З пачатку жніўня гродзенскі мастак-рэстаўратар Аляксей Навумчык заняўся роспісам сцен у двары гандлёвага цэнтра ABC. Плануецца, што ў верасні праца будзе скончаная і там з’явіцца фотазона з відамі старога Гродна.

За аснову роспісу Аляксей узяў фатаграфіі Гродна пачатку XX стагоддзя. Гэта будзе першая публічная работа мастака. Да гэтага моманту работы Аляксея былі толькі ў прыватных калекцыях.

“Са мной звязаліся прадстаўнікі ABC і прапанавалі размаляваць сцены, я пагадзіўся, – кажа Аляксей. – Вырашылі зрабіць роспіс прысвечаны Гродна пачатку XX стагоддзя. За аснову ўзяў старыя здымкі цэнтра горада. Мы хочам паказаць, што страцілі за перыяд войнаў і разбурэнняў. Наша мэта – перадаць атмасферу старога горада”.

У двары гандлёвага цэнтра ABC рыхтуюць вялікі роспіс з відамі старога Гродна
Цэнтр Гродна пачатку XX cт. Сам мастак Аляксей Навумчык працуе ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, дзе займаецца рэстаўрацыяй абразоў


У выніковым варыянце на сцяне можна будзе ўбачыць цэнтр Гродна пачатку XX стагоддзя з ратушай, Фарай Вітаўта (Сафійскім саборам) і іншымі пабудовамі, якіх ужо няма.

“У мяне вялікі аб’ём працы, думаю, на ўсё сыдзе каля месяца. Складанасць работы ў тым, што тут я займаюся не толькі роспісам, а яшчэ многімі іншымі рэчамі. Уся складанасць у памерах, з такім я працую ўпершыню”, – дадаў мастак.

Побач з роспісам з’явяцца стэнды з інфармацыяй пра славутасці Гродна намаляваныя на сцяне.