Ідэя адкрыць уласную краму ў пары гродзенцаў Артура і Вікторыі выспявала доўга. Іх бацькі даўно захапляюцца старымі і вінтажнымі рэчамі, і гэтая цікавасць перайшла і да іх. Дома ў пары сабралася нямала цікавых рэчаў, якія не выкарыстоўваліся — тады і вырашылі прадаць штосьці праз аўкцыён. Пары гэта так спадабалася, што ў выніку яны адкрылі ў цэнтры Гродна ўласны магазін.

Зараз у іх краме на вуліцы Калючынскай можна знайсці па-сапраўднаму каштоўныя і калекцыйныя рэчы. Рэчы з рэальнай гісторыяй, якія дазволяць ажывіць сучасны дызайн дома або стварыць вінтажны інтэр'ер.

«Са снежня мы працуем як інтэрнэт-аўкцыён. Праводзім аўкцыёны па продажы вінтажных і антыкварных рэчаў на базе ay.by, — распавядае Артур. — У працэсе мы зразумелі, што не ўсім людзям зручны такі фармат. Многія людзі хацелі купіць рэч адразу і не чакаць заканчэння аўкцыёну, таму мы вырашылі адкрыць яшчэ і краму».

У краме прадметы 19−20 стагоддзяў

Для Беларусі бізнес на старых рэчах — не навіна, але пры добрым кіраванні можа зарабляць і развівацца.

«Я б сказаў, што ў гэтай сферы велічыня прыбытку залежыць ад велічыні высілкаў, якія ты прыкладаеш. Думаю, так не толькі ў гэтай справе. У нашай краме прадстаўлены прадметы 19−20 стагоддзяў. У асноўным гэта вінтажны посуд, скульптуры, прадметы інтэр'еру часоў ГДР і ранейшыя, розныя калекцыйныя і незвычайныя рэчы, якія раней выкарыстоўваліся».

"У гэтых рэчах ёсць шарм". Маладыя гродзенцы адкрылі краму вінтажных і старых рэчаў
Калекцыйныя еўрапейскія шахматы (1980-я г.)
Гарадзенцы могуць прыходзіць у краму не толькі каб набыць рэчы сабе ў інтэр'ер альбо калекцыю, але і каб прадаць. Але кліентам трэба памятаць, што гэта не камісійны магазін — тут у іх купяць прадметы адразу. У будучыні Артур і Вікторыя плануюць увесці паслугу «рэалізацыя праз інтэрнэт-аўкцыён» — яны ад асобы чалавека будуць выступаць на аўкцыёне.

«Паслуга прывабная тым, што цэны на такія рэчы фармуюцца зыходзячы з попыту. Пакуль мы стараемся ацаніць прадметы зыходзячы з уласнай практыкі і ведаў. Бо са снежня ў нас было больш за 500 станоўчых продажаў. Людзі, якія хочуць прыняць удзел у нашым аўкцыёне, могуць прыйсці ў краму і мы ім падрабязна патлумачым як гэта зрабіць».

Ад нажоў для лістоў да арэхаколаў

У краме шмат цікавых рэчаў, якія маюць сваю гісторыю. Сярод самых незвычайных рэчаў: «маўклівы дварэцкі» — ёмістасць для збору крошак са стала, нажніцы для зняцця нагара са свечкі, музычная скрыначка для цыгар, незвычайныя арэхаколы, ключы-штопар, падстаўкі для сталовых прыбораў, старыя нажы для лістоў. Гэта тыя рэчы, пры поглядзе на якія мала хто адгадае, для чаго яны прызначаны.

"У гэтых рэчах ёсць шарм". Маладыя гродзенцы адкрылі краму вінтажных і старых рэчаў
Прадметы на продаж, некаторыя з іх ужо купленыя
«Шмат дзіўных гісторый даведаешся, калі знаёмішся з рэчамі. Цікавая гісторыя пра ёмістасць для збору крошак са стала. Калі мы ўпершыню сутыкнуліся з гэтым прадметам, то першая думка была, што гэта прыгожая ёмістасць для падачы кашы або іншай стравы на стол. Мы вельмі здзівіліся, даведаўшыся, што такая прыгожая ёмістасць прызначана для збору крошак са стала.

Нядаўна мы купілі незвычайную калекцыйную люстраную шатландскую пляшку для віскі - такога раней проста не бачылі. Іншыя рэчы з нашай крамы больш звыклыя сучаснаму погляду, але ўнікальныя знешнім выглядам. У старых рэчах ёсць пэўны шарм".

"У гэтых рэчах ёсць шарм". Маладыя гродзенцы адкрылі краму вінтажных і старых рэчаў
Мініяцюра жанчыны (Італія, 1990-я г.)

Цана залежыць ад стану

Самая дарагая рэч у краме зараз — камінны гадзіннік. Ён каштуе 1600 рублёў. Самая танная — за 8 рублёў - гарчычніца. Калі казаць пра сярэднюю цану ў краме — гэта дзесьці 100 рублёў.

«Часта цана залежыць ад стану рэчы, усё ж такі гэта старыя прадметы і не ўсе яны дажылі да нашага часу ў ідэальным стане. Ну, а цана на аўкцыёне фарміруецца ў працэсе таргоў і не заўсёды прадказальная. Можна толькі вылучыць дыяпазон цэны на тую ці іншую рэч, у залежнасці ад яе стану, серыйнасці, рэдкасці. Гэтак жа ўплывае фірма-вытворца, калі яна вядомая».