Патраціўшы пяць гадоў і 2000 долараў гродзенец Эдуард пераўтварыўся ў Хельмута Шмідта — салдата Вермахта. З дзяцінства ён марыў апрануць ваенную форму часоў Другой сусветнай, пры тым не толькі пераможцаў, але тых, хто прайграў. Напэўна, таму і стаў рэканструктарам.

Эдуарда з ранняга дзяцінства цікавіла Другая сусветная. Больш сур’ёзна гэтай тэмай ён пачаў займацца ў 2012 годзе, калі на гродзенскім форуме наткнуўся на аб’яву: шукалі людзей, якія б хацелі займацца рэканструкцыяй тых часоў. Сустрэўшыся з чалавекам, які даваў аб’яву, Эдуард вырашыў таксама займацца рэканструкцыяй.

«Выбраў нямецкае войска, бо амуніцыя ў Вермахта была больш якасная і адаптаваная да вайны. Вельмі шмат чаго цікавага ў форме, а ў чырвонаармейцаў такога, на жаль, не было».

Рэканструкцыя — гэта частка гісторыі

Перш за ўсё Эдуард набыў кіцель і штаны, якія яму пашылі пад замову ў Мінску за 200 долараў. Сваякі да незвычайнага хобі паставіліся з разуменнем.

«Гэта частка гісторыі і ад яе нікуды не падзецца. Веды пра вайну сыходзяць разам з ветэранамі, а мы — рэканструктары — паказваем як ваявалі, як былі апранутыя салдаты і іншае».

Пасля адной з рэканструкцый бою на «Лініі Сталіна» да Эдуарда падыйшоў глядач і сказаў: «Як ты можаш насіць такую форму?». А той у адказ: «Вы ж прыйшлі на рэканструкцыю бою Другой сусветнай: што вы чакалі ўбачыць?».

«Калі людзям не падабаецца, то хай сядзяць дома і не ходзяць на такія мерапрыемствы. Хтосьцi павінен займацца рэканструкцыяй тых баявых падзей, і не толькі савецкай арміяй, але і нямецкай, інакш не будзе бою».

6

Радавы Хельмут Шмідт

Па нацыянальнасці Эдуард эстонец, яго прозвішча Ранну, — гэта вельмі падыходзіць для рэканструкцыі. Пачаткова гродзенец на выхадах і прадстаўляўся сваім сапраўдным імем, але пазней вырашыў прыдумаць нямецкае прозвішча і імя. І зараз ён Хельмут Шмідт.

«Эстонскі легіён рэканструяваць не было сэнсу, бо я быў бы адзін у Гродне. А так нас цяпер трое з аднаго горада, і мы ўваходзім у 17-й пяхотны полк 31-й пяхотнай дывізіі Вермахта. У рэальнасці гэты полк змагаўся пад Гомелем. Мы рэканструюем гэта падраздзяленне, бо клуб „Гонар мундзіра“, у які мы ўваходзім, — гомельскі. Нас там шмат і рэгулярна праходзяць розныя гістарычныя мерапрыемствы».

У пачатку года ў клубе рэканструктараў вывешваецца графік меркаваных мерапрыемстваў. Гэта рэканструкцыі не толькі ў Гомелі, але і па ўсёй Беларусі ды за яе межамі. Мерапрыемствы праходзяць раз у два месяцы.

«Многае залежыць ад занятасці і фінансавага становішча. Я ў апошні час з-за працы не магу часта вырывацца на выхады. А так і ў фільмах здымаліся, і ў Польшчу ездзілі. На выхадах стараемся жыць у набліжаных да таго часу ўмовах: палаткі, ахова, посуд і многае іншае. У нас нават ёсць дзяўчаты-медыкi, якія таксама прытрымліваюцца таго часу».

Асноўная зброя — савецкая вінтоўка СВТ-40

Абмундзіраванне і амуніцыя ў Эдуарда ёсць як арыгінальная, так i дакладныя копіі. Рэканструктар, які выдаткаваў на сваё хобі 2000 долараў, лічыць, што можна яшчэ шмат чаго набыць. І неабавязкова за вялікія грошы.

«Зараз у маёй калекцыі ёсць многiя рэчы, што былi ў салдат нямецкай арміі часоў Другой сусветнай. Але гэта не мяжа. Пры жаданні можна шукаць і знаходзіць шмат новага.

У мяне хапае арыгінальных рэчаў у добрым стане. Але на выхады я аддаю перавагу копіям: у выпадку страты ці паломкі рэч можна купіць яшчэ раз, а арыгінал, магчыма, ужо больш не знойдзеш. У мяне ёсць карабін, але ён для розных здымак і паказухі, а як асноўную зброю я выкарыстоўваю зарэгістраваную савецкую вінтоўку СВТ-40. Падчас вайны гэту зброю немцы вельмі любілі і часта забіралі як трафей".

У пошуку рэчаў дапамагаюць барахолкі

Новыя рэчы да сваёй калекцыі рэканструктары купляюць як у спецыялізаваных крамах i рынках, так і ў чорных капальнікаў.

«Многія капальнікі заўсёды выстаўляюць у інтэрнэт на аўкцыён усё што знаходзяць. Калі рэканструктара задавальняе кошт і якасць, ён купляе. Бывае, на форумах выстаўляюць якую-небудзь рэч пад відам арыгінала, а насамрэч гэта аказваецца зусім не тое, што цябе цікавіць. У гэтай справе таксама трэба разбірацца».

9

Час ад часу Эдуард ездзіць у Нямеччыну на спецыялізаваныя барахолкі, на якіх можна купіць штосьцi цікавае да сваёй калекцыі.

«У Нямеччыне рэдка сустрэнеш рэканструктараў Другой сусветнай вайны, многае там забаронена. Але час ад часу там праходзяць барахолкі, на якіх можна знайсці штосьцi цікавае. Напрыклад, статутныя нажы, лыжкі, відэльцы і многае іншае, што спатрэбіцца ў палявых умовах. І на нашых барахолках можна што-небудзь знайсці. Бываюць, на рынках прадаюць і каскі нямецкія, і лыжкі. Не так даўно я набыў сабе нямецкую вешалку часоў Другой сусветнай».

«Абарыгены» выклікаюць міліцыю

На палявых выхадах у рэканструктараў часта здараюцца цікавыя сітуацыі з мясцовымі жыхарамі, якіх яны называюць «абарыгенамі».

«На выхадах мы шмат часу праводзім у палях і лясах. Калі праходзім праз вёску, сустракамся з неразуменнем мясцовых. Уявіце сабе, калi больш за дзясятак рэканструктараў, усе па форме, са зброяй, сустракаюць якога-небудзь пенсіянера, які застаў вайну. Бывае, палохаюцца і панікуюць.

Была справа, адзін дзед сваім вачам не паверыў, думаў, розум страціў. А потым пачаў нам распавядаць, як мы падобныя да сапраўдных немцаў, якіх ён бачыў у дзяцінстве.

Бывае, і міліцыю выклікаюць. Але ў нашым клубе ўсё робіцца з дазволам. І калі прыязджаюць супрацоўнікі, то даем ім дакумент і разыходзімся. А бывае і фатаграфуемся на памяць".