Па нізе яра праз грабавы лес да Нёмана вядзе прасёлкавая дарога. Здаецца, вось-вось пранясецца міма старадаўняя карэта, запрэжаная рысакамі, і з грукатам памкне ўдалячынь. Напэўна, так і было некалькі сотняў гадоў таму, калі сюды прыязджаў на адпачынак апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
За кронамі дрэў - белыя калоны былой каралеўскай рэзідэнцыі. Цішыню парушае брэх сабакі, гук рэдкіх машын і, калі прыслухацца, шум ракі дзесьці ўнізе. Але і цяпер каралеўская сядзіба, якая ўжо дзесяць гадоў знаходзіцца ў межах Гродна, не пустуе — тут жывуць пяць сем’яў. Ва ўмовах, смяюцца, набліжаных да каралеўскіх. Піша TUT.BY.
Палац, які цяпер толькі аддалена нагадвае каралеўскую рэзідэнцыю, прымасціўся над лясным ярам на правым беразе Нёмана. Уніз, да ракі, раней вяла ступеністая аранжарэя. Цяпер на яе рэштках мясцовыя жыхары разбілі невялікія агароды і кветнікі, паставілі альтанкі - увогуле, даглядаюць за былым багаццем як могуць.
Самая «інтымная» і любімая загарадная рэзідэнцыя апошняга караля
У Гродне ў караля было тры рэзідэнцыі - у Аўгустова, Станіславова і тут, у Панямуні. Усе — уласнасць манарха.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў Панямунь прыязджаў часта. Сядзіба, якая ў той час знаходзілася далёка ад горада, прыцягвала манарха сваёй аддаленасцю і своеасаблівай «інтымнасцю». Менавіта тут, як кажуць гісторыкі, кароль сустракаўся са сваімі любымі, сюды ж інкогніта прыязджалі дыпламаты.
Палац будаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Гэтая позняя праца італьянца лічыцца вяршыняй яго творчасці. Тут былі разбітыя тэрасы, пабудаваная вежка-альтанка, з якой можна было любавацца Нёманам, былі гаспадарчыя пабудовы.
Пазней сядзібу істотна перабудавалі, і ад будынка XVIII стагоддзя захаваўся толькі фрагмент вуглавой вежы. Усё астатняе — прыбудовы, зробленыя пазней.
У канцы ХІХ стагоддзя вёску і сядзібу купіла княгіня Ядвіга Друцкая-Любецкая. Сюды прыязджалі Эліза Ажэшка, Францішак Багушэвіч і Напалеон Орда, які і захаваў на адным з малюнкаў сядзібу. У 1939 годзе палац быў нацыяналізаваны. Тут размяшчалася саўгасная кантора. Пасля вайны — дзіцячы дом, а потым клуб прадпрыемства «Сельгастэхніка». Частка будынка, якая была пабудавана ў ХІХ стагоддзі, пераабсталяваная ў інтэрнат, потым — у кватэры. Некалькі гадоў таму будынак быў перададзены гораду.
Зараз у былой летняй рэзідэнцыі караля — пяць кватэр, у якіх жывуць сем'і былых супрацоўнікаў прадпрыемства «Сельгастэхніка». Цяперашнія жыхары свае кватэры ў палацы ў свой час прыватызавалі. Фактычна палова дома — прыватная ўласнасць. Другая — належыць дзяржаве.
— Так усім і гаворым — палац у нас. А па факце — проста драўляны дом, — кажа мясцовы жыхар Анатоль Яўгенавіч. — Я атрымаў тут кватэру ў 1985 годзе. Ведаю, што жылі тут і да нас людзі. А клуб ужо даўно закрылі. Так палова будынка і пустуе дагэтуль.
«Прасмаленае дрэва нават піла не брала»
Жыхары кажуць, што нядаўна сюды прыязджала «гарадское начальства», доўга хадзілі па двары. Заглядвалі ў кватэры, прапаноўвалі жыхарам пераехаць у арэндныя дамы ў мікрараёне Альшанка. Тыя не пагадзіліся, чыноўнікі з’ехалі і больш не прыязджалі.
