Невядома. Я не думаю, што, маўляў, заўтра расійскія гісторыкі перапішуць нашыя школьныя падручнікі», — разважае эксперт.

Такія ініцыятывы час ад часу агучвалі і раней. Але яны мелі дэкларатыўны характар — і за словамі не ішлі справы. «Палітыкі, дэпутаты, час ад часу вылазілі наперад, што нам нешта падобнае патрэбна, але гэта не мела рэзанансу. Зараз больш шансаў, што гэта будзе рэалізавана», — сказаў Hrodna.life сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.

На думку Ластоўскага, пасля расійскай агрэсіі ва Украіне Беларусь становіцца для Расіі важным плацдармам, яе роля павялічваецца. «Для Расіі важна захоўваць кантроль над тэрыторыяй Беларусі. І гэта не толькі кантроль над краінай, але і за насельніцтвам, каб стварыць сапраўдных саюзнікаў».

Cацыёлаг Аляксей Ластоўскі. Фота: dw.com

Як зараз выкладаюць гісторыю і калі можа быць эфект ад уніфікацыі

«Зараз без усялякіх канцэпцый мы бачым, што ў школах гістарычны наратыў базуецца не столькі на навуковым кансэнсусе, а, хутчэй, [будуецца] ва ўгоду палітычнай кан’юнктуры. Тое, што Лукашэнку зручна, тое і прамаўляецца. Тут антыпольскія наратывы асабліва моцныя, гэтае ўсеагульнае сяброўства з Расіяй, якое таксама ў падручніках бачым», — сказаў Вадзім Мажэйка.

Аляксей Ластоўскі ўдакладняе, што ўсё ж у падручніках базавай школы гісторыя падаецца нацыянальна арыетавана. А вось падручнікі па найноўнай гісторыі - ХХ стагоддзя — сапраўды «лукашэнкаўскага бачання». Але ў любым выпадку: праца дзяржавы над фармаваннем гістарычнай свядомасць насельніцтва — не хуткі працэс. Гэта можа заняць дзесяцігоддзі.

Падручнікі па гісторыі Беларусі. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: belta.by

Уплываюць на гістарычную свядомасць розныя фактары:

  • гістарычная адукацыя ў школе, якая дае базавыя веды,
  • культурны ландшафт — што лічыцца гістарычнымі помнікамі, на падставе якіх чалавек складае ўяўленне пра гісторыю,
  • культурная прадукцыя — фільмы і мастацкія раманы, якія фармулююць сваю версію гісторыі.

Ластоўскі звяртае ўвагу на магчымую праблему ў сферы адукацыі - «свежыя» падручнікі, якія выпускалі на працягу апошніх шасці гадоў. «Трэба зноў перапісваць падручнікі. Гэта час на падрыхтоўку, пакуль увядуць у зварот, пакуль школьнікі па іх павучацца. Эфект можа быць праз 10−15 гадоў», — кажа сацыёлаг.

Адзіны падыход = расійскі падыход?

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у размове з «Філінам» звяртае ўвагу, што звычайна «супольнае» ў працэсе беларуска-расійскай інтэграцыі азначае «расійскае». Так можа быць і з гістарычнымі канцэпцыямі.

«Я думаю, што ўсё звядзецца да таго, што расійская канцэпцыя будзе цалкам праводзіцца ў Беларусі. Застанецца нейкі рэгіянальны канцэпт, як была некалі гісторыя БССР у Савецкім Саюзе на нейкім маргінальным узроўні. Так і тут могуць пакінуць вывучэнне гісторыі Беларусі ў якасці нязначнага дадатку да гісторыі „Саюзнай дзяржавы“. Пры цяперашніх тэндэнцыях і той глабальнай залежнасці лукашэнкаўскага рэжыму ад Расіі, пры ўзмоцненых працэсах русіфікацыі, гэтага зусім выключаць нельга», — папярэджвае эксперт.

А вось у магчымасцях беларускіх і расійскіх уладаў стварыць папулярны і канкурэнтаздольны масавы культурны прадукт — напрыклад, фільм — гісторык сумняваецца.

«Гэта акурат элемент афіцыёзу, а такія прадукты, як правіла, не атрымліваюцца паспяховымі. Яны прыдатныя хіба толькі для мемаў. Для таго, каб стварыць канкурэнтназдольны культурны прадукт, трэба ўсё ж, каб людзі рабілі з душой і натхненнем. І каб у ідэалы, якія яны прасоўваюць, гэтыя людзі самі рэальна верылі».

Будуць руйнаваць замкі, бо не ўпісваюцца ў гісторыю?

