Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай рэакцыі, цікавы не толькі дзецям, але і бацькам, ці проста ўпрыгожыць яйкі золатам. Усё гэта новыя трэнды фарбаваць яйкі на Вялікдзень у 2025 годзе.
За апошні час з’явілася шмат цікавых спосабаў пафарбаваць яйкі да Вялікадня. Мы ўжо пісалі пра тое, працуюць ці не натуральныя фарбавальнікі, як зрабіць мігатлівыя яйкі дракона або касмічныя яйкі.
У гэтым годзе з’явіліся розныя варыяцыі старых спосабаў. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала некалькі новых трэндаў з Tik Tok.
Аліўкавыя яйкі

Як атрымаць такі колер?
У халодную ваду трэба апусціць сырыя белыя яйкі.
Дадаць 1 сталовую лыжку куркумы і 5 пакуначкаў гарбаты каркадэ.
Варыць 15 хвілін і потым пакінуць у рондалі на 30−60 хвілін.
Чым даўжэй яйкі ляжаць у адвары, тым цямнейшым і больш насычаным будзе колер.
Упрыгожыць яйкі паталлю
Паталь — гэта штучны замянальнік сусальнага золата, выкананы ў форме лістоў залацістай фальгі, ім часта карыстаюцца мастакі і купіць яго можна ў краме для мастакоў, спецыяльны клей для паталі прадаецца там жа.

Тонкім пластом пакрыць клеем для паталі вараныя яйкі. Пакінуць сохнуць на 15−20 хвілін, каб яйкі падсохлі і не былі ліпкімі.
Узяць паталь, пакласці на сухую паверхню, у цэнтр пакласці яйка і акуратнымі рухамі загарнуць яйка ў паталь. Будзьце асцярожныя, гэты матэрыял лёгка рвецца, таму трэба ўсё рабіць сухімі рукамі. Пэндзлікам дапамагайце сабе абгарнуць яйка, затым прыбярыце лішкі сухім пэндзлікам.

Можна выкарыстоўваць паталь часткова. Пафарбуйце яйкі зручным для вас спосабам. Калі яйкі высахнуць, акуніце пэндзлік у яечны бялок, нашмаруйце некаторыя месцы на яйку і нанясіце на іх кавалачкі паталі. Прыбярыце лішкі сухім пэндзлікам. Каб яйкі блішчалі, можна вышмараваць іх сланечнікавым алеем.
Мармуровыя яйкі з дапамогай соды
Змяшайце ў ёмістасці 1 сталовую лыжку харчовай соды, 1 лыжку вады і некалькі кропель харчовага фарбавальніка — гэта і будзе ваша фарба. Пафарбуйце ёю вараныя яйкі як мага больш тоўстым пластом.

Пакладзеце фарбаваныя яйкі ў невялікую ёмістасць і пагасіце іх кіслатой. У якасці кіслаты можна выкарыстоўваць воцат або цытрынавы сок. Не палохайцеся, калі кіслата ўступае ў рэакцыю з содай — яна пачне шыпець і гэта створыць маляўнічы і мармуровы эфект на яйках. Калі рэакцыя спыніцца, прамыйце яйкі вадой і прамакніце папяровым ручніком.
Афарбоўка рысам
Тут усё проста. У глыбокую міску з рысам выліце харчовую фарбу патрэбнага колеру, змясціце туды загадзя зваранае белае яйка, зачыніце вечкам або шчыльна абматайце харчовай плёнкай або пакетам міску. Перамешвайце да таго моманту, пакуль не ўбачыце патрэбны вам вынік.
