Акторы Купалаўскага тэатра, якія звольніліся ў знак пратэсту пасля звальнення дырэктара тэатру Паўла Латушкі і падзей у краіне, апублікавалі відэа ў падтрымку акцёраў Гродзенскага драматычнага тэатра.

«Калегі гарадзенцы, непарушная тэатральная сям’я! Артысты Гарадзенскага драматычнага тэатра сталі на абарону сваіх затрыманых калег, за што некаторыя з іх былі звольненыя альбо пазбаўленыя прэмій. Цяпер паўнавартасная работа тэатра спыненая.

Гарадзенскі тэатр першым узняў бел-чырвона-белы сцяг над сваім будынкам. Захапляемся вашай смеласцю, вашай непахіснасьцю перад ціскам і несправядлівасцю. І сёння, нягледзячы ні на што, вы знайшлі сілы і магчымасць сустрэцца з гледачамі па-за межамі вашай роднай сцэны, каб сказаць праўду. Мы побач з вамі. Мы выдатна разумеем, як цяжка ў такія няпростыя часы даюцца рашэнні і чаго варта пазіцыя праўды. Усё абавязкова будзе добра! Трымаймася разам! Мы верым у вашыя сілы, у перамогу справядлівасці! Нашыя словы падтрымкі і салідарнасці вам! Можаце спадзявацца на нашае крэпкае Купалаўскае плячо. Купалаўцы побач!", — напісана на старонцы актораў мінскага тэатра на YouTube.

25 верасня, Гродзенскі абласны драматычны тэатр зачынілі да 3 кастрычніка на рэпетыцыйны перыяд нібыта для прафілактыкі коронавируса. Спектакль «451 па Фарэнгейце» павінны былі паказаць ў той вечар. Яго, як іншыя, адмянілі, хоць усе квіткі былі раскупленыя. У тую ж раніцу дырэктар тэатра, Ігар Гедзіч, сказаў вядучаму майстру сцэны, Ігару Уланаву, што ён звольнены. Уланаў задзейнічаны ў большасці спектакляў тэатра. 22 верасня стала вядома аб звальненні «паводле дамовы бакоў» актрысы Лізаветы Мілінцэвіч. Акцёраў Васіля Мініча і Наталлю Лявонаву пазбавілі прэмій і даплат. Усе яны, як і Ігар Уланаў, удзельнічалі ў спектаклі 20 верасня. Ён быў спынены, калі акцёры даведаліся пра затрыманне на акцыі пратэсту іх калегаў, Сяргея Курыленкі і Валянціны Харытонавай. Акцёраў прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі. 22 верасня для размовы с трупай у тэатр прыязджаў кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. Акторку Марыю Бутрымовіч, пазбавілі 70% зарплаты са жніўня па лістапад 2020 года за тое, што яна адмовілася граць у камедыі з-за сітуацыі ў краіне. Начальніца Упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч назвала адмову акцёраў граць спектакль спробай адцягнуць увагу ад малой наведвальнасці тэатра.

26 верасня акцёры правялі творчую сустрэчу з гарадзенцамі ў двары «Цэнтрf гарадскога жыцця». На ёй яны паказалі скарочаную версію спектакля «451 па Фарэнгейце». Гэты спектакль яны павінны былі гуляць на сцэне тэатра 25 верасня, але яго адмянілі, хоць усе квіткі былі раскупленыя. Галоўную ролю ў ім гуляе звольнены акцёр Ігар Уланаў. Напярэдадні выступу ў двары Упраўленне культуры гродзенскага аблвыканкама папярэджвала ў сацсетках, што гэта — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і палохала адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю.