Здымкі фільма «Белыя росы» ў 1983 годзе праходзілі проста пад вокнамі ў жыхароў новых дамоў на Дзевятоўцы. Яны хадзілі паглядзець на працэс, а некаторыя нават здымаліся ў масоўцы. Паводле сюжэту фільма, вёска адступала пад націскам горада — гэта адбылося тут і насамрэч. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць, як адбываліся здымкі, і лічаць, што ў гонар фільма патрэбны гісторыка-архітэктурны комплекс.

Гродзенка Ірына Журневіч заехала ў новую кватэру ўсяго за некалькі месяцаў да таго, як туды прыехала здымачная група, піша «Звязда». У яе нарадзілася дачка, і яна часта выходзіла з каляскай у двор. Назіраць за здымкамі было цікава, і яна старалася гуляць у тым кірунку, дзе бачыла нейкі рух.

«Мы літаральна жылі ў фільме»

Асабліва мясцовай жыхарцы запомнілася вяселле: якраз непадалёку на полі стаялі сталы. Гэта была самая масавая сцэна фільма, і многія жыхары ў ёй здымаліся. Для ўдзелу ў ёй запрашалі людзей як з вёскі Дзевятоўка, так і са шматпавярховікаў. Іх спынялі літаральна на вуліцы. На здымках людзі сядзелі за доўгім сталом, а многія яшчэ і стаялі збоку. Іх ніхто не адганяў.

У фільме каля аднаго з дамоў цягнецца вялікі роў, мабыць, для пракладкі трубаправоду. Відаць, што ішла актыўная забудова гарадскога мікрараёна. Праз гэты роў па драўляным мосціку якраз і спяшаліся па дапамогу героі, калі стары Цімафей выпіў цешчыных лекаў і ляжаў на дарозе. За імі з цікавасцю назіралі гродзенцы, а потым нават беглі за машынай хуткай дапамогі. Адысці, каб не перашкаджалі, іх не прасілі.

Жыхаркі мікрараёна Дзевятоўка
Жыхаркі мікрараёна, якія памятаюць здымкі фільма. Крыніца: «Звязда»

Здымкі літаральна ахапіла ўсё наваколле. Маладыя жыхары мікрараёна хацелі ўбачыць як мага больш, усе былі вельмі рады, расказала Ірына Журневіч. «Мы літаральна жылі ў гэтым фільме. Муж прыходзіў з работы, і мы бягом туды, — прызнаецца жанчына. — Асабліва было цікава назіраць, калі рабілі некалькі дубляў».

Карачанцаў думаў пра Беларусь

Для сцэны з Мікалаем Карачанцавым у гняздзе, яго разам з гармонікам уздымалі на дрэва з дапамогай спецыяльнай вышкі, расказала іншая мясцовая жыхарка, Тэрэза Белавусава. Яна вельмі хвалявалася, каб улюбёны артыст не ўпаў. Калі яго знялі з дрэва, жанчына з суседам пайшлі за ім і пазнаёміліся. Актор папрасіў паказаць яму вёску. Там жылі сваякі Тэрэзы Белавусавай, таму яна змагла расказала яе гісторыю. Пасля невялікай экскурсіі Карачанцаў падарыў ёй гусінае пяро з надпісам «А. Пушкін». Жанчына захоўвае яго ўжо сорак гадоў.

пяро - падарунак мясцовай жыхарцы ад Карачанцава
Памятны падарунак мясцовай жыхарцы ад Карачанцава. Крыніца: «Звязда»

Карачанцаў трапіў у фільм невыпадкова. Ён шмат чуў пра Беларусь. Таксама ён хацеў паўдзельнічаць у гісторыі аб тым, як сыходзіць вёска. Гэты сюжэт увасобіўся ў фільме і ў новым мікрараёне Гродна.

Унутраныя сцэны фільма здымалі ў адмыслова збудаваным доме на адной з вясковых сядзіб. Ён адрозніваўся вялікімі белымі дошкамі. Пасля здымак дом разабралі і вывезлі. Тое ж адбылося і з рэальнай вёскай.

Чытайце таксама: «Белыя Росы» і глабальны падзел працы. Як урбанізацыя ўплывае на грамадства?

Наконт паходжання сабакі Валета мясцовыя жыхары спрачаліся, але ў выніку вырашылі, што сабака вясковы. Але сапраўднай яго мянушкі ніхто не памятае.

Мясцовыя хочуць паставіць дрэва з Карачанцавым

Ад сухога дрэва, на якім сядзеў актор, нічога не засталося. Зараз на месцы здымкаў высадзілі алею дрэў, а замест сухога дуба расце малады клён. Тэрэза Белавусава — мясцовая актывістка і пераможца конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Яна хацела б, каб памяць пра здымкі «Белых росаў» захавалася менавіта ў тым месцы, дзе здымалі фільм. «У нас ёсць задумка паставіць тут гэта дрэва з гняздом, зрабіць фігуру Карачанцава з гармонікам, паставіць лаўкі. А на месцы пусткі зрабіць пляцоўку для дзяцей», — патлумачыла яна.

На гэтым месцы двойчы пачыналі будаваць шматкватэрны дом. У катлаван збіраліся грунтавыя воды, і будоўлю спынялі. Зараз там ёсць толькі падмурак. Мясцовыя жыхаркі звярталіся да гарадскіх улад, каб на гэтым месцы зрабіць памятны сквер.

Студняў з фільма цяпер дзве

Драўляныя фігуры, звязаныя з фільмам «Белыя росы», усталявалі на месцы знесенай вёскі ў 2018, непадалёку ад студні і калодкі, што засталіся са здымкаў фільма. Там жа была і шыльда, прысвечаная яму. Фігуры знешне падобныя да актораў, што выконвалі галоўныя ролі — Усевалада Санаева і Барыса Новікава. Паказана сцэна, дзе героі «лячыліся» цёшчынай настойкай, а сабака Валет «радаваўся жыццю».

У 2023 іх перанеслі ў будучы парк праз дарогу і дапоўнілі умоўным домам Фядоса — часткай пабудовы з дахам. Там жа паставілі і дрэва з гняздом, праўда, без Карачанцава, і ўмоўную студню — яшчэ адну. Ёсць меркаванне, што парк назавуць «Белыя росы».

Ці застанецца «аўтэнтычная» студня з калодкай на тым самым месцы, пакуль невядома. Шыльда знікла, і зараз не зразумела, чаму яны там стаяць.

Там, дзе стаяла здымачная група з апаратурай, мясцовыя жыхары сёлета пасадзілі маладыя елачкі і бярозы. Яны хочуць, каб у гонар фільма стварылі гісторыка-архітэктурны комплекс, бо, маўляў, фільм «Белыя Росы» даўно стаў культавым і з’яўляецца візітоўкай не толькі Дзевятоўкі, але і Гродна.