Існуе устойлівы міф, што Гродня — гэта трамплін для ад’езду актыўных людзей у Мінск ці Варшаву. Сям’я Парулісаў і Анікевічаў абвяргае стэрэатып: у Гродне можна жыць, захоўваць родную гісторыю і зарабляць грошы, піша budzma.by.
Патрыярх сям'і Януш Паруліс больш вядомы гродзенцам і турыстам як уладальнік прыватнага музея на Лермантава. Нефармальная моладзь выдатна знаёмая з барам «Корица» (ранейшы «Куфэрак») на Віленскай. Побач, варта толькі падняцца па лесвіцы, — кавярня «Цікава».
Усё гэта — плён працы адной сям'і, якая цягам апошніх 70 гадоў некалькі разоў рабіла рашучы выбар: застацца, жыць і працаваць — тут.
«Гэтую калекцыю я збіраў, напэўна, з шасці гадоў, — распавядае Януш Паруліс. — Дзед збіраў, а пасля мяне прывучыў цягнуць што дзе валяецца. І сабралася… Але гэта не толькі я нацягаў. Дамы нашых сваякоў знеслі, суседскія таксама, шмат хто ў Польшчу з’ехаў — вось і пазаставалася. Таму гэта таксама сямейны архіў і рэлікварый».
Прабіраемся вузкімі калідорамі старой камяніцы прыватнага музея, які больш нагадвае лабірынт. Варта быць уважлівым і асцярожным, каб чагосьці не разбіць, бо сцен проста не відаць з-пад панцыру габеленаў, карцін, кніг, барэльефаў, гораў старога шкла, музычных інструментаў і фотаздымкаў… Нібыта ў ракавіне слімака, тут спіраллю скруцілася і захавалася ўся гісторыя горада, яго людзей, будынкаў, прывідаў і легендаў.«Маё прозвішча… — пан Януш хавае ўсмешку ў бараду. — Я думаў, што я ліцвін, а пасля выявілася, што прозвішча Паруліс — грэцкае. Каля Гожы быў старажытны кірмаш і волак на шляху „з варагаў у грэкі“, там сустракаўся Захад і Усход… Магчыма, адтуль. А яшчэ я адразу пасля школы здаў дакументы ў мараходную школу, люблю чырвонае віно і спецыі — грэцкія гены! (смяецца). Зрэшты, выхаваны я ў польскай культуры».
У музей часцяком завітваюць турысты: тут пабывала «ўся Расія» (Варкута, Тагіл, Мурманск, Хабараўск…), Ізраіль, Нарвегія, Люксембург, Канада, Германія і іншыя. Пры гэтым, супраца з турыстычнымі агенцыямі не асабліва ладзіцца: за апошні месяц завітала ўсяго 17 чалавек. У выніку ўсе выдаткі пакрываюцца з пенсіі Паруліса-старэйшага.«Пасля вайны мой бацька хацеў з’ехаць у Польшчу, але дзед стукнуў кулаком па стале: „Дачку не аддам, сам едзь! Мы застаёмся тут!“ — успамінае пан Януш. — Калі зараз унукі схочуць з’ехаць — напэўна таксама стукну па стале» (смяецца).
Паводле пана Януша, важна, каб у горадзе заставаліся карэнныя гродзенцы, для якіх гісторыя і дух Гродна — свае, родныя. Сам ён мог жыць у Швейцарыі, было запрашэнне ад цёткі, але пакуль ехаў — спыніўся ў Германіі, каб… два месяцы разбіраць Берлінскі мур (ішоў 1989 ці 1990 год), а пасля вярнуўся ў Гродна.
«Мы з дзядкам любілі гуляць, калі я малы быў, — распавядае Тамаш Анікеіч, унук пана Януша. — Калі яшчэ працаваў піўзавод, бралі там піва праз акенца. Дзядэк браў адразу два куфлі: пакуль налівалі другі, першы быў ужо пусты. А мне даставалася пенка. Пасля заходзілі ў бар „Віленскі“ і ў „Куфэрак“ (пазней „Корица“). Я там увесь час бачыў нефармалаў, мноства прыгожых дзяўчат, крутыя матацыклы і музыкаў на вуліцы — гэта ўражвала. Так гэтае месца стала месцам мары».
