Арыгінальны фільм «Той, хто бяжыць па лязе» Рыдлі Скота ўваходзіць у пяцёрку маіх самых любімых фільмаў. Ад сіквела я не чакаў паўтору падобнага поспеху — я ўвогуле імкнуўся ад яго нічога не чакаць, таму ў меня атрымалася пазбегнуць расчаравання і атрымаць задавальненне ад прагляду. Піша аўтар блогу Fandom.by.
Пачну з таго, што «Той, хто бяжыць па лязе 2049» спрабуе развіць, а не пераказаць ідэі арыгінала — і гэта, мабыць, галоўнае, што можна паставіць у заслугу стваральнікам фільма. У той жа час крок наперад атрымаўся вельмі стрыманым і асцярожным, а самае смешнае, другасным у дачыненні да зусім яшчэ свежага «Праметэя» Рыдлі Скота. Пасля такога фанацкія тэорыі пра адзінства светаў «Чужога» і «Беглага» не выглядаюць вар’яцкай фантазіяй. Халера, яны нават саундтрэк з ерыхонскімі трубамі адтуль скапіравалі!
Калі пасля прагляду фільма патрэсці галавой і працерці вочы ад пылу, які Дэні Вільнёў па-майстэрску ўмее напускаць сваім візуалам, то можна заўважыць, што сцэнар даволі павярхоўны, дый увогуле слабы. Многія сюжэтныя лініі ўведзены толькі як кліфхэнгеры для сіквелаў і спін-офаў. З аднаго боку, дурным фільм не назавеш і асаблівага негатыву сюжэт не выклікае, але ўсё ж за столькі гадоў і за такія грошы можна было б прыдумаць нешта больш арыгінальнае. Інакш не варта і брацца за адраджэнне гэтак значнага твора.
Для мяне галоўная праблема ўспрымання новага «Беглага» ў тым, што я не зусім выразна бачыў фільм, але выдатна бачыў рашэнні, як рэжысёрскія, гэтак і прадзюсарскія. Ведаеце, як у якой казуальнай гульні: узяць на галоўную ролю Гослінга (+20% касы за кошт моладзі), увапхнуць сюжэтную лінію Харысана Форда (+25% касы за кошт олдфагаў), музыка Ханса Цымера (+20% да атмасферы) і так аж да ўзроўню асобных эпізодаў (напрыклад, з сабакам).
Да гонару Вільнёва, у яго атрымалася звесці ўсё гэта ў адзіную карціну, але зрабіў ён гэта ў сваім фірмавым стылі — прыгожая пустата. Калі арыгінальны фільм меў шмат красамоўных дэталяў і сімвалаў, то ў новым ты бачыш толькі тое, што табе паказваюць. Зазвычай, гэта адзінокі персанаж на прыгожым фоне. За гэтым нічога не стаіць, таму замест шэдэўра мы атрымалі моцны серадняк, якому можна накінуць 1 бал за эстэтыку кадра. Але ў Вільнёва так заўсёды.
Хронаметраж — гэта другі інструмент пасля эстэтыкі, якім аўтары ціснуць на гледача. Прыгожы фільм не можа не ўразіць, калі ты глядзіш яго амаль 3 гадзіны. Нават калі табе не спадабалася, няпроста будзе прагнаць думку, што ты дакрануўся да нечага вялікага ці хоць бы значнага. Я не хачу сказаць, што прагляд быў для мяне пакутай. Зусім не, сузіранне маляўнічых краявідаў антыўтопіі і неверагодна прыгожых дзяўчын пакінулі прыемнае ўражанне. Але ўсё ж хацелася б, каб фільм глядзеўся як фільм, а не жывыя шпалеры для рабочага стала.
Я ўсё ніяк не магу зразумець, ці то гэта Вільнёву катастрафічна не шанцуе са сцэнарыстамі, ці то справа ў самым рэжысёры, але на выйсці ў яго ўвесь час атрымліваецца адно і тое ж. Добрыя сцэны ў «Тым, хто бяжыць па лязе 2049» ёсць, але ўсе яны не новыя: нешта з’яўляецца адсылкай да арыгінала, а нешта ўзята з іншых фільмаў.
Зрэшты, калі справа датычыцца адраджэння класікі, то зрабіць някепска, гэта ўжо добра, таму я рэкамендую гэты фільм да прагляду. А вось пераглядаць яго я б не стаў. Калі мне раптам захочацца зірнуць на хмурнага Гослінга ў прыгожых дэкарацыях, то ўжо лепш асвяжыць у памяці «Драйв» ці «Толькі Бог прабачыць», бо ў гэтай справе Нікалас Віндынг Рэфн застаецца найдасканальнейшым.
Пры гэтым я б не стаў спісваць Вільнёва з рахункаў — мне б вельмі хацелася ўбачыць яго «Дзюну», балазе там наймагутнейшая сюжэтная першакрыніца і, калі гэты пацешны канадзец здолее з ёй управіцца, то можа атрымацца сапраўдны шэдэўр. Хочацца ў гэта верыць.