Ці звярталі вы ўвагу ў час шпацыраў па Гродне на дэталі дэкору будынкаў? Сярод старых камяніц можна знайсці такія, на фасадах якіх схаваліся выявы жывёлаў, прылады працы або рэлігійныя сімвалі. А ў адным з месцаў Гродна можна знайсці нават подпіс караля! Гістарычны канал Hrodna 11:27 зрабіў падборку сімвалаў на гістарычных дамах Гродна. Некаторыя з іх добра вядомыя, а некаторыя яшчэ трэба пашукаць, каб пабачыць.
“Дом лесарубаў” на Васілька
На фасадзе будынка па вуліцы Васілька, 14 размяшчаюцца перакрыжаваныя сякера з малатком і піла. Некаторыя гараджане называюць гэты будынак “Домам лесарубаў”. Маўляў, тут жылі цэлыя пакаленні людзей гэтай прафесіі. Таму выявы інструментаў і засталіся – як напамін.


Але гэта міф, бо першапачаткова будынак быў аднапавярховым. А другі паверх, на ўзроўні якога і размяшчаюцца інструменты, узвялі ў пачатку 1960-х гадоў.
«У дзяцінстве часта хадзіў міма гэтага дома, бо побач жылі мае дзядуля і бабуля. Дом на Васілька, тады Чапаева, у сярэдзіне 1960-х гг. паставілі на капрамонт. Частку, дзе зараз вісяць прылады, тады дабудавалі і над акном прымацавалі інструменты дрывасекаў. Яны нічога не сімвалізуюць, ніякія лесарубы там не жылі, проста стылізацыя», — расказваў краязнаўца Віктар Саяпін.
Іншая верагодная прычына з’яўлення гэтых сімвалаў — даўняя традыцыя будаўнікоў. У нас яна амаль забылася, а ў суседняй Польшчы ды многіх іншых краінах існуе дагэтуль (напрыклад, у Польшчы яна называецца “wiecha”). У час будаўніцтва дома над дахам размяшчалі сімвалы будаўнічых прафесій — пілу, сякеру, малаток і іншыя інструменты, разам з упрыгожаным вянком. Часам пасля паспяховага заканчэння будаўніцтва іх маглі замацаваць на фасадзе. Магчыма, гэты дом у 60-х перабудоўвалі акурат будаўнікі, якія яшчэ памяталі гэты стары звычай.
Чытайце таксама: “Дом лесарубаў” у цэнтры Гродна. Хто i навошта павесіў рабочы інструмент пад дахам дома на Васiлька?
Будынак для “разумных”
Над вокнамі трэцяга паверха будынка па вуліцы Батанічай, 15 можна ўбачыць рэльефныя лацінскія літары TEPSIVA. Паводле краязнаўцы Наталлі Канюк – гэта скарачэнне лацінскага выразу “Табе, што праходзіш звонку, шлях да ісціны важнейшы”.


Гродзенскі гісторык Андрэй Павач (сумесны псеўданім гісторыкаў Андрэя Чарнякевіча і Андрэя Вашкевіча) у кнізе “Легенды не старой Гародні” даваў і іншыя магчымыя тлумачэнні. Першае – надпіс з’явіўся пасля рамонту дома. Тады будаўнікі дзеля жарту змясцілі кожны па літары свайго імя. Другое – у перакладзе з фінскай мовы TEPSIVA азначае – “для разумных”.
Дом з сімвалам грузінскай знаці
Дом урача Алшыбаева на вуліцы Студэнцкай, 6 мае народную назву – “Дом з ільвамі”. На фасадзе будынка, над вокнамі, размешчаны маскароны ў выглядзе морд ільвоў.


Паводле кнігі “Гродна. Біяграфія вуліц”, гэты будынак у 1906 годзе пабудаваў афіцэр расійскай арміі Георгій Чэлакаеў. А Чэлакаеў – гэта зрусіфікаваны варыянт грузінскага прозвішча Чалакашвілі. Князі Чалакашвілі належалі да старажытнага грузінскага роду. Львы – любімыя сімвалы грузінскай знаці. Нават шчыт з выявай Святога Георгія на сучасным дзяржаўным гербе Грузіі трымаюць менавіта гэтыя жывёлы.
З канца 2025 года будынак перарабляюць пад гатэль з назвай Mascaron Heritage. Назва адсылае да таго самага дэкаратыўнага рэльефу на фасадзе будынка.
Дарэчы, гэта не адзіны ў Гродне дом з ільвамі на фасадзе. Падобныя маскароны ёсць на будынку пошты на Ажэшкі №9. Прыгледзьцеся ў час шпацыру да карнізу над вокнамі другога паверху!

Але спачатку гэтых ільвоў там не было. Морды жывёл дадалі ў пасляваенныя гады. Будынак выглядаў быў моцна разбураны і разглядалі пытанне яго зносу. Але дом захаваўся дзякуючы Мікалаю Аляксандравічу Максімцу – ураджэнцу Беластока, былому вязню сталінскіх лагераў, які праектаваў будынкі ў Гродне (праўда, жыў сам у Лідзе). Ён пастанавіў не руйнаваць дом, а аднавіць, ды яшчэ і ўпрыгожыць – дадаць медальёны з ільвамі. Магчыма, гэта нейкая асацыяцыя з ленінградскай архітэктурай, якую архітэктар Максімец вельмі любіў.
Галоўны сімвал Гродна ёсць толькі на адным будынку
Будынак на Замкавай, 16 – былы палац Храптовічаў – адзіны ў горадзе, на фасадзе якога ёсць выява герба Гродна.
Сам будынак здаўна ўпрыгожаны барэльефамі вайсковай сімволікі. Сярод ляпніны ёсць лаўровыя вянкі – сімвал славы, перамогі і міру. Можна разгледзець элементы зброі і амуніцыі, напрыклад, элементы падобныя да калчаноў са стрэламі і шлема з грэбенем.