Сёння Тамашу 27 гадоў, ён уладальнік бара «Корица». Перад гэтым былі спробы вучыцца ў Польшчы, праца на запраўцы і аўтамыйні, мэблевай фабрыцы і фуры дальнабойшчыка. Усё гэта было да пачатку 2017 года, пакуль жонка Кася не выраніла фразу: «Ведаеш, „Корица“ прадаецца».«Я ледзьве з крэсла не ўпаў! Гэта ж бар маёй мары! — працягвае Тамаш. — Некалі ў нас было такое нефармальнае месца — „ДК Грэка“ — якое пасля знеслі, дык мы там з сябрамі марылі, маўляў, добра было б мець свой бар, з чырвонай канапай… Такія магчымасці нельга губляць. У лютым 2017-га мы з маці сустрэліся з уладальнікамі і аформілі паперы».
Паводле Тамаша, папярэднія ўладальнікі моцна запусцілі бар, які на той момант страціў сваю атмасферу і стаў звычайным месцам «выпіць-закусіць». Праз паўтара года старая нефармальная «тусоўка», якая дзвіжавала ў «ДК Грэка», перацякла сюды — у самае сэрца старога горада, на Віленскую, 6.
«Большасць сяброў паставілася з разуменнем, — тлумачыць Тамаш, — яны ўжо разумелі: гэта мая праца, я не магу ўсім „ставіць“. У выніку я бачу іх амаль штодня — тут усе свае. А справе бармена я дагэтуль працягваю вучыцца, эксперыментаваць. Нешта падглядаў, нешта мне падказвалі. Наогул, стаць за бар, уключыць любімую музыку — гэта столькі эмоцыяў і адрэналіну! Дарэчы, дзядэк на піва сюды таксама часам заходзіць…»
Нягледзячы на складанасці ў заканадаўстве, Тамаш перакананы, што працаваць на сябе заўжды карысней і правільней, чым на кагосьці. Чаму? Бо кожны, хто сапраўды працуе на ўласную справу, галодным не застанецца. Галадаеш тады, калі не працуеш, усё проста. Гэта прыватны выбар чалавека і максімум асабістай адказнасці.
«Якое ў нас начное жыццё? Ды ніякага! Пусты горад! — разважае Тамаш. — Пасля 11−12 нічога ж няма, „дзвіжу“ няма, а яшчэ няма культуры піцця. Шмат хто заходзіць і пытае танную гарэлку. Кажам — няма. Круцяць носам і выходзяць… То бок у чалавека задача — „накідацца“ за 10 рублёў, не зважаючы на якасць алкаголю, музыку, атмасферу, і далей пайсці па сваіх п’яных справах. Усё!»
Сёння на сценах бара — сапраўдная партрэтная галерэя: ад Озі Озбарна да Алеся Дзянісава. Там-сям замалёўкі з коміксаў у стылі Таранціна і Гая Рычы, прыглушанае святло, фактура з чырвонай цэглы, і ўсё гэта ў сутарэннях канца ХІХ стагоддзя.
«Раней я ніколі не піў кавы, цяпер „падсеў“, — працягвае дырэктар „Корицы“. — У далейшых планах яшчэ адно месца, таксама ў цэнтры, але ўжо нешта накшталт кавярні. Вялікая барная стойка, большая, чым тут, каб мне хапала месца падсесці і пагутарыць з кожным наведнікам. Я люблю людзей, камунікацыю, старых і новых сяброў. А ў куце — абавязкова мяккая чырвоная канапа!»
«У нашай кавярні людзі зрэдку сядзяць з тэлефонамі, таму што чытаюць папяровыя кніжкі, — распавядае Юстына. — Гэта фактычна жывы буккросінг: нехта прачытаў, прынёс, паклаў, іншы ўзяў. Часам просяць набыць, а я кажу: «Вазьміце пачытаць, а пасля прыносьце, а можа, кавы хочаце?» Застаюцца, чытаюць, слухаюць добрую музыку».
