Рут Маркус жыве ў Ізраілі і кожны дзень чытае Hrodna. life, каб быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў яе любімым горадзе, у якім да Другой сусветнай вайны жылі яе сваякі. Рут напісала для нас матэрыял, звязаны з гісторыяй яе сям'і, у якім распавяла пра некалькі фільмаў, паказаных у Гродне да вайны. Зоркай гэтых фільмаў была амерыканская акторка Сільвія Сіднэй, якая была звязана з сям’ёй Рут у Гродне.


Шмат гадоў таму, калі я была вучаніцай у пачатковай школе, я мела звычку збіраць фотаздымкі кіназорак з маіх любімых галівудскіх фільмаў (Элізабэт Тэйлар, Дэбі Рэйнальдс, Грэгары Пэк, а таксама многіх іншых). Я звычайна пісала кожнаму ліст на англійскай мове з просьбай даслаць мне фотаздымак з аўтографам. Думаю, гэтая калекцыя лістоў да сённяшняга дня знаходзяцца недзе ў мяне дома.

Памятаю, што мой бацька, Іцхак Эліашберг, сказаў мне, што ў яго была сваячніца — Сільвія Сіднэй — амерыканская кінаактрыса. Дзядуля і бабуля Сільвіі з боку бацькі, як і іншыя сваякі, жылі да Другой сусветнай вайны ў Гродне і ў Лунне. Тым не менш, Сільвіі Сіднэй не было ў маім спісе любімых зорак кіно і ў той час я не была зацікаўлена ў даваеннай гісторыі Гродна і Лунна.

На працягу апошніх 10 гадоў мяне пачало цікавіць даследаванне жыцця габрэйскіх сем’яў (у тым ліку сем’яў Kасоўскі і Эліашберг, маіх сваякоў), якія жылі ў Гродне і Лунне яшчэ да вайны. Нядаўна я атрымала друкаваную газету на ідыш «Унзэр Ворт» (даслоўны пераклад: «Наша Слова») ад 29 сакавіка 1935. Хаця я не ведаю ідыш, я заўважыла невялікі анонс фільма з Сільвіяй Сіднэй, які паказвалі ў кінатэатры «Апола» ў Гродне.

1«Унзэр Ворт», 29 сакавіка 1935 г.
У шабат і нядзелю
Любімая габрэйская акторка
Сільвія Сіднэй
У сваім новым экзатычным фільме:
«Індыйскае сэрца»

Я была вельмі ўзрушана, калі ўбачыла гэты анонс і адразу пачала шукаць у інтэрнэце фільм «Індыйскае сэрца». Я знайшла інфармацыю, што гэты фільм быў зняты ў 1912 годзе. Аднак, Сільвія Сіднэй нарадзілася ў 1910 годзе, і таму, відавочна, яна не магла іграць галоўную ролю ў гэтым фільме. З дапамогай сябра, які ведае ідыш, і пасля пошуку ў iнтэрнэце фільмаў з удзелам Сільвіі Сіднэй, мы прыйшлі да высновы, што правільная назва фільма гучала «Стань маёй жонкай». У гэтым амерыканскім фільме 1934 года Сільвія Сіднэй грае роль Таніты Шторм Клаўд, дачкі індыйскага важака. Фільм распавядае пра сына манхэтанскага сноба (якого сыграў Джын Рэйманд), які падарожнічаў па захадзе і адтуль прывёў сабе жонку, дачку індыйскага важака (Сільвія Сыднэй).

1
Сiльвiя Сiднэй у фiльме «Стань маёй жонкай»
Пасля гэтага я пачала праглядаць усе габрэйскія газеты («Grodner Moment» і «Grodner Lebn»), якія даступныя на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Ізраіля [Заўвага 1]. У іх я знайшла больш абвестак пра фільмы з акцёркай Сільвіяй Сіднэй, якія паказвалі ў Гродне ў 1930-я гады.

Спіс фільмаў можаце прачытаць ніжэй:

1. Паводле «Grodner Moment» ад 8 і 10−12 красавіка 1932 г. фільм «Гарадскія вуліцы» паказвалі ў кінатэатры «Палонія». Гэта амерыканскі гангстэрскі фільм 1931 г., у якім здымаліся Гары Купер і Сільвія Сіднэй. Гэты фільм — першы фільм Сільвіі Сіднэй зняты студыяй Парамаўнт пасля яе прыезду ў Галівуд.

2. Паводле «Grodner Moment» з 19 красавіка 1933 г. Сільвія Сіднэй і Фрэдрык Марч сыгралі ў фільме (даслоўны пераклад) «Радасць і смутак кахання», які паказвалі ў кінатэатры «Палонія». Я прачытала змест некалькіх фільмаў, у якіх грала Сільвія Сіднэй і прыйшла да высновы, што гаворка тут ідзе пра амерыканскі фільм 1932 г. «Merrily we go to Hell». У гэтым фільме Сільвія Сіднэй грае ролю звычайнай дзяўчыны Джоан, якая закахалася ў журналіста-алкаголіка Джэры (Фрэдрык Марч). Калі пара ажанілася, Джэры пачаў прыносіць шмат гора сваёй жонцы.