Вышэйшыя палаты парламентаў Расіі і Беларусі рэкамендуюць сумесна ствараць фільмы, якія адлюструюць «гістарычную і духоўную еднасць расійскага і беларускага народаў, а таксама пазітыўны вобраз развіцця саюзных адносінаў брацкіх дзяржаваў на сучасным этапе». Што могуць у гэтай сферы зрабіць беларусы?

«Ці знойдзецца новы Караткевіч? Няма зараз такіх пісьменнікаў, якія могуць запаліць свядомасць моладзі. Няма ніякага такога прадукта, які можна інтэграваць у расійскую прастору», — разважае Ластоўскі.

Яшчэ складаней змяніць культурны ландшафт, лічыць ён. Бо беларусы знаходзяцца ў зоне еўрапейскага культурнага ландшафту — з касцёлам і замкамі. Для беларусаў гэта каштоўнасці.

«Што, зараз руйнаваць Мірскі і Нясвіжскі замкі, бо яны не ўпісваюцца ў гісторыю? Тое ж самае з касцёламі?. […] Грамадства не гатова пераходзіць на радыкальныя пазіцыі, а калі кажам пра ўлады, то яны наўрад ці будуць руйнаваць увесь плён дзесяцігоддзяў па аднаўленні помнікаў. Застаецца і такі фактар, як свядомасць людзей».

Мірскі замак. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Чытайце таксама: Праз суд ліквідуюць фонд «Крэўскі замак». Ён 18 гадоў вывучаў і дапамагаў захоўваць спадчыну Крэва

Вуліцу Каліноўскага перайменуюць у вуліцу беларуска-расійскага сяброўства?

«Што тычыцца перайменавання вуліцаў, то тут уступаюць у канфлікт два наратывы. Бо па савецкім наратыве Каліноўскі і Касцюшка, перш за ўсё, барацьбіты з царызмам. Адпаведна, адсюль гераізацыя, у тым ліку і ў назвах вуліцаў», — сказаў Мажэйка. Зараз жа гэтыя персоны ўспрымаюцца як антырасійскія, як барацьбіты за беларускую незалежнасць. «Адсюль і полк Каліноўска — барацьбіты ў сучаснай беларускай гісторыі. Гэта выклікае раздражненне ў мінскага афіцыйнага дыскурсу».

Вуліца Каліноўскага ў Гродне. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: kp.by

Такім чынам два наратывы ўступаюць у канфлікт. «Звычайна нешта савецкае ў Беларусі не перапісваюць, яно так застаецца. А зараз прыходзіць новая інтэрпрэтацыя і перайменавання [вуліцаў - Hrodna.life] у перспектыве трэба чакаць. Магчыма, проста зараз ніхто не звяртае ўвагу, не да таго», — кажа Мажэйка.

У сённяшнім кантэксце вуліца Каліноўскага не так актуальна. Таму Аляксандру Лукашэнку было б зручна, калі б там была вуліца беларуска-расійскага сяброўства, лічыць Мажэйка.

У Пуціна і Лукашэнкі не хопіць часу

На думку Ластоўскага, справа па ўніфікацыі гісторыі доўгая, а час вельмі лімітаваны, як для Уладзіміра Пуціна, так і для Аляксандра Лукашэнкі. «Абодва ў вельмі сталым узросце. А праца фундаментальная, якая патрабуе шмат часу. З тым запасам часу ў Пуціна і ў Лукашэнкі можна зрабіць рытарычную надбудову, але няма шансаў зрабіць пераарыентацыю свядомасці».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Крыніца: Associated Press

Што рабіць з панаваннем расійскага наратыву

Як беларускаму грамадству змагацца з панаваннем расійскага гістарычнага наратыву? На ўзроўні школьнай адукацыі гэта немагчыма — там улада мае манаполію.

«Змагацца можна на іншым полі, на пазашкольным. Працуючы над стварэннем культурнага, гістарычнага прадукта, з якім людзі будуць знаёміцца неарганізавана, па ўласнай ахвоце. І тут вельмі важна, каб гэты прадукт, які будзе распаўсюджвацца праз інтэрнэт, быў не толькі ідэйна правільным, але і цікавым. Каб людзі самі яго хацелі глядзець. І гэта, канечне, вялікі выклік для незалежнай супольнасці, які не сёння з’явіўся, і адказ на які супольнасць спрабуе знайсці не першы год. Пэўныя поспехі ў гэтым накірунку ўжо ёсць», — сказаў Аляксандр Пашкевіч у інтэрв'ю «Філіну».

Чытайце таксама: Ян Гардзееў: «Галеча з папулярнай гісторыяй у Беларусі - гэта бяда»

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024