— А мы як жылі тут, так і жывем. Рамонт зрабілі. Вы не глядзіце, што дом выглядае неахайна. Насамрэч ён у вельмі добрым стане. Мы, калі акно ставілі, сутыкнуліся з тым, што прасмаленае дрэва нават піла не брала, — кажа яшчэ адна жыхарка дома, Дана, — і паказвае сваё жыллё. Невялікая куханька, два пакоі, з вокнаў - маляўнічы від.
— Мы і вёска, і горад. Два ў адным. Зручна ж. Вакол — цішыня, летам пікнікі арганізоўваем. Увогуле жывем, як адна сям’я: у каго якое свята, так тут вось каля клумбы коўдры раскладаем, стол ўсе разам арганізуем. Пляцоўку дзіцячую самі зрабілі, тэрыторыю вакол дома самі прыхарошваем — улетку траву косім, кветкі саджаем. Вунь суседзі прапануюць пад’езд у парадак прывесці. Можа быць, і зоймемся, — кажа Анатоль.
Ён паказвае на сучасныя вокны, якія сапраўды дзіўна глядзяцца на фоне старых аблупленай сцен.
— Вядома, можна сказаць, што, маўляў, варварства ў старадаўні будынак устаўляць пластыкавыя вокны. Але падумайце самі: раней можна было ўсё гэта рабіць, потым, вядома, забаранілі. І калі б не жыхары, якія худа-бедна глядзяць за станам дома, палац бы ўвогуле разваліўся. На другім паверсе кватэры ў вельмі добрым стане, а на першым — з падлогай бяда. Вільгаць ідзе са склепа. Напэўна, і ў клубе ўжо ўсё выгніла.
Адзінае, чаго тут не хапае, — і пра гэта кажуць усе жыхары былога палаца, — гэта добраўпарадкаванага туалета і ваннага пакоя.
— Як кароль жыў, так і мы жывем, — смяюцца мужчыны ў двары. — А што? Прывыклі. Лазні вунь у двары паставілі. Прыстасаваліся. Затое ёсць ацяпленне і халодная вада.
Старадаўнюю капліцу прадаюць на аўкцыёне разам з гаражамі
У канцы 1980-х гадах сядзібу абследавалі гісторыкі і архітэктары — і нават планавалі распрацаваць праект рэстаўрацыі палаца. Але далей ідэі справа тады не пайшла.
У 2008 годзе вёска Панямунь увайшла ў склад горада. Тады ўздымалася пытанне аб тым, што гэты былы населены пункт патрабуе пільнай увагі гісторыкаў і мясцовых уладаў. Бо палацава-паркавы комплекс, а яшчэ капліца, якая знаходзіцца на тэрыторыі ААТ «Гроднапрамтэхніка», крыху далей ад сядзібнага дома, маглі б стаць часткай турыстычных маршрутаў.
Аднак абмеркаванні, не паспеўшы пачацца, нічым і скончыліся.
TUT.BY паспрабаваў высветліць перспектывы рэзідэнцыі, але ў абласным камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва нас перанакіравалі да сваіх гарадскіх калег, тыя ж расказаць аб планах наконт сядзібнага комплексу і каплічкі не змаглі.
[irp posts="54 334″ name=" Адрадзіць храм". Ці могуць капліцу ў Панямуні вярнуць вернікам?"]
[irp posts="13 405″ name="Новы гродзенскі мікрараён на месцы вёскі Панямунь пачнуць будаваць у 2018 годзе"]
— Колькі нам усяго казалі: нібыта палац прадаваць будуць, а нас выселяць. Потым яшчэ куча розных планаў. І што? Нічога! Вось і жывем: нічога не робім у нашым будынку кардынальнага, але і без нас сядзіба развалілася б. Мы яе даглядаем, як свой дом. Па-добраму тут бы музей які зрабіць, каб турысты прыязджалі. Яны і так прыязджаюць, але, пабыўшы зусім няшмат, з’язджаюць — што тут глядзець? Пакуль няма чаго.