Кавярня «Цікава» знаходзіцца літаральна над «Корицей». Бар унізе, у сутарэннях, кавярня — зверху, як «верхні» і «ніжні» сусветы ў грэцкіх міфах. Нагару наведнікі падымаюцца, каб выпіць кавы пасля моцнага алкаголю, а з кавярні спускаюцца ўніз, каб расслабіцца за півам ці парай шотаў.Юстыне Анікеіч 23 гады, яна паспела адвучыцца ў Польшчы, пасля працавала ў «Корице» за барам, а ўрэшце сям’я выкупіла «Цікаву», і дзяўчына пачала гаспадарыць тут. У сучасныя інтэр'еры ўдала ўпісаліся… экспанаты з музея «дзядка» — Януша Паруліса. Старыя гадзіннікі, фотаапараты, шурпатыя рамкі ад карцінаў, кавамолка, скрыначкі ад тытуню і цыгараў даваеннага часу — артэфакты атрымалі другое жыццё ў цалкам сучаснай моладзевай кавярні.
«Тут, на жаль, пакуль няшмат турыстаў, а вось у «Корице» — так, — працягвае Юстына. — Калі сюды прыязджае ўмоўны паляк, які хоча ўвечары паесці, выпіць, паслухаць рок, шлях яму акурат да Тамаша. Да нас — на каву. Мы з братам добра размаўляем па-польску, таму госці з Польшчы зазвычай проста зачараваныя: «Прыехалі як да сябе!»
У «Цікаве», нягледзячы на зусім невялічкае памяшканне, праходзяць акустычныя гітарныя канцэрты. А яшчэ гэта ці не адзіная кавярня ў старым горадзе, у якой кампанія можа пагуляць у нарды: за дошкай збіраюцца як кампаніі з усходу (студэнты, турысты), так і мясцовыя беларусы. Зусім нядаўна Юстына пачала не толькі паіць гасцей кавай, але і частаваць сэндвічамі: рух працягваецца, усё развіваецца.
«На жаль, пакуль мы не можам выносіць сталы на двор ні з „Цікавы“, ні з „Корицы“, — паціскае плячыма Патрыцыя Янушаўна. — Будынак з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, ёсць шэраг абмежаванняў. Нельга-нельга-нельга… Гэта пакуль не еўрапейскае заканадаўства. Але працаваць трэба з тым, што ёсць».
Пані Патрыцыя — маці Тамаша і Юстыны, дачка Януша Паруліса. Яна дапамагае дзецям з бухгалтэрыяй, бо даўно ўжо аказвае бухгалтарскія паслугі. Адначасова падказвае, падтрымлівае, не забываючы пры гэтым, што дзеці выраслі і гэта ўжо іхны бізнес. Паводле пані Патрыцыі, калі сямейны бізнес пачынаецца ў сталым узросце — паміж дарослымі бацькамі і дарослымі дзецьмі, — ён мае прайсці свае этапы:
«Вельмі важны этап — гэта навучыцца бачыць адно аднаго па-за сям’ёй, вызначыць, які ты як партнёр і работнік, а не сваяк. Тамаш у нечым разбіраецца лепш, чым я. Калі я разумею гэта, то саступаю, узроставая іерархія адыходзіць убок. Сямейны бізнес — гэта добра. І гэта сям’ю ўмацоўвае, інакш мы б разышліся і жылі кожны сам сабе, бачыліся б адно на Раство… А так усе тут, бачымся і працуем разам штодня».
У Заходняй Еўропе лічыцца нормай, калі фірма існуе, скажам, з 1586 года, на кепскі канец — з 1877-га. Гэта гісторыя сямейных бізнесаў, якія ў нашым рэгіёне былі перарваныя шматлікімі зменамі ўлады і дабітыя ўладай савецкай. Хочацца верыць, што важнымі цаглінкамі квітнеючай і заможнай Беларусі стануць акурат такія кланы актыўных і працавітых людзей, якія штодня працуюць на тое, каб ім, іхным дзецям і ўсім навокал жыць ТУТ было добра, камфортна і выгадна.
Тады і з’язджаць за мяжу не будзе ніякага рэзону.
На имидж современной компании влияет очень много факторов. Это касается и дизайна. Если вам нужны эксперты офисного озеленения, вам следует обратиться в компанию Бутик «Etoile Flora. Décor Boutique». Качественно выполненный фитодизайн — это прекрасная возможность подчеркнуть стиль и индивидуальность вашей компании.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…