Шоўрум Fantiki з вырабамі ручной працы ад майстроў з усёй Беларусі працуе на Савецкай плошчы ў Гродне. Уладальнік новай крамы — гродзенскі майстар па дрэве Alekseev.

Крама адкрылася ў пачатку сакавіка 2024. Яна размяшчаецца ў цэнтры Гродна — на другім паверсе будынка на плошчы Савецкай, 2а (памяшканне 221). Гэта новы будынак, які ўзвёў побач з Домам Мураўёва бізнесмен Станіслаў Сямашка. Крама працуе без выхадных з 11:00 да 20:00.

«Кожнаму майстру патрэбна месца, дзе яго працы будуць прадстаўляць», — напісалі на старонцы шоўрума ў Instagram.

Што можна набыць у Fantiki?

У краме прадаюць вырабы ручной працы — посуд, тавары для дома, упрыгажэнні, хатні тэкстыль, торбы, свечкі, цацкі. Таксама ў краме можна знайсці касметыку: напрыклад, цвёрды шампунь і цвёрдыя духі.

Не першая крама з рамеснымі вырабамі ў Гродне

З 2015 года ў Гродне працуе этнакрама «Цудоўня». Там прадаюць вырабы ручной працы ад майстроў з усёй Беларусі. Асноўны напрамак працы крамы — традыцыйныя беларуская культура і рамяство.

У кастрычніку 2016 года ў горадзе адкрылі краму з вырабамі ручной працы — «Лёля». З 2019 года крама працуе на вуліцы Савецкай, 1 у былым памяшканні цырульні «Антэй».

У жніўні 2023 года на Савецкіх пагранічнікаў адкрылі шоўрум дзіцячай мэблі з масіву. Уся мэбля там зроблена ўручную.

У снежні 2023 года на вуліцы Савецкай, 8 (за помнікам Сакалоўскаму) адкрылі краму «Предмет». Там прадаюць дызайнерскія ўпрыгожанні, керамічныя вырабы, свечкі, а таксама малюнкі, графіку і паштоўкі.

Чытайце таксама: «Рэчы зараз абясцэніліся». Уладальніца крамы рамесных вырабаў пра культуру спажывання