3. Паводле «Grodner Lebn» ад 20 кастрычніка 1938 г., Сільвія Сіднэй і Джордж Рафт сыгралі ў фільме пад назвай (дакладны пераклад) «Ты, у якога я закахана», які паказвалі ў кінатэатры «Пан» (раней: «Палонія»). Больш праўдападобна што гэта амерыканскі фільм з 1938 года «Ты і я». У гэтым фільме Сільвія Сіднэй і Джордж Рафт граюць пару датэрмінова вызваленых злачынцаў, якія працуюць ва ўнівермагу, у якім шмат працаўнікоў з падобным мінулым. Варта адзначыць, што паводле «Grodner Lebn» ад 2 і 3 красавіка 1939 г., гэты фільм паказвалі зноў, у кінатэатры «Хэліас».

Чаму гэтыя фільмы так глыбока мяне зацікавілі?

Дзядуля Сільвіі Сіднэй з боку бацькі, Машэ Касоўскі, і дзядуля майго бацькі па матчынай лініі, Мардэхай Касоўскі, былі братамі. Яны абодва жылі ў Лунне на вуліцы Гродзенскай. Бацька Сільвіі, Авігдор Касоўскі быў сынам Мошэ Касоўскага i нарадзіўся ў Лунне ў 1887. Бацый (Касоўскі) Эліяшберг быў старэйшым стрыечным братам маей бабулі і нарадзіўся ў Мардэхая Kасоўскага ў Лунне ў 1882 годзе.

Авігдор, сын Мошэ Kасоўскага, пераехаў у ЗША ў пачатку 20-га стагоддзя і быў там вядомы як Віктар Koсаў. Ён ажаніўся з Рэбекай (Beatrice) Сапірштэйн. Іх дачка, Сільвія Сіднэй, нарадзілася як Сафія Косаў 8 жніўня 1910 года ў Бронксе, Нью-Ёрк. Пасля разводу бацькоў Сільвія выкарыстала прозвішча айчыма, Зігмунда Сіднэй. Пад гэтым прозвішчам яна стала вядома ў ЗША. У 1935 г. дзед па бацькаўскай лініі Сільвіі, Мошэ Касоўскі, пераехаў з Лунны ў Гродна. Ён застаўся са сваёй дачкой Хэні Марын, якая жыла на вул. Лістоўскага (цяпер вул. Кірава) дом 43 да яго смерці 20 кастрычніка 1937 года. У Гродне ў яго былі таксама іншыя сваякі з сям'і Касоўскіх (пляменнікі, пляменніцы і іх сем'і) [Заўвага 2].

Мошэ Касоўскі
Мошэ Касоўскі

На працягу апошніх тыдняў я шмат думала пра Касоўскіх, родных маёй сям'і, якія жылі ў Гродне ў 1930-ыя гады, і хутчэй за ўсё, яны глядзелі фільмы, у якіх грала іх сваячніца, Сільвія Сіднэй. Кінатэатр «Апола» знаходзіўся тады на вул. Дамініканскай 26 (зараз вул. Савецкая): будынка кінатэатра больш не існуе. Кінатэатр «Пан» (раней «Палонія») знаходзіўся на вул. Паштовай 4, зараз вул. Сацыялістычная. У тым жа месцы сёння працуе кінатэатр «Чырвоная зорка». Кінатэатр «Хэліас» знаходзіўся на вул. Брыгідскай, зараз вул. Карла Маркса і, наколькі я ведаю, яго сёння не існуе.

Я ўжо вырашыла, што ў наступны раз, калі зноў прыеду ў Гродна (гэта будзе мой восьмы візіт у гэты горад), я куплю білет на фільм у «Чырвонай зорцы». Буду сядзець на праглядзе з заплюшчанымі вачыма. Буду думаць пра майго бацьку, які знаходзіўся ў Гродне да 1932 года і пра сям’ю Касоўскіх, якія жылі ў горадзе. Я ўпэўнена, што яны ўсе хадзілі ў «Палонію» каб паглядзець фільмы з Сільвіяй Сіднэй. Пастаянна ўспамінаю тое, што сказаў мне Мдшэ Альпештэйн (стрыечны брат майго бацькі, які жыў у Гродна да вайны): бабуля Сільвіі мела звычку казаць: «Цяжка паверыць, што Сільвія Сіднэй — мая ўнучка. Яна выглядае як маладая Шыкса». [Заўвага 3]

Заўвагі:

Заўвага 1: Штодзённік «Grodner Moment» пачаў выходзіць у 5 верасня 1924 г., рэдакторам быў Давід Бярозаўскі, выходзіў да пачатку Другой сусветнай вайны, акрамя перыяду паміж 1928 і 1931, калі яго месца замяніў «Unzer Grodner Express». Штодзённік «Grodner Lebn» («Жыццё Гродна») выходзіў з 1938 па жнівень 1939 г., рэдактарамі былі Якуб Грын, наступны Таўба Гарбер.

Заўвага 2: Сыны і дачкі Мошэ Касоўскаўга выехалі ў розны час у Паўночную Амерыку, акрамя дачкі Хэне, якая засталася ў Гродне.

Заўвага 3: Шыкса (на ідыш) значыць не-яўрэйская жанчына.