Кожны «дзіцёныш» мае права быць такім, як ёсць, і яго права — быць шчаслівым незалежыць ад асабістых якасцяў. Якімі рознымі могуць быць дзеці, пабачылі гледачы справаздачнага канцэрта «Рампа-па» і «Свабоднай студыі», які прайшоў 29 мая ў тэатры лялек. Гэтай імпрэзай закончыўся навучальны год юных танцораў і тэатралаў. Для ахвотных працягваць заняткі на канікулах падрыхтавана праграма летняй школы.
Тое, што кожнае дзіця мае права быць сабой, пытанняў не выклікае. Аднак дарослыя часта забываюца, што для дзіцяці «быць сабой» часта вельмі складаная задача. Адны саромеюцца і з іх слова не выцягнеш, каб даведацца, што яны сабе хочуць і думаюць. Іншыя — наадварот, выказваюць свае пачуцці так, што быць з імі бывае балюча і нават небяспечна.
Зразумела, што трэба вучыць дзяцей выражаць сябе, камунікаваць са светам і людзьмі вакол. Паводле Аляксандры Літвінёнак і Таццяны Еўтух, што працуюць з дзецьмі ў тэатральнай студыі «Рампа-па» найлепш гэта рабіць праз гульню. А тэатр — якраз тое, што можа аб’яднаць дзіцячыя гульні і акторскую ігру.
«Калі я была дзіцём, то вельмі саромелася. У школе нават баялася падымаць руку на ўроках. А выходзіць да дошкі адказваць перад усім класам было проста невыносна. Пры гэтым я вучыла ўрокі і добра ведала матэрыял, а складвалася ўражанне, што гэта не так», — расказвае Аляксандра Літвінёнак.
Таму на занятках студыі «Рампа-па» дзяцей вучылі як гэта — «быць сабой». Напрыклад, увесну праводзілі конкурс фотаздымкаў, дзе трэба было яскрава выказаць увесь даступны спектр сваіх эмоцый.
А вось канцэрт, што прайшоў у тэатры лялек, стаў для многіх першым выхадам на сцэну. «Мы працавала першы год і задачы рыхтаваць шмат паказаў не было. Дзеці вучыліся, спрабавалі сябе, напрацоўвалі досвед свабоды. Наступным годам ужо плануем больш выступаць на розных пляцоўках горада», — расказала Таццяна Еўтух.
Тое, што навучальны год скончыўся, для творчых людзей (і дзяцей у тым ліку) зусім не нагода развітвацца з сябрамі і цікавымі заняткамі. На час летніх канікул «Свабодная студыя» арганізуе «Школу мюзікла». Сюды запрашаюць усіх ахвотных і разам з навучаннем абяцаюць арганізаваць і выступы юных артыстаў.