З 11 лістапада ў Гродне пачне працаваць «Мужчынскі клуб», дзе навучаць збіраць робатаў з лега і праграмаваць іх. Пакуль клуб будзе працаваць па выходных увечары. Пры запатрабаванасці запрацуе і ў буднія, а таксама для карпаратыўных сустрэч.
— Нас натхнілі мужчыны, якія, паводле жанчын, застаюцца дзецьмі да канца жыцця, — усміхаецца Таццяна Чарняўская, кіраўніца арт-пляцоўкі «ПятниЦа», дзе месціцца клуб. — Яны ўсе мараць пра лега, верталёцікі, машынкі на радыёкіраванні і чыгунку. Мары павінны спраўджвацца, а мужчыны мець магчымасць збегчы кудысьці, дзе змогуць «адарвацца», як малыя дзеці.
Такім месцам для іх можа стаць «Мужчынскі клуб» у арт-пляцоўцы «ПятниЦа». Там будуць вучыць збіраць робатаў з лега — Таццяна называе гэта «лега-тэрапіяй». Кіраўніца клуба кажа, што працэс зборкі працуе як тэрапія і дапамагае псіхалагічна разгрузіцца. Акрамя гэтага, арганізатары абяцаюць утульную атмасферу, добрую музыку, чайныя цэрэмоніі і душэўныя мужчынскія размовы.
Клуб будзе цікавы хлопцам і мужчынам, якія хочуць вырвацца са звыклай абстаноўкі і цікава правесці вольны час, завязаць знаёмствы з цікавымі людзьмі горада, змяніць абстаноўку і расслабіцца за зборкай робата.
Таццяна кажа, што ў яе ўжо ёсць патэнцыйныя ўдзельнікі.
— Гэта інтэлектуальны від адпачынку. Робататэхніка развівае памяць, уседлівасць, цярпенне, маторыку, матэматычны склад розуму, — тлумачыць Таццяна. — Каб сабраць робата, неабходныя веды па механіцы. У працэсе іх у лёгкадаступнай форме будуць выкладаць для тых, хто ў механіцы не разбіраецца.
Таццяна ўпэўнена, што «Мужчынскі клуб» — добрая альтэрнатыва адпачынку дома на канапе ці ў бары з куфлем піва.
— На такіх сустрэчах мужчыны не толькі займаюцца лега-тэрапіяй, але і завязваюць дзелавыя кантакты, у нефармальнай атмасферы дзеляцца сваімі ведамі і ўражаннямі. Відавочны рост у інтэлектуальным сэнсе. Думаю, жонкі з радасцю адпраўлялі б мужоў на такія сустрэчы!
Запіс па тэлефоне: 80 297 854 772. Арганізатары раюць запісвацца загадзя. Колькасць месцаў - да 12 чалавек.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…