Над уязной аркай размешчаны картуш з выявай герба Гродна. Але яго размясцілі на будынку даволі позна – у 1990-х гадах. Сёння ў былым палацы Храптовічаў размяшчаецца Музей гісторыі рэлігіі.
Манаграма караля Панятоўскага была не толькі на рэзідэнцыі Станіславова
На вуліцы Церашковай, 21 размяшчаецца будынак былой рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Цэнтральны фасад пабудовы вылучаны паўкруглым эркерам, на атыку якога захавалася манаграма караля – SAR. Гэтае скарачэнне расшыфроўваецца як Stanislaus Augustus Rex (Станіслаў Аўгуст Кароль).


Цікава, што на паркавым фасадзе рэзідэнцыі караля ў Аўгустова (сучасная вуліца Рэпіна) размяшчалася такая ж манаграма. Але да нашых часоў будынак не захаваўся.
Завод упрыгожвалі ўласнай кафляй
Адзін з будынкаў былой кафлярні князёў Друцкіх-Любецкіх на вуліцы Чырвонаармейскай упрыгожаны кафляй уласнай вытворчасці. Яе можна ўбачыць на франтоне будынка. На ёй выява трох дзяцей, якія грэюцца каля вогнішча.

Цікава, што першапачаткова гэтая кафля размяшчалася пад акном. Але падчас рэканструкцыі будынка яе размясцілі вышэй.
Чытайце таксама: 5 фактаў пра Станіславоўскую кафлярну Друцкіх-Любецкіх
Ад акруговага суда да абласной пракуратуры
У будынку на вуліцы Савецкая, 31 у пачатку ХХ стагоддзя размяшчаўся Гродзенскі акруговы суд. Таму на фасадзе сярод прафіляваных філёнгаў з гірляндамі, лучковых сандрыкаў і арнаменту ў выглядзе меандр і дубовых галінак можна адшукаць слова “Законъ”.

У міжваенны перыяд у гэтым будынку размяшчаліся аптэчны склад, крама галантарэі і бялізны, тытунёвая крама, а таксама крама Wina, wódka, likery i koniaki. У савецкі перыяд тут, акрамя крамы і абласнога камітэта Таварыства Чырвонага Крыжа, размяшчалася абласная пракуратура.
Паганскія матывы ў цэнтры Гродна
На франтоне драўлянага будынка па адрасе вуліцы Дзяржынскага, 10 размяшчаецца сімвал сонца. Паводле Наталлі Канюк, гэта выразная апеляцыя да паганства. Гэты ж сімвал размешчаны на тарцы будынка з паўднёвага боку.

Дом збудаваў Леапольд Вагнер, які ў міжваенны час быў вядомым у Гродне сталяром. Ягоны сын быў таленавітым чырвонадрэўшчыкам, а ўнук Мікалай — вядомым у горадзе акцёрам драматычнага тэатра.
Крыжы абаранялі ад пажараў
На жылых будынках, якія будавалі католікі, часта можна ўбачыць сімволіку крыжа. На тарцовых сценах такіх пабудоў можна адшукаць вентыляцыйныя адтуліны ў выглядзе крыжа. Прыклад такога сімвала можна ўбачыць на вуліцы Віленскай, 14.


Падобныя крыжы, але рамбічныя, размяшчалі на будынках лютэран. Такі можна знайсці на франтоне і тарцы дама на Антонава, 13.

Дзе яшчэ можна знайсці сімвалы на будынках
На франтоне будынка пажарнага дэпо па вуліцы Замкавай, 19 размяшчаецца барэльеф каскі і двух тапароў.


На адной з вежаў будынка харальнай сінагогі выкананы барэльеф у выглядзе важнага сімвала іўдаізму – граната.

Дом на вуліцы Паўлоўскага, 9б упрыгожаны яўрэйскімі шасціканцовымі зоркамі Давіда. У іўдзеяў гэта лічыцца сімвалам бясконцасці, зліяння мужчынскага і жаночага пачаткаў.

Чытайце таксама: Таямніцы без замкоў. 7 гісторый, схаваных за дзвярыма гістарычных будынкаў Гродна
На некаторых будынках у цэнтры Гродна можна адшукаць таямнічыя надпісы GEORE. Такія нанесены на дамы па вуліцы Студэнцкай, №3 і №3а, а таксама на пабудове па вуліцы Леніна, 23а.


Што яны азначаюць краязнаўцы, дасюль дакладна не ведаюць. Але гісторык Аляксандр Смалянчук выказваў здагадку, што надпісы азначалі, што будынак давялі да ладу для пражывання немцаў. GE– GEbaude – будынак, OR-ORdnung – парадак.
Чытайце таксама: Рэха вайны: У цэнтры Гродна знайшлі яшчэ адзін таямнічы надпіс «GEORE»



