Тэатральнае падполле з’явілася ў Гродне з канца жніўня. Акцёры ладзяць спектаклі і выкладаюць іх у інтэрнэт. Пра сваю дзейнасць рассказаў Hrodna.life адзін з акцёраў Ян Шпілька.

Тэатральнае падполле выпусціла ўжо 12 эпізодаў відэа. Кожны доўжыцца 1-3 хвіліны.

https://www.youtube.com/watch?v=RyCpS7-9Ph4&feature=youtu.be

– Калі паўстала ваша ініцыятыва?

– Стварыліся мы незапланавана – у канцы жніўня. Калі вынырнулі з кругаверці жахлівых, гнеўных, жалобных уражанняў. Калі зразумелі, што ўжо немагчыма юліць – трэба выказвацца. Многія з нас былі пад ціскам. Нехта страціў працу. Кожнага закранула машына рэпрэсіяў: каго асабіста, каго праз родных. Была ўкінута ідэя, яе падхапілі.

– Чым ваш тэатр адрозніваецца ад іншых?

– Сёння ў Беларусі мастацтва, у нашым выпадку тэатральнае, – пад негалоснай забаронай. Кіруюць установамі мастацтва ў Гродне ў большасці адстаўныя сілавікі. Гэта абраза для артыста.

Да таго ж – цэнзура. Цэнзары – ідэолагі, якім не хапае культурніцкай адукацыі і нават агульнай эрудыцыі. У мастацкіх каллектывах ціск, запужванне, псіхічныя рэпрэсіі. Гэта пачалося даўно – усе ведаюць. А ў апошнія чатыры месяцы дайшло да свайго піку.

Да маральных і псіхічных рэпрэсій творчых калектываў дадаліся фізічныя рэпрэсіі да ўсіх беларусаў. Тэатры сталі непатрэбныя нелегітымнаму апарату. Іх лёгка можна зачыніць. Артыстаў – на содні і пад штрафы. А што казаць пра вулічныя формы мастацтва? Толькі збяры аўдыторыю – цябе запішуць на відэа і выклікаюць у РАУС. Ці адразу паспрабуюць прыбраць у аўтазак разам з гледачамі.

https://www.youtube.com/watch?v=bM0i8ffztUk&feature=youtu.be

Тэатральнае падполле гэта не назва каллектыву. Гэта форма творчага выразу нашых пачуццяў і асэнсавання рэчаіснасці. Падполле – гэта сімвал. Са сваімі атрыбутамі – ананімнасць, патаемнасць, асцярожнасць.

Мы шукаем выразныя сродкі, адпаведныя ананімнасці. Гэта маскі, святло і цень – тое, што наш глядач ужо бачыў. Але ёсць і будуць яшчэ розныя формы – мы маем гнуткую псіхіку і багаты досвед.  Мы не парушаем законы, але хаваемся ад беззаконня.

– Якая мэта ў вашага тэатра?

– Мэта тэатральнага падполля – адлюстроўваць рэчаіснасць. Як мэта кожнага тэатра. Насуперак таму, што тэатры спрабуюць пераўтварыць у хлеў. Канешне, мы не здольныя ў гэтай форме рабіць вялікія спектаклі, але мы здольныя браць вострыя кавалкі з сусветных класікаў, актуальныя і рэзанансныя, асэнсоўваць іх і аддаваць нашай аўдыторыі.

Чытайце таксама:

Наша мэта – ствараць ступеньку да высокага тэатра. Мы асэнсоўваем драматычныя творы, дадаем сваіх адчуванняў, і ставім пытанні нашым гледачам. Яшчэ адна мэта тэатральнага падполля – змагацца за свабоду, бо без яе – няма самаго жыцця.

– Ці шмат у вас акцёраў? Хто яны?

– Гэта правакацыйнае пытанне – хто ж адкажа дакладна? Можна было б адказаць як у той кнізе – “імя маё – легіён”, але мы адносім сябе да Сілаў Дабра. Скажу так – дастаткова. Няма вызначанай колькасці. Канешне – гэта парадокс, але гэта і рэчаіснасць. Да падполля могуць далучыцца артысты кожнага тэатра – мы заўсёды рады калегам і сябрам.

https://www.youtube.com/watch?v=kLF_W-M2U4U&feature=youtu.be

– Ваша стаўленне да сітуацыі ў краіне? Вашых калегаў затрымліваюць і пазбаўляюць працы, гэта нармальна?

– Канешне, тое, што адбываецца ў нашай краіне – гэта брыдка. Гэта абраза. Абраза не толькі для артыста, але і для кожнага чалавека. Нелегітымныя ўлады растапталі законы, знішчылі здаровы сэнс, плюнулі ў душу кожнаму беларусу. І мы нават не гаворым, мы крычым аб гэтым нашай творчасцю.

Так, нашых калег і сяброў звальняюць, садзяць ў турмы, псіхічна ламаюць, і не толькі калег – кожнага беларуса кранула гэтая махіна злачынства. Але… не здолеюць.

– Як вы бачыце будучыню тэатра ў Беларусі?

– Тэатр быў, ёсць, будзе! Памятаеце Караткевіча? Тэатр заўсёды імкнецца да свабоды. Таму ён заўсёды будзе існаваць. Калі зазірнуць у недалёкае мінулае – апошнія 10 год тэатр развіваўся. Знаходзіў мноства новых формаў, нягледзячы на непрыманне на афіцыйным узроўні. Гэтыя формы зяўляліся на фестывалях, трошачку ў дзяржаўных тэатрах, калі творцы кантрабандай ужывалі штосці новае. Мы лічым, што “ідэалагічная” цэнзура сканае. Застанецца толькі маральны аспект творчасці і прыманне гледачамі – гэта рэчаіснасць. І рэчаіснасці пляваць, што сабе прыдумае цётка з начосам у выканкаме. У іх ёсць толькі страх, а ў нас ёсць дух.

Чытайце таксама: